Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хамства надакучыла больш, чым эканамічныя праблемы» — мастачка Ніка Сандрас пра людзей і палітыку


Мастачка Ніка Сандрас

«Такое ўражаньне, што ты жывеш у краіне, дзе ўсе вакол ідыёты, нічога не разумеем, што мы дагэтуль у лапцях ходзім і таму павінны слухаць, як намі панукваюць. Людзей гэта вельмі раздражняе, нэрвуе і абурае», — мастачка і блогерка Ніка Сандрас разважае пра апошнія падзеі ў Беларусі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Я з тых людзей, якія вераць, што палітыка ўваходзіць у кожны дом штодзень, — кажа Ніка Сандрас. — У грамадзтве цяпер абсалютна нэрвовы стан, бо ўсе абмяркоўваюць — ад маіх калег-мастакоў да прадавачак у краме — што адбываецца, як усё жудасна страшна, чаго чакаць. Усе знаходзяцца ў нейкім стрэсе, нават тыя людзі, якія ніколі не цікавіліся палітыкай».

«Нейкія самазванцы дазваляюць сабе гаспадарыць у горадзе, вядуць сябе па-хамску, свавольнічаюць»

Што да жорсткіх дзеяньняў сілавікоў, затрыманьні сотняў удзельнікаў мірных акцыі салідарнасьці, «хапуну», то яе гэта не зьдзіўляе.

«Я ня ведаю, як жыць у краіне, дзе ня езьдзяць аўтазакі, няма „хапуну“, дзе не арыштоўваюць, дзе людзі не баяцца выказаць сваю пазыцыю, нязгоду дзесьці на плошчы і могуць спакойна разысьціся па дамах. У мяне няма такога досьведу, а хацелася б яго мець. Жывучы ўвесь час у Беларусі, я паводзіны сілавікоў (назавем іх так) разумею. Яны хочуць, каб было спакойна, ніякай нязгоды, пратэстаў, забурэньняў, і ўсё для гэтага робяць.

Тое, што АМАП ці міліцыя жорстка разганяе нязгодных, арыштоўвае людзей — гэта мы ведаем, нават зьмірыліся з гэтым. Аўтазакі, безьліч міліцыі, АМАП — да гэтага мы прызвычаіліся.

А злуе тое, што на вуліцах бясчынствуюць людзі ў цывільным без апазнавальных знакаў. Хто яны? Чаму не прадстаўляюцца? Нейкія самазванцы дазваляюць сабе гаспадарыць у горадзе, вядуць сябе па-хамску, свавольнічаюць — гэта ўжо па-за межамі», — абураецца мастачка.

«Сілавікі працуюць так няўклюдна, што гэта выглядае сьмешна і бязглузда»

Ніка Сандрас
Ніка Сандрас

Выказалася мастачка і пра сытуацыю вакол закрыцьця сувэнірнай крамы Symbal.by, калі беларусы некалькі дзён стаялі ў чарзе, дзе каля дзесяці чалавек затрымаў АМАП.

«Я як чалавек, які вялікую частку жыцьця прапрацаваў у рэкляме і PR, паставіла б двойку гэтым усім ініцыятарам спэцапэрацый супраць Symbal.by. Сувэніры, майкі, чэргі — каб яны гэтага не заўважылі ці хаця б зрабілі выгляд, што не заўважылі, яны б выглядалі больш разумнымі і прыстойнымі. А яны робяць такое глупства і ствараюць нэгатыўныя падставы для навінаў.

Калі арыштоўвалі Ціханоўскага, усе пра яго даведаліся. Нават я, чалавек, які праводзіць дастаткова шмат часу ў інтэрнэце і ўсім цікавіцца, раней паняцьця ня мела, хто гэта. Так і з крамай Symbal.by — ну ёсьць такая крама! Але пачалі на іх наяжджаць — і стварылі інфармацыйную нагоду. Так і хочацца нашым сілавым структурам параіць павучыцца. Сілавікі працуюць так няўклюдна, што гэта выглядае сьмешна і бязглузда».

«Мы ж разумеем, што афіцыйна могуць любыя лічбы намаляваць — хто гэта праверыць?»

На думку мастачкі Нікі Сандрас, выбары будуць усё адно фальсыфікаваныя.

«Дык дапусьціце да выбараў усіх кандыдатаў, а далей пішыце ўжо лічбы са столі, як звычайна. Навошта на пустым месцы нагнятаць абстаноўку? Мы ж разумеем, што афіцыйна могуць любыя лічбы намаляваць — хто гэта праверыць?

Калі з ініцыятывы „Честные люди“ амаль 2 300 чалавек падалі заявы ў выканкамы, каб удзельнічаць у працы выбарчых камісій, а зарэгістравалі толькі 8 — гэта сьведчыць пра тое, што лічыць галасы ўсё адно будуць „свае“ правераныя людзі зь вялікім досьведам фальсыфікацый. Ды пусьціце ўсіх, дазвольце купляць любыя майкі, не стварайце нэгатыўных нагод для навінаў. Бо ўсё адно вы напішаце, што захочаце», — разважае мастачка.

«Такое ўражаньне, што ты жывеш у краіне, дзе ўсе вакол ідыёты, таму намі можна панукваць»

На думку Нікі Сандрас, ва ўсім сьвеце людзі эвалюцыянуюць, грамадзтва вучыцца, расьце, разьвіваецца. Беларусы таксама шмат езьдзяць па сьвеце, вандруюць, становяцца больш сучаснымі. Жыцьцё рушыць наперад.

«А нам з году ў год гавораць адно і тое ж. Мне прыходзіць у галаву адна яскравая карцінка. Уявіце супэрсучасны вакзал, паўсюль электроніка, кампутары, робаты, вытанчаны дызайн. І тут у гэта навамодны, наварочаны вакзал уваходзіць хлопчык з даваенным драўляным чамаданам. Усе на яго глядзяць: «Хлопчык, ты адкуль?» Мне здаецца, на нашу краіну таксама так глядзяць: «Вы адкуль? Што ў вас адбываецца? Чаму ў вас усё такое састарэлае?»

Мы стаім на месцы, не разьвіваемся. Пра непрыхаванае хамства з вуснаў першых асобаў я ўжо маўчу, гэта проста брыдка чуць і тым больш абмяркоўваць. Вельмі сумна чуць гэта «тыканьне», бясконцыя абразы, прыніжэньне іншых...

Такое ўражаньне, што ты жывеш у краіне, дзе ўсе вакол ідыёты, ніхто нічога не разумее, што мы дагэтуль у лапцях ходзім і таму павінны слухаць, як намі панукваюць. Па маіх адчуваньнях, што я бачу, чытаю — людзей гэта вельмі раздражняе, нэрвуе і абурае. Гэта надакучыла больш, чым нейкія эканамічныя праблемы. Людзям хочацца іншага ўзроўню камунікацыі, цывілізаванасьці; хочацца павагі, хочацца, як у клясыка, «людзьмі звацца».

«Ня трэба сумаваць і быць апатычнымі. Пачаўся варушняк. Усё вельмі цікава»

Цяперашнюю перадвыбарчую сытуацыю ў краіне Ніка Сандрас параўноўвае з гушканьнем на арэлях.

«З аднаго боку, калі я гляджу на сваё атачэньне — шматлікіх сяброў у „Фэйсбуку“, усіх людзей, якія трапляюць на маім шляху, ад прадаўцоў, вахтароў да вучняў маёй мастацкай школы, — усе хочуць перамен, новага этапу. Я ня бачыла людзей, якія хочуць перавароту, майданаў, рэвалюцый. Яны хочуць перайсьці ў іншую цывілізацыю мірна. З аднаго боку, думаеш: людзі хочуць перамен!

Да прыкладу, я ведала, як жывуць рэгіёны, вёскі. І мне было вельмі дзіўна і радасна пабачыць, як выходзілі людзі ў ланцугі салідарнасьці ў маленькіх гарадах. Ад гэтага зьяўляецца надзея.

А потым пачытаеш навіны і камэнты — і здаецца, што ўсё застанецца як ёсьць. А на наступны дзень зноў натхняесься. І людзі цяпер як на арэлях: то ў бок надзеі, то ў бок апатыі; то ў бок страху і адчаю, то ў бок весялосьці — усе рагочуць ад чарговага глупства ўладаў. А потым палохаюцца. І кожны дзень ты так гайдаесься, ня ведаючы, што адбудзецца заўтра.

Але ня трэба нудзіцца і быць апатычнымі, таму што пачаўся варушняк, усе ажывіліся. І ўсё вельмі цікава. Калі штосьці адбываецца — гэта ўжо добра».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG