Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цапкала параўнаў уплыў Расеі і ЗША на законнасьць выбараў у Беларусі 


Прэтэндэнт у прэзыдэнты Беларусі Валер Цапкала

Адзін з патэнцыйных супернікаў Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах Валер Цапкала заявіў, што Расея можа адыграць больш важную ролю ў забесьпячэньні законнасьці выбараў у Беларусі, чым ЗША ці Эўразьвяз.

Пра гэта ён паведаміў у эфіры праграмы ЧЭЗ Next на расейскім тэлеканале РБК.

Валер Цапкала адзначыў, што невялікія дзяржавы, як Беларусь, вельмі залежаць ад уплыву суседзяў, а інвэстыцыйны клімат наўпрост залежыць ад рэпутацыі найвышэйшага кіраўніцтва.

«Справа нават не ў Эўропе і Амэрыцы, — растлумачыў Цапкала. — Мы спадзяёмся, што будзе і пазыцыя расейскага кіраўніцтва, якое выступіць за закон, за тое, каб гэтыя законы выконваліся ў „саюзнай дзяржаве“. Мне здаецца, ад пазыцыі Расеі будзе вельмі шмат што залежаць, я думаю, у меншай ступені гэта будзе залежаць ад пазыцыі Злучаных Штатаў ці Эўропы.

Вядома, пры любой гульні трэба рабіць больш-менш нармальную міну, каб сьвет цябе ўспрымаў. Трэба паказваць бачнасьць хаця б законных дзеяньняў для сваіх грамадзян».

29 чэрвеня стала вядома, што ў дачыненьні да Валера Цапкалы пачалася праверка Міністэрства ўнутраных спраў. Яна праводзіцца на падставе заявы турэцкана грамадзяніна, які абвінавачвае патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ў супрацьпраўнай дзейнасьці.

Двух іншых апанэнтаў Лукашэнкі, зьняволеных Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку, прызналі палітычнымі вязьнямі або вязьнямі сумленьня беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG