Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калінкіна: Для Лукашэнкі ўлада — галоўная каштоўнасьць, галоўная мэта, галоўнае каханьне


Аляксандар Лукашэнка перад паседжаньнем у Маскве

Публіцыстка Сьвятлана Калінкіна разважае пра галоўную каштоўнасьць і галоўны страх Лукашэнкі, заяўляе, што ў кіраўніка дзяржавы няма ніводнага пераканаўчага аргумэнту, чаму ён павінен застацца ва ўладзе, і сьцьвярджае, што Лукашэнка цяпер можа мяняцца толькі ў горшы бок.

Сьцісла:

  • Страхі Лукашэнкі наконт адстаўкі даўно зьяўляюцца тым, з дапамогай чаго ім маніпулююць.
  • Генэралы яго палохаюць: «Вас заб’юць, павесяць дагары нагамі, будуць судзіць» — і можа, ён у гэта нават верыць.
  • Лукашэнка па-ранейшаму ходзіць па фэрмах і глядзіць на кароваў, а сьвет распрацоўвае штучны інтэлект.
  • За гэтыя гады ён столькі надаваў абяцаньняў, што валасоў у яго на галаве, напэўна, менш
  • Выбары стануць дэтанатарам, зь якога пачнецца хваля незадаволенасьці і патрабаваньня зьменаў

— Нядаўна вы напісалі даволі папулярны артыкул «Жаночы адказ», у якім разважалі пра тое, што Лукашэнку варта адысьці ад улады, падумаць пра дзяцей, ціхую будучыню. Гэта вельмі таленавітая і яркая публіцыстыка. Аднак, калі разважаць сур’ёзна — вы, даволі доўга і добра ведаючы кіраўніка дзяржавы, хіба не пераканаліся, што гэты чалавек ніколі добраахвотна не пакіне ўладу?

— Выглядае менавіта так. Для Лукашэнкі ўлада — галоўная каштоўнасьць, галоўная мэта, галоўнае каханьне. Для яго няма нічога важнейшага за ўладу.

Думаю, што зь любога пункту гледжаньня для Лукашэнкі надышоў час сыходзіць. Для краіны і для самога Лукашэнкі, для ягонай сям’і, абсалютна для ўсіх — гэта самае лепшае выйсьце.

Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна

Але гэты чалавек такога зрабіць ня можа. Тое, што ён апошнім часам гаворыць, сьведчыць пра нейкую тытанічную працу ў ягонай галаве наконт таго, як усім патлумачыць, чаму ён ня можа сысьці. Аргумэнтаў, нават для самога сябе, ён не знаходзіць, бо іх няма. Сама ўлада застаецца для яго ідэяй-фікс.

— Аргумэнты ў яго ўсё ж ёсьць, публічныя і непублічныя. Публічна гучыць тое, што «калі я сыду, то краіна разваліцца, яе расьцягнуць па частках». Ці можа народ прыняць гэты аргумэнт?

— Я думаю, нават сам Лукашэнка ня верыць у гэтае тлумачэньне. Гэта проста ягоная спроба апраўдаць жорсткасьць, якую, відавочна, не зразумела і не прыняло грамадзтва, нават тыя, хто калісьці быў за Лукашэнку. Патлумачыць, чаму беларус ня можа выйсьці на вуліцу і проста пастаяць, — гэта немагчыма.

Развал Беларусі, якім палохае Лукашэнка — мне падаецца, ён сам у гэта ня верыць. Няма ў яго аргумэнтаў, каб нам усім даказаць, чаму ён мусіць заставацца прэзыдэнтам. Ідуць адны фантазіі.

— Ёсьць другі, непублічны аргумэнт, які, напэўна, сядзіць у ягонай галаве. У сваім артыкуле вы пішаце, што калі Лукашэнка адыдзе ад улады, беларусы даруюць яму тыя грахі, якія за ім былі, і дазволяць спакойна жыць на пэнсіі. Але ж ня ўсе так думаюць, многія лічаць, што Лукашэнка павінен панесьці адказнасьць за некаторыя свае дзеяньні. І ён падазрае, што ягоны лёс у выпадку добраахвотнага сыходу можа быць не зусім спакойны.

— Тут я магу сказаць, што страхі Лукашэнкі наконт гэтага даўно зьяўляюцца тым, з дапамогай чаго ім маніпулююць. Я перакананая, што любая ўлада, якая прыйдзе (нават самая нацыяналістычная), зробіць усё магчымае, каб Лукашэнка ціха на сваёй пэнсіі дажыў і каб нічога радыкальнага зь ім не адбывалася.

І я патлумачу чаму. Бо большасьць беларусаў прытрымліваецца думкі, што як першы прэзыдэнт ён мае права спакойна дажыць сваё жыцьцё, нават нягледзячы на тое, што ён нарабіў. (Я выношу за дужкі справы выкрадзеных і забітых палітыкаў, тут асаблівы выпадак, у якім, аднак, Лукашэнка можа даказаць, што ён сам не аддаваў ніякіх канкрэтных загадаў).

Я думаю, калі ён сыдзе сам, то нічога зь ім ня здарыцца. Як, дарэчы, сам Лукашэнка нічога ня здолеў зрабіць ні з Шушкевічам, ні з Кебічам — хоць такія спробы былі. Бо гэта той варыянт, калі новаму кіраўніцтву дзяржавы прасьцей закрыць вочы на былога, чым улазіць у нейкі непрадказальны канфлікт.

Я лічу, што генэралы яго гэтым палохаюць — «вас заб’юць, павесяць дагары нагамі, будуць судзіць» — і, можа, ён у гэта нават верыць. Але гэта ірацыянальныя страхі.

— Разам з Паўлам Шараметам вы ў свой час напісалі кнігу «Случайный президент». Вас нярэдка крытыкавалі за гэтую назву, бо на момант свайго абраньня Лукашэнка, відавочна, адпавядаў падыходам значнай часткі насельніцтва да сьветапоглядных рэчаў, да эканомікі, дэмакратыі ды іншага. Але на сёньня ёсьць моцнае ўражаньне, што грамадзтва і ўлада пайшлі рознымі траекторыямі ў розныя бакі...

— Сапраўды, за 26 гадоў ва ўладзе чалавек адарваўся ад жыцьця і не адпавядае настроям большасьці людзей. Я, дарэчы, па-ранейшаму лічу, што ў 1994 годзе Лукашэнка стаў прэзыдэнтам выпадкова, бо паводле ніякіх раскладаў дырэктар саўгасу не павінен быў стаць прэзыдэнтам.

Але тады ён сапраўды быў чалавек з народу, разумеў, чаго чакаюць людзі, адчуваў настроі людзей. У яго тады была палітычная чуйка, ён трапляў у настроі людзей — хаця б сваімі прамовамі, калі ня дзеяньнямі. Але тое, што адбываецца цяпер — гэта проста сьведчыць пра два розныя космасы, сусьветы.

Хаця б апошняя сытуацыя, калі палова Менску засталася без вады. У першыя гады свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка, напэўна, рэагаваў бы зусім па-іншаму, адразу ўмяшаўся б у сытуацыю, заняўся б ёю. А тут ён, як падаецца, нават не зразумеў маштаб праблемы і яе вастрыню.

Лукашэнка па-ранейшаму ходзіць па фэрмах і глядзіць на кароваў, а сьвет распрацоўвае штучны інтэлект. Сьвет ідзе наперад, а Лукашэнка ня толькі не пайшоў сьледам, а нават вяртаецца ў сваю маладосьць.

— І як можа скончыцца гэты разрыў паміж грамадзтвам і ўладай, гэтыя розныя шляхі, якімі яны пайшлі? Бо варыянтаў можа быць толькі тры — альбо зноў замарозка грамадзтва шляхам рэпрэсіяў, альбо ўлада ідзе на істотныя перамены, каб адказаць на новыя запатрабаваньні грамадзтва, альбо кіраўніцтва краіны мяняецца?

— Больш імаверны варыянт — гэта замарозка краіны. Лукашэнка ўжо даказаў, што ня можа радыкальна зьмяніцца. Ён калі і мяняецца — дык толькі ў горшы бок. Ён старэе галавой. Я ня веру, што пры ім дзяржава можа пайсьці насустрач людзям і чалавек стане каштоўнасьцю для краіны.

Я ня вельмі веру, што фінал прэзыдэнцкай кампаніі, падлік галасоў пройдзе неяк іначай, адрозна ад ранейшага. ЦВК па-ранейшаму адрапартуе пра 80 працэнтаў. Але Лукашэнка ўжо закідвае манок, прынаду, абяцаючы нейкія зьмены ў Канстытуцыю, нібыта ён будзе дзяліцца ўладай. Але што б ён зараз ні казаў, большасьць яму ўжо ня верыць. Бо за гэтыя гады ён столькі надаваў абяцаньняў, што валасоў у яго на галаве, напэўна, менш.

Мне падаецца, што выбары стануць дэтанатарам, зь якога пачнецца хваля нездаволенасьці і патрабаваньня зьменаў. Відавочна, Лукашэнка думае, як сыходзіць, каго пакінуць. Верагоднасьць ня вельмі вялікая, але магчыма, што пасьля выбараў ён паспрабуе прапрацоўваць варыянт пераемніка. Але я падазраю, што нават гэта не адбудзецца, бо Лукашэнка нікому не давярае, акрамя сябе.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG