Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў, як дыктатура дапамагла разруліць праблему з пітной вадой


Тэлеканал «Беларусь 1» паказаў кавалак учорашняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з чыноўнікамі ў Салігорску, дзе ён выказаўся пра забруджаную пітную ваду ў Менску.

«Да абеду чую — з вадой штосьці ў Менску ня так. Ну, думаю, сапраўды: як дзяцей — нельга на хвіліну пакінуць. Запалкі ўжо трэба хаваць ад іх, каб не спалілі краіну. Ну, думаю, назіраю. Ужо прэс-сакратар перадала ў СМІ, што прэзыдэнт трымае пад кантролем. Ведаю, што заварушыўся Турчын (старшыня менскага аблвыканкаму — РС), Сівак (старшыня менскага гарвыканкаму — РС) там...

А што зрабілі? Яны вадаводы мянялі, там дыямэтар мэтар, тры гэтыя трубы, ну і яны ўжо прадзіравіліся. Апошнія сто мэтраў замянілі, а ў старых трубах — не ў старых, а тых, якія раней замянілі, — заставалася гэтая вада. Не каб ачысьціць або выкінуць яе з вадаводаў. Яны, як былі з глузду — але гэта папярэдне, зараз мы разьбіраемся, — яны запампавалі гэта туды. Убачылі, што вада пайшла ня вельмі добрая, застаялая, яны пачалі яе чысьціць рэагентамі. І перадазавалі, і яна пачала сьмярдзець, гэтая вада, і ў кватэры трапіла. Ну вось, на гэтым этапе мне далажылі», — распавёў Лукашэнка.

Паводле яго, вырашыць праблему абавязаліся да раніцы. «Я кажу: будзеце піць зараз самі. Усе чыноўнікі ў Менску, будзеце гэтую ваду піць і варыць сабе ежу... Водаканал — у іх свая лябараторыя, санстанцыя — узялі, вось, даклалі, што раніцай ліквідавалі», — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што галоўным фактарам у вырашэньні праблемы сталі парадак і дысцыпліна, дадаўшы: «Я да чаго гэта кажу? Дыктатура — гэта дрэнна. А калі за ноч вырашылі праблему найцяжэйшую — дыктатура добра. Павінна быць адказнасьць».

Праблемы з вадаправоднай вадой у Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах Менску пачаліся раніцай 24 чэрвеня: яна пачала сьмярдзець. Пазьней дрэнная вада зьявілася і ў іншых раёнах. Чыноўнікі спачатку цьвердзілі, што ўсе паказьнікі ў норме, але ўсьлед за гэтым «Мінскводаканал» забараніў ужываць яе для піцьця. Генпракуратура пачала праверку.

Мінгарвыканкам назваў верагодную прычыну праблемы — рамонт участку вадаводу. Пасьля таго, як гэты вадавод адключылі, Мінздароўя дазволіла карыстацца вадой з кранаў, аднак яе працягваюць кантраляваць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG