Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта кантактна-алергічны дэрматыт», — лекар-дэрматоляг пра раздражненьні скуры ад няякаснай вады


Настасься сьцьвярджае, што ў яе зьявілася алергія на скуры пасьля таго як яна памылася вадой з-пад крана. 25 чэрвеня 2020 году

Жыхары Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў сталіцы сьцьвярджаюць, што пацярпелі ад няякаснай вады, і дасылаюць фота, на якіх відаць раздражненьні на скуры.

Здымкі, якія даслалі на Свабоду чытачы, мы паказалі доктару вышэйшай катэгорыі, кандыдату мэдычных навук, дацэнту катэдры скурных і вэнэрычных хваробаў Марыне Качук. Марына Віктараўна кажа: выглядае, што гэта кантактна-алергічны дэрматыт.

— Няўжо вада можа выклікаць такую рэакцыю, як на здымках?

Марына Качук
Марына Качук


— Так, кантактна-алергічны дэрматыт дакладна можа быць ад забруджанай вады. Любое раздражненьне можа быць ад вады. Але гэта лечыцца. Трэба нанесьці любую гарманальную мазь на кароткі час, прыняць проціалергічны прэпарат. Адназначна магу сказаць, што на гэтых здымках апёкаў няма дакладна, ніякіх сьлядоў не застанецца. Таму гэта праходзіць бясьсьледна. На адным са здымкаў раздражненьне падобнае да крапіўніцы, але дакладна па фота я сказаць не магу, трэба гэта бачыць на ўласныя вочы.

То бок, калі ў чалавека раней не было ніякіх праблем са скурай і ён памыўся гэтай вадой — то, верагодней за ўсё, гэта ад вады.

Любое хімічнае рэчыва можа даць алергічную рэакцыю. І хлёрка, і дэзынфэкцыйныя сродкі, і касмэтычныя прэпараты.

— А якія канкрэтна рэчывы могуць выклікаць такую рэакцыю, такія раздражненьні на скуры?

— А вось якія рэчывы выклікалі такую рэакцыю, я сказаць не магу. Ніхто пакуль ня ведае, якія рэчывы ў гэтай вадзе — няма разгорнутых лябараторных заключэньняў. Я магу паставіць дыягназ і параіць, як лячыць. А дакладную прычыну, ад чаго раздражненьне, я не магу вызначыць.

Некаторыя людзі вельмі востра рэагуюць на хлёрку. Дый любое хімічнае рэчыва можа даць такую рэакцыю. І дэзынфэкцыйныя сродкі, і касмэтычныя прэпараты. Мы жывём у такім сьвеце, дзе арсэнал гэтых раздражняльнікаў вельмі вялікі.

А калі пачаўся COVID і людзі пачалі апрацоўваць скуру дэзсродкамі, многія людзі заўважылі праблемы са скурай рук. У маіх студэнтаў спрэс раздражненьні, у некаторых нават экзэма пачалася. А тут яшчэ дадалася такая вада! Канечне, праблемы будуць.

У каго ёсьць хваробы скуры — экзэма, нэйрадэрміт, крапіўніца, алергічныя захворваньні — прымяненьне дэзсродкаў, ды яшчэ такая вада, — наагул катастрофа. Трэба быць вельмі асьцярожнымі і берагчыся.

І наагул людзі цяпер стомленыя, змучаныя каранавірусам, зрывам плянаў на лета, перажываюць высокія псыхалягічныя нагрузкі, а тут яшчэ праблемы з вадой, ды яшчэ і ў сьпёку! Учора назірала, як у краме людзі закупляліся вадой, набывалі па некалькі бутляў.

«Усё вельмі індывідуальна. Любы прэпарат трэба спачатку пратэставаць на ўчастку скуры»

— Вось вы сказалі пра дрэнны ўплыў дэзынфэкцыйных сродкаў на скуру рук. А наагул, чым лепш карыстацца, якімі крэмамі, асабліва людзям з уразьлівай скурай? Ці дапамагаюць папулярныя цяпер крэмы з мачавінай?

— Калі вельмі сухая скура, мы рэкамэндуем сродкі з даволі вялікім утрыманьнем мачавіны (urea) — 20–30%. Лепш карыстацца крэмамі, якія зьмякчаюць скуру. Яны называюцца эмалентамі — гэта сродкі, якія яе ўвільгатняюць і рэгенэруюць.

У іх часьцяком уваходзіць альбо саліцылавая кіслата, альбо мачавіна. Мачавіны можа ўтрымлівацца ад 2% і да 30%, і нават 40%. Калі сур’ёзныя праблемы — трэскаецца скура, псарыяз — мы прызначаем крэмы з 20—30-працэнтным утрыманьнем мачавіны. Проста для абароны скуры 5–10% дастаткова.

— Гэтыя сродкі лепш у аптэках набываць?

— Заўсёды аптэчная прадукцыя больш дакладна і сур’ёзна правяраецца. І менш рызыкі атрымаць алергічную рэакцыю. Хаця ў многіх ёсьць парфумаваныя дадаткі, які могуць выклікаць алергію. Гэта ўсё вельмі індывідуальна.

Але абавязкова, калі ў чалавека ёсьць схільнасьць да алергічных рэакцый, праверыць прэпарат на малым участку скуры. Нанесьці сродак і пачакаць 40 хвілін. Калі няма ніякай рэакцыі — сродкам можна карыстацца.

— Але вернемся да няякаснай вады. Можна ёю цяпер мыцца? Бо чыноўнікі ўчора на брыфінгу казалі, што для гаспадарча-бытавых патрэбаў вадой у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах карыстацца можна.

— Калі ў чалавека адбылася такая алергічная рэакцыя, як на здымках — натуральна, гэтай вадой нельга мыцца. Пакуль устрымайцеся. Трэба чакаць, пакуль сытуацыя з вадой нармалізуецца. Што магу параіць — наперадзе выходныя, ёсьць дачы, вёскі — няхай людзі зьяжджаюць хоць на выходныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG