Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якіх раёнах Менску людзі скардзяцца на брудную ваду. МАПА


24 чэрвеня людзі ў многіх раёнах Менску пачалі скардзіцца на брудную ваду з-пад крана з характэрным пахам. У «Менскводаканале» папярэдзілі, што піць яе нельга. 25 чэрвеня праблема засталася. Свабода пазначыла ўсе праблемныя раёны на адной мапе.

Адкуль у Менску вада

У Менску два тыпы забесьпячэньня пітной вадой: паверхневы і падземны водазаборы. Паверхневы — гэта Вялейска-Менская водная сыстэма. Яна складаецца з сыстэмы каналаў і вадасховішчаў: вадасховішчы Вялейскае, Заслаўскае, Дразды, Крыніца і ўчастак ракі Сьвіслач да яе ўпадзеньня ў Волму.

З гэтай паверхневай сыстэмы ваду маюць Фрунзэнскі, Маскоўскі і часткова Кастрычніцкі раёны гораду. Менавіта ў гэтай частцы сталіцы цяпер праблемы якасьці вады. Агулам там жывуць больш за 750 тысяч чалавек. Гэтую сыстэму запусьцілі ў эксплюатацыю ў 1976 годзе.
Вада не ідзе ў краны менчукоў адразу з вадасховішчаў, а праходзіць некалькі ступеняў ачысткі: выдаленьне пахаў, першаснае хляраваньне, вугляваньне і асьвятленьне.

Другі тып водазабесьпячэньня — артэзіянскія сьвідравіны.

«Водаканал» эксплюатуе паўтара дзясятка падземных сьвідравін, і зь іх вада ідзе ўва ўсе астатнія раёны: Цэнтральны, Савецкі, Заводзкі, Першамайскі, Партызанскі, Ленінскі і частку Кастрычніцкага.

Паводле інфармацыі «Менскводаканалу», цяпер 70% вады ў сталіцы — з артэзіянскіх сьвідравін, 30% — вада з паверхневых крыніцаў. Да 2025 году на артэзіянскую ваду мусяць перавесьці ўвесь Менск.

Сухарава

Скаргі на ваду ў гэтым раёне пачалі ісьці яшчэ зь 10-й раніцы 24 чэрвеня. На раніцу 25 чэрвеня праблема ня вырашаная. Вада ня мае колеру, але сьмярдзіць. Увечары на некаторых вуліцах раёну арганізавалі падвоз вады з цыстэрнаў. Людзі сталі ў чэргі.

Каменная Горка

Скаргі на ваду пачаліся апоўдні 24 чэрвеня. Праблема тая ж — непрыемны пах, але вада празрыстая. Там таксама арганізавалі падвоз пітной вады і ўзьніклі вялізныя чэргі.

Захад

У гэтым раёне праблемы з вадой узьніклі 24 чэрвеня, на 25 чэрвеня, як паведамляюць мясцовыя жыхары, праблему ня вырашылі. Вада мае характэрны пах.

Менчукі ў чэргах за вадой
Менчукі ў чэргах за вадой

Малінаўка

Тая ж праблема, што і ў іншых раёнах заходняй часткі Менску, вада мае рэзкі пах. Піць яе, гатаваць і мыцца ў ёй ня раяць.

Няміга

Аб праблеме з вадой у раёне Нямігі стала вядома позна ўвечары 24 чэрвеня. Гэта ўжо цэнтар Менску. Праблема тая ж — характэрны рэзкі пах вады.

Грушаўка

Пра брудную ваду з-пад крану жыхары Грушаўкі пачалі паведамляць увечары 24 чэрвеня. У крамах раёну з паліц разабралі ўсю пітную ваду, засталася газаваная. У гэтым раёне знаходзіцца 4-я лякарня імя Саўчанкі, дзе лекуюць хворых на каранавірус.

Пераможцаў, Шпалерная, Заслаўская

З раніцы 25 чэрвеня на брудную ваду пачалі скардзіцца жыхары некаторых вуліц Цэнтральнага раёну. Праблема тая ж — рэзкі пах.

У асноўным з праблемамі сутыкнуліся Фрунзэнскі (464 тысячы чалавек) і Маскоўскі (300 тысяч чалавек) раёны Менску. Агулам гэта больш за 750 тысяч чалавек.

У вечаровай праграме «Панарама» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» «Водаканал» запэўніў, што з ачышчальных станцыяў у сеткі вада ідзе ўжо без староньніх пахаў, але неабходны час, каб яна выціснула кепскую ваду. Аднак з раніцы 25 чэрвеня жыхары ўсё новых і новых мікрараёнаў паведамляюць аб праблеме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG