Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вывесьці на чыстую ваду


Павінна была здарыцца гэтая надзвычайная сытуацыя з вадой у Менску, каб у ёй адлюстраваліся ўсе заганы цяперашняй улады.

Самае важнае, што трэба ведаць. 24 чэрвеня Міністэрства аховы здароўя прыйшло да высновы, што ў двух раёнах сталіцы вада, якая цячэ з кранаў, небясьпечная для здароўя, там ёсьць нават нафтапрадукты. Замест таго, каб абвясьціць пра гэта ўсім жыхарам, галоўны санітарны ўрач Менску Нэлі Гіндзюк накіравала ліст з гэтай інфармацыяй у адміністрацыі Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў, а таксама Менскай гарадзкой жыльлёвай гаспадарцы. Тым ня менш, начальнікі ўвесь дзень запэўнівалі людзей, што ўсё нармальна. Вечарам 24 чэрвеня тэлеканал «Беларусь 1» вуснамі начальніка вытворчасьці «Мінскводаправод» Антона Галаскока паведаміў, што вада, якая цяпер падаецца спажыўцам, «цалкам адпавядае ўсім нарматывам, прысутнічае толькі пах». Толькі 25 чэрвеня ўлады нарэшце прызналі праўду і параілі ўстрымацца ад піцьця вады ў пацярпелых раёнах.

Якія высновы можна зрабіць з гэтага надзвычайнага здарэньня?

Першая. 26 гадоў улады запэўніваюць беларусаў, што ў краіне, можа, і ёсьць праблемы з дэмакратыяй, затое ўстаноўлены моцны парадак, жалезная дысцыпліна, уся ўладная вэртыкаль працуе як гадзіньнік, яна хутка і эфэктыўна, «жэстачайшым» чынам рэагуе на любую праблему. А вось здарылася гэтае надзвычайнае становішча з вадой, і высьветлілася, што ва ўсіх структурах улады пануе хаос, бязладзьдзе, бесталкоўшчына. Ніхто ня можа растлумачыць, што здарылася, дзе адбыўся збой, як на гэта рэагаваць. Адзінае, што працуе бездакорна, — гэта мэханізм рэпрэсіяў, падаўленьне любых праяваў пратэсту. Калі б у Фрунзенскім ці Маскоўскім раёне адбыўся мітынг, то імгненна туды б прыехаў АМАП і аўтазакі.

Другая. Дзейная ўлада ўвогуле ня здольная па самой сваёй прыродзе да нармальнай размовы з народам. Усе начальнікі адмаўляліся адказваць на шматлікія пытаньні жыхароў, журналістаў. І дасюль так нічога толкам не растлумачылі. Чыноўнікі ўпэўненыя, што яны працуюць не для людзей, а для нейкіх сваіх карпаратыўных інтарэсаў. Уласна кажучы, па-іншаму і быць ня можа, калі ўлада не выбіраецца народам, не падкантрольная, не падсправаздачная народу. Вялізарная прорва паміж уладай і грамадзтвам — вось што высьвеціў гэты інцыдэнт.

Трэцяя. Любы недэмакратычны рэжым грунтуецца на засакрэчваньні, на таямніцы. Сакрэтнасьць любой інфармацыі — гэта інструмэнт уладараньня. Таму ня дзіўна, што ўлады доўга хавалі жыцьцёва важную інфармацыю пра якасьць вады.

Чацьвёртая. Распаўсюд няпраўды — гэта не выключэньне з правілаў, гэта правіла, нават заканамернасьць, неабходная ўмова існаваньня дзейнага рэжыму. Гэта тычыцца ўсяго: выбараў, рэйтынгу, інфармацыі пра каранавірус. Вось цяпер гэтая сытуацыя з вадой. І гэтая ўлада вось-вось атрымае ў свае рукі атамную станцыю...

Пятая. І нарэшце, стаўленьне да народу. Амаль суткі ўлады не паведамлялі, што ваду з дамешкам нафтапрадуктаў піць нельга. Маўляў, нічога страшнага, «народзец» пераб’ецца...

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG