Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вада ў Менску: чыноўнікі правялі брыфінг, піць «сьмярдзючую» ня варта


Чарга па ваду ў Менску, 24 чэрвеня
Чарга па ваду ў Менску, 24 чэрвеня

На брыфінгу менскіх чыноўнікаў, які правяло дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА днём 25 чэрвеня, сьцьвярджаюць, што якасьць вады ўжо дапушчальная паводле арганалептычных, фізыка-хімічных і мікрабіялягічных паказьнікаў, але ня ўсіх магчымых паказьнікаў — канчатковыя дасьледаваньні не завершылі.

Пакуль раяць устрымацца ад піцьця вады ў пацярпелых раёнах, рэкамэндуюць спрабаваць зьліваць няякасную ваду. Маніторынг якасьці вады працягваюць і ў пацярпелых, і ў іншых раёнах Менску.

Для расьсьледаваньня здарэньня з вадой стварылі рабочыя групы, але прычынаў зьяўленьня «сьмярдзючай» вады пакуль ня высьветлілі. За мінулы дзень 15 пацыентаў зьвязвалі пагаршэньне стану зь якасьцю вады, зь іх 4 у стацыянары, яшчэ траіх сёньня зьбіраюцца выпісваць. За 25 чэрвеня выклікаў «хуткай» у сувязі зь якасьцю вады не было, сьцьвярджалі на брыфінгу.

Брак афіцыйных камэнтароў у першую палову 24 чэрвеня растлумачылі тым, што разьбіраліся з разрозьненымі паведамленьнямі з розных месцаў у горадзе і высьвятлялі прычыну.

Галоўны санітарны доктар Міністэрства здароўя Натальля Жукава не прыгадвае такіх глябальных праблемаў з вадой у Менску, але кажа, што лякальныя праблемы раней былі. У пацярпелых раёнах жывууць амаль 800 тысяч чалавек: 460 тысяч у Фрунзэнскім і 310 тысяч у Маскоўскім (адпаведна 1400 і 860 дамоў).

У сувязі з праблемамі доступу да сайту «Менскводаканалу» зьвесткі пра стан вады паабяцалі разьмяшчаць у прэсе: на сайтах Tut.by, Onliner.by і Belta.by.

Менчукі пачалі скардзіцца на якасьць вады раніцай 24 чэрвеня, адчувалі непрыемны пах, скардзіліся на непрыемныя адчуваньні на скуры, калі такой вадой памыцца. Паўдня афіцыйных камэнтароў не было.

Днём 24 чэрвеня «Менскводаканал» паведаміў Tut.by, што прычына здарэньня са «сьмярдзючай» вадой — сьпёка. Дакладную прычыну не назвалі. 25 чэрвеня ў сеціва трапіў дакумэнт Міністэрства аховы здароўя пра тое, што яшчэ днём раней ваду прызналі небясьпечнай: выявілі неадпаведнасьць санітарным правілам і нормам «паху пры 20°С і 60°С», пэрманганатнай акісьляльнасьці і наяўнасьці нафтапрадуктаў.

Цягам 24 і 25 чэрвеня піць ваду ў Маскоўскім і Фрунзэнскім раёнах спачатку забаранялі, пасьля дазвалялі. Днём 25 чэрвеня менчукі скардзяцца на непрыемны пах і незвычайны колер вады ня толькі ў тых раёнах, але і ў цэнтры гораду. Некаторыя менчукі скардзіліся на моцную алергічную рэакцыю на «сьмярдзючую» ваду.

Генэральная пракуратура распачала праверку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG