Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі Лукашэнка ў Маскву, дык пачалося». Што кажуць у чэргах па ваду ў Менску


Чарга за пітной вадой у менскім мікрараёне Кунцаўшчына
Чарга за пітной вадой у менскім мікрараёне Кунцаўшчына

Раніцай 24 чэрвеня жыхары Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў Менску, дзе ў кранах цячэ вада зь Вілейска-Менскай воднай сыстэмы, пачулі непрыемны пах ад вады. Чыноўнікі заявілі, што ўсё ў межах нормаў, але адначасова адправілі на вуліцы 24 цыстэрны зь пітной вадой, да якіх адразу пасталі чэргі. Карэспандэнты Свабоды пагаварылі зь людзьмі ў чэргах.

«Думаю, што цяпер хлусяць, усяляк хаваюць, што аварыя была»

Сярод тых, хто пачуў непрыемны пах вады ў кватэры, была Людміла Дзьмітрыеўна, якой ужо 84 гады, зь іх 26 яна пражыла ў мікрараёне Сухарава, на вуліцы Лабанка ў доме 89. Жанчына кажа, што з такой вадой сустрэлася ўпершыню.

«Пах непрыемны, рукі пасьля мыцьця і твар пахлі жудасна, нейкая як мазута», — згадала пэнсіянэрка раніцу.

Чарга каля цыстэрны на вуліцы Лабанка
Чарга каля цыстэрны на вуліцы Лабанка

Зь яе словаў, яна адразу набрала тэлефон Водаканалу, а там сказалі, што яна ўжо 57-я з такім званком, і папярэдзілі, што запісваюць.

«Сказалі, нейкая аварыя, брыгада выехала. А цяпер чула, што з вадой нібыта ўсё ў норме, а пах ад таго, што стаіць цёплае надвор’е, а вада ж да нас ідзе зь Вілейскай сыстэмы. Дык думаю, што цяпер хлусяць, усяляк хаваюць, што аварыя была».

Пэнсіянэрка абураецца, што ў двор шматпавярховага дому, дзе яна жыве, не прывезьлі цыстэрну зь пітной вадой.

«Мы ж на крыніцу ці ў краму па ваду ня пойдзем. Хто такім, як я, дапаможа?!»

«Такой вады не прыпомню, а жыву тут амаль 30 гадоў»

А што кажуць пра сытуацыю з вадой у чэргах, якія гэтым вечарам пакрылі ўвесь мікрараён?

Адна зь іх выстраілася да крыніцы непадалёк ад скрыжаваньня вуліц Лабанка і Гарэцкага. Людзей тут звыш 200. Большасьць з плястыкавымі бутлямі на 5–6 літраў, але ёсьць і са звычайнымі вёдрамі.

Пытаюся, зь якіх вуліц. Называюць Лабанка, Адзінцова, Кунцаўшчыну, нават далёкую ад гэтага месца вуліцу Янкі Маўра. Выходзіць, тут ня толькі жыхары Сухарава, але і Каменнай Горкі ды іншых мікрараёнаў Фрунзенскага раёну. Пра што кажуць людзі?

Сказаць, што крытыкуюць уладу — не сказаць нічога.

— Куды глядзяць нашы дэпутаты? Гэта ж іх абавязак — вырашаць такія пытаньні.

— Ды што дэпутаты, ім да ліхтара! Раённае начальства столькі гадоў абяцае сьвідравіны, а ўсё пояць вадой зь Вілейкі!

— Такой вады не прыпомню, а жыву тут амаль 30 гадоў. Бывала ў сьпякоту, што патыхае хлёркай, але каб хіміяй, як цяпер, — ніколі!

— А мне дык падаецца, пах мэталу. Вось у нас ліфты рамантавалі, дык такі быў пах, — кажа пэнсіянэрка Людміла. Яна непакоіцца, што набраных з крыніцы 10 літраў чыстай вады ёй надоўга ня хопіць, бо трэба ж ня толькі піць і гатаваць ежу, але і мыцца. А такіх чэргаў доўга яна ня вытрымае. «У час каранавірусу дык перастала сюды па ваду хадзіць, а цяпер хіба зноў давядзецца».

— А яны ж тут крыніцу з 10 вечара закрываюць. Недзе два гады таму парадак увялі — абы народ прымусіць купляць ваду ў краме!

— Ды чорт ведама што! Чыноўнікі думаюць толькі пра свае месцы, прысмакталіся да карытаў і сёрбаюць чым болей. У ніводнай краіне такога няма, а ў нас усё магчыма! Нас тут у Сухараве то дрэнным паветрам труцяць, а цяпер і вадой, — абураецца мужчына сталага веку ў белай цішотцы. Ён перакананы, што за такія здарэньні трэба жорстка спытаць ня толькі з кіраўніцтва гарадзкога Водаканалу, але і вышэй.

— Увогуле, дзіўная гісторыя. Як Лукашэнка ў Маскву, дык пачалося. Можа, спэцыяльна хто робіць, каб людзей раззлаваць? — падзяліўся ўласнай вэрсіяй 40-гадовы мужчына. Але людзі яго не падтрымалі.

— Ды не, ня думаю, што гэта нехта адмыслова зрабіў, але што безгаспадарчасьць, дык пэўна, — выказалася жанчына, якая назвалася Натальляй. Зь яе словаў, апошні раз у такой чарзе яна стаяла ў 90-я гады мінулага стагодзьдзя, па дэфіцытныя прадукты. «З таго часу ў нас мала што зьмянілася!» — кажа Натальля.

— Мне дачка пазваніла, каб вадой не карысталася. Вельмі дрэнная. Я згадваю, як Лукашэнка нам абяцаў, што ўвесь Менск будуць забясьпечваць толькі вадой са сьвідравін — і што? Дзе тыя сьвідравіны? — казала яшчэ адна жанчына, якая імя не назвала.

Улады зьняпраўдзілі чуткі пра апёкі вачэй і атручэньне аміякам

Апоўдні 24 чэрвеня Водаканал паведаміў, што накіраваў у Сухарава некалькі цыстэрнаў зь пітной вадой. Ад крыніцы на Гарэцкага карэспандэнты Свабоды пераяжджаюць ў мікрараён і каля крамы «Maximus» сапраўды бачу цыстэрну з надпісам «Чыстая вада». Побач зь ёй чарга чалавек на 50. Людзі, якія адыходзяць з бутэлькамі вады, кажуць, што стаялі хвілін 15–20.

Юля расказвае пра першыя ўражаньні ад бруднай вады. Як раніцай пачала чысьціць зубы, адчула на вуснах непрыемны смак і доўга плявалася. Цяпер цягне ў машыну адну за адной ажно 4 бутлі.

«Можа, на пару дзён хопіць». Ёй дапамагае сяброўка, якая дзеліцца са мной гукавым паведамленьнем з мабільніка. Жаночы голас кажа пра знаёмага мэдыка, які працуе ў шпіталі хуткай дапамогі. Нібыта лекар расказаў па сакрэце, што ў шпіталь ужо паступілі хворыя з апёкамі скуры і страўніка.

Абвестка на адным з жылых дамоў
Абвестка на адным з жылых дамоў

Побач, каб адпачыць, спыняецца Руслан, які па чарзе нясе да аўтамабіля дзьве 18-літровыя бутлі. Малады мужчына кажа, што дасьць веры толькі незалежнай экспэртызе, што вада ў водаправодзе зноў чыстая. А да той пары будзе прывозіць дамоў ваду з крыніцы або з цыстэрны. «Адкуль заўгодна. Дзе знайду», — кажа Руслан.

У Менскім шпіталі хуткай дапамогі атрымаць інфармацыю пра колькасьць пацыентаў з хімічнымі апёкамі пакуль не ўдалося. «Гарачая лінія» шпіталя не адказвала, а даведка ўвесь час занятая.

Мінздароўя зьняпраўдзіла інфармацыю пра паступленьне ў лякарні пацыентаў, атручаных парамі аміяка і апёкамі вачэй.

У вечаровай праграме «Панарама» на дзяржаўным тэлеканал «Беларусь 1» прагучала, што Водаканал запэўнівае, што з ачыстных станцыяў у сеткі вада паступае ўжо без староньніх пахаў, але неабходны час, каб яна выцесьніла кепскую ваду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG