Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International прызнала вязьнямі сумленьня Бабарыкаў, Ціханоўскага і іх арыштаваных паплечнікаў 


Падчас пікету ў зборы подпісаў

Беларускія ўлады груба праігнаравалі абавязаньні ў правах чалавека, у тым ліку свабоду думкі. Апазыцыйныя кандыдаты і іх прыхільнікі перасьледуюцца і запалохваюцца, гаворыцца ў заяве Amnesty International.

«Кіраўніцтва Беларусі павінна спыніць крымінальны перасьлед, запалохваньне і рэпрэсіі супраць апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі, актывістаў грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ», — заявілі ў міжнароднай праваабарончай арганізацыі.

Адзначаецца, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца. Падчас выбарчай кампаніі патэнцыйныя кандыдаты, чальцы іх камандаў і прыхільнікі зазналі рэпрэсіі — ад затрыманьняў да крымінальнага перасьледу і закрыцьця бізнэсу.
Amnesty International заяўляе, што лічыць Сяргея Ціханоўскага і восем чалавек, арыштаваных разам зь ім (Яўгена Рэзьнічэнку, Дзьмітрыя Фурманава, Уладзімера Навуміка, Вяргілія Ўшакова, Аляксандра Арановіча, Сяргея Калмыкова, Васіля Баброўскага і Арцёма Сакава), вязьнямі сумленьня. Праваабаронцы заклікаюць вызваліць зьняволеных.

Акрамя таго, вязнямі сумленьня сталі Віктар і Эдуард Бабарыкі, якіх перасьледуюць выключна за мірнае выказваньне сваіх палітычных поглядаў.

Amnesty International таксама асуджае масавы перасьлед блогераў і журналістаў, у прыватнасьці Сяргея Багрова, Сяргея Лацінскага, Ігара Лосіка, Уладзімера Няронскага, Сяргея Пятрухіна і Ўладзімера Цыгановіча.

«Улады павінны апэратыўна, грунтоўна, аб’ектыўна і празрыста расьсьледаваць усе паведамленні аб празмерным выкарыстаньні фізычнай сілы супрацоўнікамі праваахоўных органаў і жорсткім абыходжаньні з затрыманымі, а таксама ўсе выпадкі пагрозаў, нападаў і абразаў», — сказана ў звароце.

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што ўзмацненьне рэпрэсій супраць права на свабоду выказваньня думак, правоў на мірныя сходы і асацыяцыі ў кантэксьце маючых адбыцца выбараў выявіла шматлікія іншыя праблемы з правамі чалавека, у тым ліку дыскрымінацыю жанчын.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG