Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК паведаміў пра двух падазраваных у справе сутычкі зь міліцыянтамі ў Маладэчне


Сутычка зь міліцыяй у Маладэчне. Кадры відавочцы
Сутычка зь міліцыяй у Маладэчне. Кадры відавочцы

Сьледчы камітэт 23 чэрвеня паведаміў, што ў справе пра сутычку з амапаўцамі ў Маладэчне падазраюць двух мужчын.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Аднаму зь іх 24 гады, раней у поле зроку міліцыі ён не трапляў.

Другому 31 год, яго раней каралі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, расьпіцьцё алькаголю, дробнае хуліганства і кіраваньне транспартным сродкам у нецьвярозым стане.

Паволе СК, увечары 19 чэрвеня супрацоўнікі АМАПу затрымлівалі 25-гадовага жыхара райцэнтру за правакацыю падчас несанкцыянаванай акцыі. У гэты час два мужчыны схапілі амапаўцаў за шыю і павалілі на зямлю, адзін з нападнікаў спрабаваў ударыць нагой.

Цяпер міліцыя шукае іншых удзельнікаў злачынства.

Вядома імя 31-гадовага падазраванага. Гэта Павал Пяскоў. Ягоная грамадзянская жонка Вераніка расказала, што Паўла затрымалі, калі ён ішоў сустракаць яе з працы.

«Супрацоўнікі АМАП накінуліся на людзей, якія толькі выказвалі сваю салідарнасьць, пачалі хапаць, валіць іх на зямлю. Ён падбег, каб абараніць людзей, ён нікога не чапаў і не зьбіваў», — сказала Вераніка.

Павал даглядае бабулю, інваліда першай групы.

19 чэрвеня ў Маладэчне, як і ў многіх іншых гарадах Беларусі, людзі выйшлі на стыхійны «ланцуг салідарнасьці». Міліцыянты і «людзі ў цывільным» спрабавалі затрымаць удзельнікаў акцыі, але пачалася штурханіна — праваахоўнікі ў выніку зьехалі.

Падчас сутычкі адзін зь міліцыянтаў у форме дастаў пісталет, але ня стаў страляць, амаль адразу схаваў зброю. Пазьней МУС пацьвердзіла «Нашай ніве», што пісталет быў баявы, але афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава заявіла, што зброю не зьбіраліся выкарыстоўваць: нібыта ў валтузьні проста расшпілілася кабура, «пісталет высьлізнуў з яе, амапавец яго падхапіў і адразу вярнуў назад».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG