Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах працягваюцца суды за «ланцугі салідарнасьці»

абноўлена

Падчас акцыі «ланцуг салідарнасьці» ў Гомлі, 19 чэрвеня

23 чэрвеня ў Беларусі працягваюцца суды над удзельнікамі стыхійных «ланцугоў салідарнасьці». Міліцыя працягвае складаць новыя пратаколы на ўдзельнікаў акцый, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Напярэдадні 22 чэрвеня больш за 70 чалавек агулам атрымалі 44 тысячы рублёў штрафаў і 77 сутак арышту на ўсіх.

Судзяць паводле артыкулаў за «несанкцыянаванае мерапрыемства» або «непадпарадкаваньне міліцыі».

Дубровенскі раённы суд (Віцебская вобласьць) 23 чэрвеня пакараў Міхаіла Чамураку, актывіста Абя'днанай грамадзянскай партыі і сябра ініцыятыўнай групы вылучэнца на прэзыдэнцтва Мікалая Казлова, адміністрацыйным арыштам на 13 сутак. Яго прызналі вінаватым у парушэньні парадку правядзеньне масавага мерапрыемства, учыненага паўторна цягам году (3 частка артыкулу 23.34). Адбываць пакараньне яго завезьлі ў Аршанскі ізалятар часовага ўтрыманьня.

Як паведаміла Свабодзе ягоная жонка Людміла, фармальнай падставай для адміністрацыйнай справы стаў удзел мужа ў «ланцугу салідарнасьці», які ладзілі ў Воршы 19 чэрвеня, а таксама допісы ў Тэлеграм-канале «Орша для Жизни». Жанчына настойвае, што яна зь Міхаілам і дачкой вярталіся ў той дзень зь Менску ды спыніліся непадалёк ад «пікету», дзе мужа пасьпелі сфатаграфаваць міліцыянты. Фота сталі доказамі віны.

Таксама вядомыя выракі:

  • Валеры Чурак — штраф 162 рублі (Ганцавічы, судзьдзя Уладзімер Космач).
  • Аляксей Прохараў — штраф 1080 рублёў (Віцебск, затрымаў АМАП увечары 22 чэрвеня па дарозе з суду над Аленай Янушкоўскай, судзілі праз скайп).
  • Т. Філімонава — штраф 270 рублёў (Віцебск). 22 чэрвеня справу адправілі на дапрацоўку праз відэа дзе Філімонава проста стаіць і нічога не робіць.

Чакаюць прысудаў:

  • Алег Аляшкевіч (Наваградак, судзяць паводле арт. 23.4 КаАП «непадпарадкаваньне міліцыі»),
  • Андрэй Акупінскі (Наваградак, арт. 23.4 КаАП),
  • Сяргей Казак (Наваградак, арт. 23.4 КаАП),
  • Аляксандр Камісараў (Наваградак, арт. 23.4 КаАП),
  • Сяргей Сечка (Наваградак, арт. 23.4 КаАП),
  • Алена Сечка (Наваградак, арт. 23.4 КаАП).

Таксама вядома, што міліцыя склала пратаколы на 5 чалавек у Слоніме, якія гулялі па горадзе ўвечары ў суботу, суды пройдуць 24 чэрвеня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG