Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз: Улады Беларусі павінны спыніць затрыманьні мірных дэманстрантаў


Затрыманьні ў Гомлі, 19 чэрвеня 2020
Затрыманьні ў Гомлі, 19 чэрвеня 2020

Затрыманьні мірных дэманстрантаў, журналістаў і актывістаў апазыцыі ў Беларусі павінны быць спыненыя, заявіў вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Барэль.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

На сваёй старонцы ў Твітэры Жузэп Барэль падкрэсьліў, што падобныя затрыманьні парушаюць права на свабоду сходаў і свабоду слова.

Жузэп Барэль
Жузэп Барэль

Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ адзначыў неабходнасьць выкананьня правоў чалавека. «Выбары, што маюць адбыцца, павінны быць бясьпечнымі, мірнымі, свабоднымі і справядлівымі з выкананьнем абавязаньняў Беларусі ў АБСЭ і стандартаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека», — напісаў ён.

У Эўрапарлямэнце таксама выказалі занепакоенасьць пагаршэньнем сытуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве старшыні дэлегацыі ЭП для сувязяў зь Беларусьсю Робэрта Бедраня і сталага дакладчыка ЭЗ аб Беларусі Пятраса Аўштравічуса.

«Мы занепакоеныя пагаршэньнем сытуацыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня і асуджаем аднаўленьне арыштаў і перасьледу кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама іх прыхільнікаў, мірных дэманстрантаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці», — гаворыцца ў заяве.

У ёй выказваецца глыбокая занепакоенасьць «арыштам на загад прэзыдэнта Лукашэнкі (патэнцыйнага) кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і яго сына Эдуарда, які ўзначальвае яго ініцыятыўную групу». «Мы таксама былі ўзрушаныя ананімнымі пагрозамі на адрас (патэнцыйнай) кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай і яе дзяцей, запалохваньнем і гвалтам у дачыненьні да сям’і і паплечнікаў затрыманага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, сталым перасьледам апазыцыйных дзеячоў, у тым ліку Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца, а таксама масавымі арыштамі ўдзельнікаў мірных і легальных пікетаў па зборы подпісаў ува ўсёй краіне», — гаворыцца ў заяве.

«Мы настойліва заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых асобаў, каб спыніць цяперашнюю хвалю рэпрэсіяў і дазволіць народу Беларусі рэалізаваць сваё права на ўдзел у дэмакратычных выбарах, — падкрэсьлівае заява. — Мы хацелі б працягнуць тое супрацоўніцтва, якое разьвівалася ў апошнія гады, у тым ліку і ў рамках „Усходняга партнэрства“. Аднак беларускія ўлады не даюць нам вялікага выбару: калі нашыя заклікі застануцца без увагі, гэта акажа нэгатыўны ўплыў на разьвіцьцё адносін паміж ЭЗ і Беларусьсю» — адзначаюць эўрапарлямэнтары.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG