Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка: Трэба будаваць сваю эканоміку, бо цяпер «альбо галодныя бунты, альбо субсыдыі ў абмен на незалежнасьць»


Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка 17 чэрвеня даў інтэрвію расейскай вэрсіі выданьня Forbes. Сярод іншага ён выказаўся пра пагрозу страты незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Журналіст спытаў, ці Бабарыка сапраўды лічыць, што Беларусь і Расея могуць аб’яднацца. Патэнцыйны кандыдат адказаў, што бачыць цяперашнюю Беларусь эканамічна несамастойнай, бо эканоміка штогод вымагае датацыяў у 3–5 млрд даляраў. Раней гэтыя грошы Расея давала празь нізкія цэны на газ, прэфэрэнцыі або льготныя крэдыты, цяпер «нам паклалі на стол праект „дарожных мапаў“ і сказалі: „астатнія датацыі — толькі пасьля інтэрацыі“».

«Цяпер выбару няма: альбо галодныя бунты і развал эканомікі, альбо субсыдыі ў абмен на страту незалежнасьці, — мяркуе Бабарыка. — Нашая ўнутраная эканамічная бездапаможнасьць прывяла краіну да пагрозы страты сувэрэнітэту».

Але Бабарыка лічыць, што «ўсякі саюз, пабудаваны на залежнасьці, апрыёры не прынясе выгады абодвум бакам». Ён мяркуе, што хоць інтэграцыю з Расеяй падаюць як адзінае магчымае ратаваньне, у гэтага рашэньня «занадта высокая цана».

«Я прытрымліваюся пазыцыі, што перш за ўсё мы абавязаныя пабудаваць самастойную эканоміку, а ўжо пасьля прымаць рашэньні аб уступленьні ў саюзы з пазыцыі win-win (выйгрыш-выйгрыш. — РС). Чаму лідэры большасьці краінаў сьвету дазваляюць сабе казаць: My country is the first (мая краіна перадусім. — РС), а Беларусь — не?»

Паводле Бабарыкі, «мы павінны паказаць, што гатовыя жыць самастойна, але гэта немагчыма ў межах саюзу», але дамову аб «саюзнай дзяржаве» з Расеяй наўрад ці магчыма дэнансаваць «адным росчыркам пяра».

У інтэрвію Бабарыку таксама спыталі пра матэрыял Bloomberg, у якім ананімная крыніца заявіла, што перад вылучэньнем у кандыдаты Бабарыка кансультаваўся з расейскімі чыноўнікамі. Бабарыка параіў Bloomberg «правяраць свае крыніцы»:

«Ніякіх кансультацыяў з прадстаўнікамі ўлады на тэму выбараў у мяне не было ні ў Беларусі, ні ў Расеі, ні ў любой іншай краіне», — заявіў ён.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG