Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка заявіў, што на пасадзе прэзыдэнта найперш вярнуў бы Канстытуцыю 1994 году


Віктар Бабарыка на пікеце ў Бабруйску, 15 чэрвеня

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віктар Бабарыка 16 чэрвеня даў інтэрвію польскаму выданьню Rzeczpospolita.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Сярод пытаньняў журналіста было такое: «Дапусьцім, што заўтра вы станеце прэзыдэнтам Беларусі. Якія будуць вашыя першыя фундамэнтальныя рашэньні?»

«Неабходна было б правесьці канстытуцыйную рэформу і вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, — адказаў Віктар Бабарыка. — Прэзыдэнт павінен кіраваць ня больш за два тэрміны, і кіраўнікі павінны мяняцца. Таксама ня можа быць улады адной асобы, многія органы павінны кіраваць дзяржавай. Я б абапіраўся не на загады, а на ініцыятыву людзей. Трэба наняць мудрых людзей, якія падкажуць, што рабіць».

Бабарыка таксама выказаўся пра іншую рэч з 1990-х: дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы з Расеяй». На пытаньне пра рэалізацыю дамовы 1999 году ён спытаў: «Ці ведае сьвет бізнэсу праект дамовы, якая ня страціла б актуальнасьці праз 20 гадоў»?

На думку Бабарыкі, ніхто не прымушаў беларускі бок падпісваць цяперашнія «дарожныя мапы», гэта проста «стан беларускай эканомікі»: Беларусь цягам 26 гадоў просіць Расею аб крэдытах і саступках у цане на энэргарэсурсы.

«Мы дзейнічалі так, быццам хтосьці ўсё нам вінен, — разважаў Бабарыка. — Я лічу, што нам ніхто нічога ня вінен, і мы мусім будаваць уласную эканоміку».

Якая розьніца між Канстытуцыяй-1994 і цяперашняй?

Спачатку цяперашняя Рэспубліка Беларусь жыла паводле Канстытуцыі БССР, але ўласны асноўны закон распрацоўвала ад 1990-га — першую Канстытуцыю сучаснай Рэспублікі Беларусь Вярхоўны Савет прыняў 14 сакавіка 1994 году. Менавіта тая Канстытуцыя замацавала ў Беларусі прэзыдэнцкую форму кіраваньня замест ранейшай парлямэнцкай.

Пасьля Аляксандар Лукашэнка правёў тры рэфэрэндумы аб зьменах у Канстытуцыю. Усе яны праходзілі з парушэньнямі і не былі прызнаныя дэмакратычнымі краінамі Эўропы і Злучанымі Штатамі.

Зьмены былі такія:

  • расейскай мове нададзены статус дзяржаўнай, роўнай зь беларускай (1995);
  • нацыянальная сымболіка, герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг, замененыя на мадыфікаваную савецкую (1995);
  • кіраўнік дзяржавы атрымаў права распусьціць парлямэнт у выпадку «грубага або сыстэматычнага парушэньня Канстытуцыі (1995);
  • істотна пашырыліся паўнамоцтвы прэзыдэнта (1996);
  • Дзень незалежнасьці перанесьлі на 3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску саветамі ад нацыстаў у час Другой сусьветнай вайны (1996);
  • скасаваны пункт, які абмяжоўваў знаходжаньне прэзыдэнта на пасадзе двума тэрмінамі (2004).

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG