Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цапкала: 50 мільярдаў даляраў убухалі ў аграгарадкі. І ўсё марна


Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала на зборы подпісаў у Віцебску, 8 чэрвеня
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала на зборы подпісаў у Віцебску, 8 чэрвеня

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала падчас відэатрансьляцыі на сваім канале ў YouTube заявіў, што на гэты момант ягоная ініцыятыўная група сабрала 180 тысяч подпісаў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

У штабе канчаткова апрацоўваюць 144 тысячы, каб у Цэнтравыбаркам здаць бездакорны варыянт.

Пра аграгарадкі

Першае пытаньне прыйшло ад карыстальніка, які пацікавіўся, як выраўнаць узровень жыцьця ў рэгіёнах і сталіцы. Ягоны сябра жыве і працуе праграмістам у невялікім мястэчку у Нарвэгіі і мае там усе выгоды цывілізацыі. У Беларусі такога няма і блізка.

«50 мільярдаў даляраў патрачаныя на аграгарадкі, але ў чыстым полі чалавек ня хоча жыць. Правільна было б будаваць кам’юніці-цэнтры з сваёй уласнай інфраструктурай — ад дзіцячага садка да кавярні. Тады, магчыма, і менчукі зацікавіліся б магчымасьцю пераехаць у такія месцы», — адказаў Валер Цапкала.

Пра подпісы

Пра збор 100 тысяч подпісаў, неабходных для вылучэньня кандыдата, заяўлялі таксама штабы Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Бабарыкі, Ганны Канапацкай і Сьвятланы Ціханоўскай. Штаб Натальлі Кісель заявіў, што сабраў 108 тысяч подпісаў, але кандыдатка зьнялася з выбараў пасьля скандалу з прызнаньнем парушэньняў падчас збору подпісаў.

Пра пагрозы

У Валера Цапкалы запыталі, ці паступалі яму ці ягоным паплечнікам пагрозы падчас выбарчай кампаніі.

«Пакуль не было, — сказаў ён. — Мы займаемся законнай дзейнасьцю, рэалізуем права людзей на тое, каб час ад часу мяняць уладу. Мы не баімся, бо ня робім нічога супрацьзаконнага. Толькі хочам мець той урад, якога сапраўды заслугоўваюць беларусы».

Пра Бабарыку

Сытуцыю вакол Віктара Бабарыкі экс-кіраўнік ПВТ назваў ціскам, які мае адваротны эфэкт. На яго перакананьне, улада сама сабе робіць «мядзьведжую паслугу», робячы чалавека, супраць якога разьвязалі кампанія цкаваньня, яшчэ больш папулярным.

Пра Лукашэнку

Аляксандар Лукашэнка — самы моцны піяршчык у Беларусі, які, таго не разумеючы, сваімі заявамі і дзеяньнямі раскручвае сваіх апанэнтаў, адзначыў Валер Цапкала.

Сваю праграму ён называе «пазытывісцкай», паколькі яна грунтуецца на досьведзе, які ён атрымаў падчас жыцьця і паездак па сьвеце.

Пра мэту

Канчатковая ягоная мэта — даць магчымасьць людзям шмат зарабляць, заявіў Цапкала. Калі чалавек будзе заможны, будуць разьвівацца ўсе сфэры жыцьця. Гэта створыць стымул дзеля таго, каб набываць ва ўласную калекцыю карціны беларускіх мастакоў, а ня толькі атрымліваць асалоду ад таго, што было выстаўлена ў карпаратыўнай калекцыі «Белгаспрамбанку».

Пра падаткі

Парк высокіх тэхналёгій мусіць стаць своеасаблівай лябараторыяй для разуменьня сыстэмы падаткаабкладаньня Беларусі. Падаходны падатак і ФСЗН агулам складаюць 50%, што забойча для бізнэсу, бо канчатковы прадукт з улікам такіх выдаткаў неканкурэнтаздольны. Ягоныя прапановы — 10% ПДВ і ня болей за 4% абавязковага адлічэньня на сацыяльнае страхаваньне. Тое, чым і завабліваюць рэзыдэнтаў у ПВТ. А так павінна быць па ўсім сэктары эканомікі, перакананы прэтэндэнт на вышэйшую пасаду.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG