Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК адмовілася ад ідэі Бабарыкі аб «суправаджальных лістах» да подпісаў выбарнікаў


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі апублікавала 15 чэрвеня тлумачэньне аб парадку прыёму падпісных лістоў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты і ідэі штабу Віктара Бабарыкі аб «суправаджальных лістах».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Ідэя штабу Бабарыкі была ў тым, каб разам з падпіснымі лістамі даваць сьпісы прозьвішчаў выбарнікаў і нумарацыю падпісных лістоў, каб ведаць, куды і калі здалі кожны з падпісных лістоў. Гэтая ідэя «ня мае ні праўнага, ні фактычнага значэньня», сьцьвярджае ЦВК.

Прымаюць і пералічваюць падпісныя лісты ў асабістай прысутнасьці каардынатара ініцыятыўнай групы, які здае лісты; дату прыёму і колькасьць лістоў засьведчваюць каардынатар групы і чалец тэрытарыяльнай камісіі, які прыняў лісты. ЦВК лічыць гэта дастатковым, каб «гарантаваць поўную захаванасьць здадзеных у камісіі падпісных лістоў».

«Каардынатар ініцыятыўнай групы мае права сфатаграфаваць старонку журналу з вышэйазначанымі зьвесткамі, якія пацьвярджаюць прыняцьце ў яго падпісных лістоў у адпаведнай колькасьці, — дадае ЦВК. — Замест перапісваньня ў „суправаджальныя лісты“ прозьвішчаў выбарнікаў у падпісных лістах бачыцца апраўданым выраб і захоўваньне ініцыятыўнай групай копіяў здадзеных падпісных лістоў».

Хоць ЦВК пакіне без разгляду прапанаваныя штабам Бабарыкі «суправаджальныя лісты», пра адмову ад прыёму падпісных лістоў не ідзецца.

Штаб Бабарыкі тым часам заявіў, што 15 чэрвеня здаў першую партыю падпісных лістоў са 120 тысячамі подпісаў. Агулам, сьцьвярджае штаб, за вылучэньне Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты сабралі 335 тысяч подпісаў, зь іх ужо праверылі 220 тысяч.

Пра збор 100 тысяч подпісаў, неабходных для вылучэньня кандыдата, заяўлялі таксама штабы Аляксандра Лукашэнкі, Валера Цапкалы, Ганны Канапацкай і Сьвятланы Ціханоўскай. Штаб Натальлі Кісель заявіў, што сабраў 108 тысяч подпісаў, але кандыдатка зьнялася з выбараў пасьля скандалу з прызнаньнем парушэньняў падчас збору подпісаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG