Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка дзейнічае ў той жа парадыгме, што і Януковіч аж да канца 2013 году, — кіраўнік фонду «Ўкраінская палітыка»


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі, Жытомір, 4 кастрычніка 2019

Як выглядае беларуская выбарчая кампанія з Кіева? Ці не раздражняюцца ва Ўкраіне няспыннымі спасылкамі Лукашэнкі на «жахі» Майдану? Які вынік беларускіх выбараў будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Украіны?

З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Канстанціна Бандарэнкі, кіраўніка фонду «Ўкраінская палітыка»

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Канстанцін Бандарэнка
Канстанцін Бандарэнка

— На ваш погляд, ці ўсё перадвызначана на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі? Аляксандар Лукашэнка так ці інакш пераможа, будзе абвешчаны пераабраным, а пратэсты калі і будуць, то іх здушаць? Ці магчымыя іншыя сцэнары?

— Сёньня, за два месяцы перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі, нішто не праракуе радыкальных пераменаў. Хочацца верыць, што народ Беларусі будзе разумнейшы і мудрэйшы за ўкраінцаў і ня стане падрываць асновы ўласнай дзяржавы Майданам і рэвалюцыямі. Але заўсёды павінен заставацца пэўны адсотак імавернасьці таго, што ў апошні момант будуць залучаныя радыкальныя тэхналёгіі, якія дазволяць зьмяніць сытуацыю і расстаноўку палітычных сілаў. Талеб называе гэта фактарам «чорных лебедзяў». Да апошняга моманту галоўнай інтрыгай выбараў будзе ня тое, ці пераможа Лукашэнка, а тое, ці не прыляціць «чорны лебедзь».

— Беларуская перадвыбарчая сытуацыя, напэўна, выглядае даволі дзіўна, калі глядзець на яе ўкраінскімі вачыма. Аляксандар Лукашэнка, архітэктар сыстэмы саюзаў з Расеяй, высылае карэспандэнтаў расейскага «Першага каналу», купляе амэрыканскую нафту з падачы дзяржаўнага сакратара ЗША Майка Пампэо, вінаваціць сваіх апанэнтаў у прарасейскасьці. Галоўны ягоны канкурэнт — яшчэ месяц таму шматгадовы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка. Хто на беларускіх выбарах 2020 году «рука Масквы», хто чый спойлер — як гэта бачыцца з Кіева?

— Лукашэнка дзейнічае роўна ў той жа парадыгме, што і Януковіч аж да канца 2013 году: яго знаходжаньне ва ўладзе — гэта безупыннае пікіраваньне з Пуціным, пастаянная палітыка паводле прынцыпу «крок наперад — два крокі назад». Але ўкраінцам даводзілі: Януковіч — ня самы прарасейскі палітык. Вось ёсьць Медзьвядчук — ён па-сапраўднаму прарасейскі. А яшчэ ёсьць камуністы... А Януковіч — ён проста прагматык. Тая ж сытуацыя і цяпер: Маскву задаволіць Лукашэнка, які для Крамля зразумелы і прагназавальны. Пры гэтым ён выступае з пазыцыі нацыянальных інтарэсаў Беларусі, а ўсю «прарасейскасьць» закамутаваў на сябе Бабарыка.

— На сёлетніх выбарах усе асноўныя супернікі Лукашэнкі — і былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Бабарыка, і былы буйны чыноўнік Валер Цапкала, і лідэр пратэсту Сяргей Ціханоўскі — гавораць па-расейску. Размаўляць па-беларуску яны ці ня хочуць, ці проста ня ўмеюць. На ваш погляд, ці вынікае з гэтага, што ўсе яны — «руский мир» у Беларусі?

— Мова не заўсёды ёсьць вызначальным фактарам прыналежнасьці да той ці іншай сьветапогляднай сыстэмы. Маршал Манэргейм вельмі дрэнна гаварыў па-фінску, аддаючы перавагу швэдзкай, нямецкай і нават расейскай мовам. Гетман Скарападзкі вывучыў украінскую мову ўжо ў эміграцыі. Але ніводнага зь іх нельга западозрыць у адсутнасьці патрыятызму. Мае асабістыя назіраньні: беларуская мова паступова адраджаецца, у палітыку прыходзяць новыя пакаленьні, і на наступных прэзыдэнцкіх выбарах кандыдаты ў прэзыдэнты будуць больш актыўна выкарыстоўваць беларускую. Адзінае — ня варта паўтараць тую пасьпешлівасьць у беларусізацыі, якую праявілі мы пры «ўкраінізацыі з кавалерыйскага наскоку».

— Аляксандар Лукашэнка ад пачатку кампаніі паўтарае — мы не дапусьцім Майдану, я не дапушчу да ўлады «майданутых». Наколькі імаверным вам уяўляецца беларускі Майдан (Плошча) сёлета? І наколькі імаверны яго посьпех, калі ён будзе?

— Досьвед шматлікіх украінскіх пратэставых акцыяў паказаў: Майдан пасьпяховы толькі тады, калі існуе надзейнае фінансавае і арганізацыйнае падсілкоўваньне звонку. Я б ня стаў казаць, што Майдан так ужо немагчымы ў Беларусі — занадта важную стратэгічную ролю адыгрывае Беларусь у цяперашнім глябальным супрацьстаяньні паміж ЗША і Расеяй. Занадта вялікая спакуса асобных палітыкаў зьнішчыць апошні калідор паміж Расеяй і Эўразьвязам. Таму ня буду варажыць — магчымы ці немагчымы Майдан у Беларусі. Адкажу словамі Юліюса Фучыка: «Людзі, будзьце пільныя!».

— Ці выклікаюць ва Ўкраіне раздражненьне гэтыя апэляцыі Лукашэнкі да ўкраінскага палітычнага досьведу?

— Магчыма, хтосьці адчувае сябе пакрыўджаным. Мяне гэтыя словы не зачапілі. Але я не магу расьпісвацца за ўсю Украіну — я вялікі праціўнік «Майдану» і «імпарту/экспарту дэмакратыі», і мая думка не заўсёды можа быць аб’ектыўнаю. Я асабіста ня чуў масавага абурэньня словамі беларускага лідэра.

— У мінулым годзе аўтарытар Лукашэнка даволі нечакана прагназаваў перамогу на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Ён даваў зразумець, што гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі, як ён іх разумее. А які вынік выбараў прэзыдэнта Беларусі сёлета адпавядаў бы нацыянальным інтарэсам Украіны, як іх разумееце вы?

— Скажу больш: нават у Расеі рабілі стаўку на перамогу Пятра Парашэнкі. Прынамсі да сакавіка 2019 году. Таму Лукашэнка быў не самотны ў сваіх прагнозах. Ён спадзяваўся, што ва Ўкраіне будзе захаваная прагназаванасьць дзеяньняў улады, без асаблівых узрушэньняў. У Кіеве таксама спадзяюцца, што пасьля жніўня 2020 году ў Беларусі захаваецца прагназаванасьць і стабільнасьць. Зяленскі ж павінен ведаць, з кім яму сустракацца ў кастрычніку, пагатоў ён так адкрыта капіюе раньняга Аляксандра Рыгоравіча.

— А чаго, на вашу думку, чакае ад выбараў у Беларусі Масква, за каго «заўзее» яна?

— Масква чакае, што Беларусь застанецца надзейным партнэрам і не «сплыве» на Захад.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG