Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнку цяпер вельмі страшна». Што пішуць ва Ўкраіне пра выбары ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ў Горадні, 10 чэрвеня 2020 году

Запуск Беларускай атамнай электрастанцыі, асаблівая мадэль барацьбы беларускіх уладаў з пашырэньнем каранавірусу, нечакана актыўная прэзыдэнцкая кампанія і зьмена ўраду напярэдадні выбараў — гэтыя тэмы найчасьцей сёньня абмяркоўваюцца ва ўкраінскіх сродках масавай інфармацыі.

У той жа час украінскія журналісты і аналітыкі пакуль не ацэньваюць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі з пункту гледжаньня іхнай будучай палітыкі ў кантэксьце ўкраінска-расейскага канфлікту. Найчасьцей яны аналізуюць шанцы Аляксандра Лукашэнкі ўтрымаць уладу на наступныя пяць гадоў.

Стабільнасьць пахіснулася

Паводле інтэрнэт-выданьня «Дзеркало тижня», цяперашняя выбарчая кампанія пайшла ня так, як плянавалі ўлады, і гэтаму спрыяла некалькі фактараў: ускладненьне стасункаў з Расеяй, эпідэмія каранавірусу, нафтавы крызіс і нечакана моцныя супернікі.

«Былі асьцярогі, што Крэмль настолькі стаміўся ад Лукашэнкі, што ён быў гатовы ўкласьці грошы і энэргію ў прасоўваньне свайго стаўленіка. Аднак гэтага не адбылося: нягледзячы ні на што, Масква толькі чакае. Упершыню расейскае кіраўніцтва публічна не падтрымлівае Лукашэнку, але ня робіць стаўкі на каго-небудзь зь ягоных супернікаў», — піша выданьне.

У артыкуле таксама адзначаецца, што цяперашні кіраўнік Беларусі ўпершыню за ўвесь час сваёй улады апынуўся ў сытуацыі, калі перад выбарамі яму няма чым пахваліцца і няма грошай для павелічэньня даходаў насельніцтва. І адначасова зьявіліся сур’ёзныя супернікі — «харызматычны відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, банкір Віктар Бабарыка і дзяржкіраўнік Валер Цапкала».

«Сытуацыя для Лукашэнкі складваецца вельмі некамфортна. На ўсіх папярэдніх выбарах ён сутыкаўся толькі з кандыдатамі ад невялікай нацыянальна арыентаванай апазыцыі ў Беларусі, якія ня мелі ані народнай падтрымкі, ані грошай (за выключэньнем заходніх грантаў) і ўвогуле былі мала каму вядомыя. І то даводзілася настолькі фальсыфікаваць вынікі, што часам, напрыклад у 2010 годзе, гэта прыводзіла да масавых пратэстаў і грамадзянскага непадпарадкаваньня», — піша выданьне.

Выданьне лічыць, што зьмена ўраду ў Беларусі і апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра выкарыстаньне сілы сьведчаць аб тым, што ён ня мае намеру адмаўляцца ад улады і што цяперашнія выбары для яго ня больш як звыклая фармальнасьць.

«Папраўдзе, мала хто ў Беларусі зараз сумняваецца, што Лукашэнка будзе „перавыбраны“ на чарговы прэзыдэнцкі тэрмін. Пытаньне ў тым, ці дасядзіць ён у гэтым крэсьле да ягонага заканчэньня».

«Асуджаны на паразу»

Палітычны аглядальнік выданьня «Новое время» Іван Якавіна мяркуе, што ўпершыню Аляксандар Лукашэнка «асуджаны на паразу».

Журналіст перакананы, што крыніцай праблем дзейнага кіраўніка Беларусі стала зьяўленьне апазыцыі, якую, па сутнасьці, ачоліў відэаблогер Сяргей Ціханоўскі:

«У апошнія некалькі тыдняў у Беларусі адбываецца вельмі цікавы працэс. Крызіс быццам разбудзіў мясцовых жыхароў ад вельмі доўгага летаргічнага сну. Яны праціраюць вочы, глядзяць па баках і прыходзяць у жах ад таго, што ў іх краіне пануе палітычная дыктатура, эканамічны каляпс, каранавірусная эпідэмія. Страх і зьдзіўленьне зьмяняюцца злосьцю, а злосьць дае сілы для дзеяньняў. Упершыню за доўгі час усёй краінай ня проста гатовыя дзейнічаць — яны ўжо дзейнічаюць».

«Раней людзі баяліся адкрыта падтрымліваць апазыцыянэраў, а цяпер гэтыя кілямэтровыя чэргі сталі сапраўднымі мітынгамі пратэсту. Многія людзі туды сталі прыносіць свае старыя тэпці — як сімвал хуткага збавеньня ад „таракана“».

Іван Якавіна перакананы, што калі чалавек не пабаяўся і аддаў свой подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата, то ён пойдзе і на выбарчы ўчастак, каб падтрымаць яго, а потым выйдзе і на вуліцу, каб абараніць свой голас:

«А вось гэта ўжо называецца страшным для ўсіх дыктатараў словам „Майдан“. І гэтага яны баяцца больш за ўсё. Лукашэнка разваліў эканоміку, пасварыўся і з Расеяй, і з Захадам, зладзіў у краіне мор, таму грошай у яго няма, а ратаваць яго бясплатна ніхто ня будзе. Яму цяпер вельмі страшна. Ён баіцца, што гэтым разам ніякія махінацыі не дапамогуць, што беларусы выйдуць на вуліцы і прымусяць яго аддаць уладу новаму прэзыдэнту».

Між Расеяй і Эўропай

Аналітык і журналіст-міжнароднік Тарас Семянюк у эфіры Ўкраінскага радыё адзначыў, што беларускай уладзе патрэбен допуск на выбары альтэрнатыўных кандыдатаў, каб надаць выбарчаму працэсу «дэмакратычнасьці»:

«Калі дапусьцяць умоўна дэмакратычных кандыдатаў, гэта будзе зроблена для таго, каб умоўная бачнасьць дэмакратыі ў Беларусі ўсё яшчэ працавала. Для Лукашэнкі важна сябраваць з Эўрапейскім Зьвязам — гэта і бязьвіз, і наладжваньне стасункаў, і запасны варыянт у сытуацыі з Масквой. Калі Масква будзе надта ціснуць на Лукашэнку, ён адразу пераключыць сваю ўвагу або на амэрыканцаў, або на эўрапейцаў».

На думку Тараса Семенюка, Лукашэнка зьмяніў урад да правядзеньня выбараў, каб прадэманстраваць, хто ў краіне гаспадар:

«Лукашэнка — гэта чалавек, які будуе пад сябе ўсю сыстэму. Яму патрэбен урад, які ў поўнай меры рэалізуе прэзыдэнцкую праграму. Другі важны момант — паказаць людзям, і гэта характэрна для Расеі, для Беларусі, і патроху мы ўбачым парасткі такога ўраду ва Ўкраіне, што прэзыдэнт — гэта своеасаблівы эпіцэнтар улады, які дазваляе сабе адправіць у адстаўку ўрад, распусьціць парлямэнт, адправіць усіх на выбары і такім чынам паказаць, хто ў доме галоўны. Асноўныя матывы зьмены ўраду — узмацненьне ўлады прэзыдэнта, што паўплывае на фармаваньне грамадзкай думкі грамадзян, якія будуць патрабаваць ад Лукашэнкі рашучых дзеяньняў, і гэта будзе прадстаўлена як барацьба з карупцыяй».

«Рэпрэсіі замест дабрабыту»

Журналіст Віталь Портнікаў мяркуе, што зьмена ўраду, наадварот, сьведчыць аб няўпэўненасьці Лукашэнкі ў сваёй пазыцыі:

«Я маю вялікія сумневы, што цяпер беларускаму кіраўніку дапаможа ягоны любімы фокус са зьменай ураду. Беларусь на парозе сур’ёзных эканамічных выпрабаваньняў. У гэтым яна, вядома, нічым не адрозьніваецца ад іншых эўрапейскіх краін.

Але дзесяцігодзьдзямі Лукашэнка пераконваў беларусаў, што яны павінны разьлічваць на дзяржаву, нават і не на дзяржаву, а на яго асабіста, а не на саміх сябе — і ў гэтым сурʼёзнае адрозьненьне беларусаў ад палякаў ці ўкраінцаў.

Ці можа сёньня дзяржава нешта зрабіць, нават калі Лукашэнка будзе мяняць прэмʼер-міністраў штомесяц, вялікае пытаньне. Ці захоча дапамагаць Лукашэнку Пуцін, раззлаваны непадатлівасьцю Лукашэнкі, таксама няма гарантыі. Але мне зразумела адно: Лукашэнка можа прапанаваць беларусам хіба што гарматы замест масла, рэпрэсіі супраць апазыцыі замест эканамічнага росту і дабрабыту».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG