Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галасаваў за яго, бо думаў, што за мной сочаць». Былы чыноўнік Менгарвыканкаму расказаў пра атмасфэру працы дзяржслужбоўцаў


Яўген Кедрун

Былы супрацоўнік Менгарвыканкаму Яўген Кедрун напісаў адкрыты зварот да дзяржаўных службоўцаў. У ім ён заклікаў былых калегаў перастаць баяцца і слухаць сваё сумленьне. Пра тое, чаго і чаму баяўся на дзяржаўнай службе сам Кедрун, ён расказаў у інтэрвію Свабодзе.

У 2010 годзе Яўген Кедрун пачаў працаваць у аддзеле пратаколу замежных сувязяў Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. Пасьля трох гадоў працы звольніўся, маючы 7-ю клясу дзяржаўнага службоўца. Спачатку працаваў у IT-індустрыі, пяць гадоў таму паехаў працаваць у ЗША.

У панядзелак у сваім Фэйсбуку ён апублікаваў зварот да дзяржаўных службоўцаў Беларусі. Кедрун распавёў пра атмасфэру страху сярод чыноўнікаў, цкаваньне і прымус з боку начальства. Ён заклікаў былых калегаў запісваць усе супрацьпраўныя крокі, якія іх прымушаюць рабіць, і выкладаць відэа або аўдыё ў Інтэрнэт.

Цытаты са звароту:

  • «Самае горшае што зможа адбыцца — вы страціце сваю нізкааплачваную працу».
  • «Мне таксама было страшна, я сыходзіў у невядомасьць, але маё жыцьцё зьмянілася ў лепшы бок — зможа і ваша!»
  • «Паверце, просты беларускі народ вас падтрымае і не пакіне на вуліцы. Не бойцеся артыкулу ў працоўнай кніжцы — ён ня стане перашкодай для працаўладкаваньня ў прыватным бізнэсе, а хутчэй наадварот».
  • «Паглядзіце на мэдыкаў — падчас вірусу яны сталі героямі! Не дзяржава, а менавіта простыя людзі гатуюць ім абеды, дапамагаюць сродкамі абароны і грашыма».
  • «Вы таксама зможаце стаць героем сваёй краіны — проста перастаньце баяцца і слухайце сваё сумленьне!»
Сядзіба Менгарвыканкаму
Сядзіба Менгарвыканкаму

«Мусіў выслухоўваць пастаянныя абразы»

Яўген — выпускнік факультэту міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Кажа, што зь юнацтва яму падабаліся замежныя мовы і ён марыў прадстаўляць сваю краіну на міжнароднай арэне. Спачатку хацеў знайсьці працу ў МЗС, але не ўдалося. Знайсьці працу змог у Менгарвыканкаме, у аддзеле пратаколу, які займаецца прыёмам афіцыйных дэлегацыяў сталіцы, дбае пра годны побыт і камфорт гасьцей гораду.

Ужо ў першы працоўны дзень ён сутыкнуўся з рэальнасьцю, якой не чакаў. На яго вылаяўся матам загадчык гаспадаркі за тое, што Яўген папрасіў два папяровыя ручнікі ў туалет.

«Там вісеў ільняны ручнік, якому было, хіба, 5 гадоў і які пэрыядычны мылі. Я хацеў, каб госьці сталіцы змаглі нармальна выцерці рукі ў туалеце, але замест таго я мусіў выслухоўваць прамову пра тое, хто і колькі с...ра», — кажа Яўген.

Такім, паводле яго, быў кожны візыт да гэтага спэцыяліста. Каб атрымаць нешта для працы, ён мусіў выслухоўваць пастаянныя абразы.

«Чалавек — гэта сацыяльная істота, калі ён знаходзіцца ў такім статку, то ён пераймае паводзіны таго, хто так ставіцца да яго. Мы бачым па тэлевізары, як атрымоўваюць прачуханку людзі на высокіх пазыцыях. Адпаведна, спачатку гэта ідзе зьверху, а потым тое самае адбываецца ўнізе. Той чалавек, магчыма, стаў няшчасным, бо і яго таксама кантралявалі. І ён думае, што гэта добры мэтад кіраваньня людзьмі. Яму хочацца выслужыцца, паказаць, што ён адданы сыстэме».

У Менгарвыканкаме Яўген зарабляў 350 даляраў і ў выніку такога стаўленьня вышэйшага за яго службоўца за ўласныя грошы набываў і папяровыя ручнікі, і паперу, і асадкі.

«То бок я плаціў, каб працаваць. Гэта ні ў якія вароты ня ўпісваецца. Туалетная папера — гэта проста драбяза, але калі ты за яе атрымоўваеш такую прачуханку, то што будзе, калі ты накасячыш больш. Большасьць службоўцаў — працавітыя і добрыя людзі. Але яны жывуць страхам, што страцяць працу і што нікому ня будуць патрэбнымі, калі пакінуць дзяржаўную службу».

Такія адносіны ў дзяржаўных установах Яўген параўноўвае з праблемай цкаваньня ў школах, дзе аднаклясьнікі вельмі часта ня могуць заступіцца за вучня, зь якога зьдзекуюцца іншыя аднагодкі.

«Я ведаю пра што кажу, бо пасьля пераходу з адной школы ў іншую стаў ахвярай цкаваньня. Мае аднагодкі бачылі, што з іхнага аднаклясьніка зьдзекуюцца, і яны нічога не маглі зрабіць, бо так робяць усе. Калі б яны сталі на мой бок, то пачалі б цкаваць і іх. Гэты страх працуе аналягічна і ў дарослым жыцьці, ён не спыняецца, проста набывае новыя формы».

«Я бегаў за гарвыканкам на «Менскай лыжні». Усіх па разнарадцы прымусілі»

Яўген расказвае, што парушэньне, напрыклад, Працоўнага кодэксу ў дзяржаўных органах, зьяўляецца нормай. Праца ў пазарабочы час, выходныя дні або гарантаваныя законам выдаткі ў камандзіроўках — вельмі часта не аплачваюцца.

«Так проста склалася, і ўсе прызвычаіліся. Падобная сыстэма была і пры СССР, калі людзі працавалі за ідэю. Я часам працаваў з дэлегацыямі па 3 дні з 12-гадзінным рабочым днём. А потым я мог атрымаць вымову за тое, што спазьніўся на 57 сэкундаў».

Паводле закону, прысутнасьць на суботніках і мерапрыемствах, такіх як спартакіяды, неабавязковыя. Дзяржаўныя службоўцы самі маюць права вырашаць, ці ўдзельнічаць ім у такіх падзеях. Але на практыцы, кажа Яўген, людзі баяцца пайсьці насуперак начальству.

«Табе кажуць: мы ідзем на суботнік. Ты разумееш, што гэта працуе як натоўп і ўсе пагаджаюцца ісьці. Я падпісваўся ісьці, бо разумеў, што я не магу гэтага не зрабіць. Ніхто мне не казаў, што ў мяне будуць праблемы, калі я не пайду, казалі проста: мы ўсе ідзем на суботнік. Я бегаў за гарвыканкам на «Менскай лыжні». Усіх па разнарадцы прымусілі, у тым ліку і намесьнікаў адміністрацыяў. Усе беглі, нават тыя, хто першы ці другі раз за жыцьцё стаяў на лыжах. Але ўсё роўна бяжыць, бо трэба».

На пярэчаньне, што ў тэлесюжэтах на дзяржаўных каналах удзельнікі такіх мерапрыемстваў выглядаюць шчасьлівымі людзьмі з усьмешкай і добрым настроем, Яўген адказвае:

«Я таксама там сябе так паводзіў. Калі цябе паказваюць па тэлевізіі, то ты разумееш, што гэта публічны выступ. Як ты можаш там не ўсьміхацца. Усе гуляюць у гэтую гульню».

Яўген на суботніку, сюжэт СТВ 2013 году

«Я ведаю, што ім страшна, бо сам там быў»

Зварот Яўгена ў сацыяльных сетках распаўсюдзілі сотні карыстальнікаў, ён атрымаў шмат пызытыўных водгукаў. Але з былога месца працы яму пакуль ніхто не напісаў. Яўген перакананы, што прычына — страх.

«Думаю, што людзі баяцца, яны ўпэўненыя, што за імі сочаць. Людзі баяцца, што іх могуць праслухоўваць, яны баяцца, што нехта чытае іх перапіску ў інтэрнэце. Я проста хацеў сказаць людзям, што альтэрнатыва ёсьць і што калі іх прымушаюць рабіць нешта супрацьзаконнае, то гэтую сыстэму або можна пакінуць, або зьняць на відэа начальніка, які прыходзіць і загадвае паставіць подпіс за кагосьці там. Як толькі такія людзі трапляюць на камэру, то яны адразу супакойваюцца».

Унутры дзяржаўных структур, паводле Яўгена, сыстэма прымушае заўсёды адчуваць ціск, страх, што за табой сочыць трэцяе вока. І ў выніку ў людзей ствараецца ілюзія, што яны нікчэмныя, што яны нічога ня могуць.

«Я памятаю, як я сам хадзіў на выбары 2010 году. Мне было страшна, я лічыў, што за мной сочаць. Мне здавалася, што ў месцы, куды кладзецца бюлетэнь, можа стаяць камэра, нават нягледзячы на тое, што гэта зачыненая кабінка. Толькі з гэтай прычыны я тады прагаласаваў за яго, за дзейнага прэзыдэнта. Я ведаю, што ім страшна, бо сам быў там».

Яўген кажа, што службоўцы ў дзяржаўных установах разумеюць, што выбары фальсыфікуюць, усе чыноўнікі чытаюць навіны і разумеюць нюансы беларускай рэчаіснасьці. Але людзі там ня бачаць альтэрнатывы, дадае ён.

«Раней апазыцыя казала, што ўсё кепска, што чыноўнікі кепскія, давайце ўсіх звольнім. Але трэба глядзець і зь іншага боку. У нас шмат людзей працуюць на дзяржаву, і для іх гэта непасрэдная пагроза. Ніхто з апазыцыі не казаў: людзі, не хвалюйцеся, мы ўсіх прааналізуем, калі вы працуеце сумленна, то не хвалюйцеся, мы з вамі. Былі вельмі радыкальныя лёзунгі, і ўсе разумелі, што так, выбары несумленныя, але яны адчувалі пагрозу для сябе».

Менавіта таму, на думку Яўгена, апанэнты ўлады ня маюць вялікай падтрымкі ад людзей, якія працуюць на дзяржаву. На пытаньне, хто канкрэтна з апазыцыйных палітыкаў пагражаў рэпрэсіямі дзяржаўным службоўцам у выпадку прыходу да ўлады, Яўген адказвае:

«Справа ў тым, што калі табе ня кажуць, што будзе далей, то ты пачынаеш гэта сам дадумляць. І ты маеш словы зьверху, што апазыцыя — гэта кепска, што яны ворагі. Ты ня чуеш пазыцыю іншага боку і прымаеш адпаведную ролю».

«Казалі, што я іх падставіў і таму яны падставяць мяне»

Ужо пасьля паўгода працы ў гарвыканкаме Яўген зразумеў, што гэта далёка ня тая праца, пра якую ён марыў. Але яшчэ больш за два гады пасьля гэтага ён працягваў быць дзяржаўным службоўцам.

«Часам мне было сорамна за нейкія прамовы чыноўнікаў у прысутнасьці замежных гасьцей, але я думаў, што кар’ера на дзяржаўнай службе — адзіная магчымасьць зарабіць. Я стараўся сумленна працаваць і далей. Хаця калі я глядзеў на свой заробак — 300 даляраў, то не разумеў, як за такія грошы можна пабудаваць кватэру коштам 80 тысяч даляраў. А трэба яшчэ купіць ежу, нешта яшчэ. І калі мае аднакурсьнікі казалі, што зараблялі 1500-2000 даляраў, проста будучы адміністратарам інтэрнэт-крамы, то ў гэта слаба верылася. Здавалася, што ўсе гэтыя людзі, якія езьдзяць на дарагіх машынах, або гэта скралі або несумленна зарабілі».

Яўген атрымаў пазыцыю начальніка, меўся займацца вывадам сталічных прадпрыемстваў на міжнародныя рынкі. Кажа, што там ён на ўласныя вочы пабачыў паказуху на «квітнеючых заводах» і зразумеў, наколькі неэфэктыўна працуе сыстэма.

У 2013 годзе ён вырашыў звольніцца. Праўда, аказалася, што гэта ня так проста. Пасьля заявы аб звальненьні Яўгену паабяцалі, што праз 2 тыдні ён можа быць вольны. Але калі да звальненьня заставалася 3 дні, яму паведамілі, што звальняць ня стануць, бо будуць скарачэньні, маўляў, яны ня хочуць страціць стаўку ў аддзеле.

«Казалі, што я іх падставіў і таму яны мяне падставяць. І калі захачу сысьці, то толькі паводле артыкулу. Два тыдні я хадзіў па кабінэтах, мне казалі, што я здраднік, што я нікому не патрэбны і што не змагу знайсьці працу».

Але высілкі Яўгена далі плён. Звольнілі яго па згодзе бакоў. Але гэта быў не адзіны страх. Cтрашна было звальняцца яшчэ і таму, што дзяржаўных службоўцаў, паводле яго, ня любяць на іншых працах.

«Ім стараюцца помсьціць. Мне адкрыта выказвалі ў твар прэтэнзіі, што я працаваў у выканкаме. Але ў размове я даваў ім зразумець, што яны ня маюць рацыі. Былі такія прыватныя бізнэсы, дзе я бачыў такія самыя прынцыны кіраваньня, што і ў дзяржаве. У мяне было 4 прапановы працы, і я знайшоў тое, што спадабалася найбольш».

«У Амэрыцы да дзяржаўных службоўцаў ставяцца вельмі паважліва»

Яўген Кедрун каля Капітолія, у Вашынгтоне
Яўген Кедрун каля Капітолія, у Вашынгтоне

Пасьля трох гадоў у Менгарвыканкаме Яўген знайшоў працу ў IT-індустрыі, са значна большым заробкам і зусім іншай атмасфэрай. Але ў 2015 годзе ён вырашаў эміграваць у ЗША. Цяпер ён працуе агентам нерухомасьці у Каліфорніі, у прыватнай кампаніі.

«Тут таксама ёсць дзяржаўныя арганізацыі, якія працуюць хутка, а ёсьць і такія, што горш, чым у нас. Новыя правы кіроўцы трэба чакаць 1,5-2 месяцы. Ня ўсё так казачна, як паказве галівудзкі кінэматограф. Але нават пры тым, што ў Амэрыцы часта кажуць пра неабходнасьць скарачаць дзяржаўны бюджэт, да дзяржаўных службоўцаў тут усе ставяцца вельмі паважліва».

Такіх адносін, зь якімі Яўген сутыкнуўся з гарвыканкаме, у ЗША ён нават уявіць ня можа. Галоўная заслуга, на яго думку, у тым, што амэрыканцы працуюць зь мінімальнымі эмоцыямі, для іх на працы асноўнымі лічацца разьлік і выгада. Вельмі важным фактарам ён называе незалежную судовую сыстэму.

«Калі чалавека тут прымусяць ісьці на нейкае мерапрыемства і адмовяцца плаціць за дадатковыя гадзіны, то хутчэй за ўсё, на такога чыноўніка пададуць у суд. Калі б была такая судовая справа, то знайшліся б дзясяткі адвакатаў, якія былі б шчасьлівыя дапамагчы. Бо яны зарабляюць камісію, а ўсе разумеюць, што гэта будзе плаціцца зь дзяржаўных грошай».

Такога загадчыка гаспадаркі, зь якім ён працаваў у гарвыканкаме ў Менску, у дзяржструктуры ў Амэрыцы наўрад ці нехта трымаў бы, лічыць Яўген. Такі спосаб камунікацыі проста недапушчальны на ўзроўні прадстаўніка ўлады.

«У чалавека, які тут працуе на дзяржаву, павінна быць сумленная рэпутацыя. Любы дзяржаўны службовец тут павінен быць аратарам і дыпляматам. Гэта бярэцца з таго, што ў краіне ёсьць апазыцыя, дзьве партыі, якія канкуруюць. Розныя штаты маюць розную ўладу. У людзей ёсьць выбар, і так краіна і працуе».

У сваім звароце Яўген апісаў, як вучыўся ў інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіраваньня ў Менску. Гэта была просьба ад начальства, паколькі другая вышэйшая адукацыя дазволіць рухацца па кар’ернай лесьвіцы.

«Мне зусім не хацелася рыхтавацца да экзамэнаў і праходзіць яшчэ адзін унівэрсітэт проста для корачкі. Але, аказваецца, уступных экзамэнаў для дзяржаўных службоўцаў няма — трэба толькі заяву і ліст з працы. Вучоба нагадвала дзіцячы садок, а адзнакі за іспыт выстаўлялі ў адпаведнасьці з пасадай. На ўсіх заліках і экзамэнах адзінае пытаньне да ўсіх было такое: «А дзе вы працуеце і на якой пасадзе?» Быў толькі адзін выкладчык, які адважыўся паставіць мне 4 з 10 за курсавую (я яе зрабіў за 10 хвілін). Астатнія адзнакі былі 9 і 10. Магчыма, рэдка было 8. Вось такія «Дзьве вышэйшыя адукацыі» ў нашых кіраўнікоў...»

«Бабарыка і Цапкала рэальна глядзяць на стан рэчаў»

Адным з чыньнікаў, які прымусіў Яўгена зьвярнуцца да дзяржаўных службоўцаў, стала выбарчая кампанія і зьяўленьне, на ягоную думку, патэнцыйных кандыдатаў, якія разумеюць людзей у дзяржаўных структурах і чыё пасланьне разумеюць і чыноўнікі.

«Бабарыка і Цапкала — гэта годныя кандыдаты. Гэта людзі, якія ўсё робяць пісьменна. Я бачу, што яны не ідуць на канфрантацыю на раньніх этапах. Я бачу, што гэта людзі, у якіх ёсьць стратэгія. Калі я гляджу на Цапкалу, то разумею, што ён прысутнічаў на планёрках Менгарвыканкаму, якія праводзяцца кожны панядзелак. Ён працаваў у МЗС і разумее структуру дзяржавы, як яна працуе. Ён прыблізна ведае людзей, якія там працуюць. Бабарыка працаваў у вялікай кампаніі, і там праблемы тыя самыя, што і ў дзяржавы: як зарабіць грошы і як іх правільна выдаткаваць».

Людзі без такога досьведу, на думку Яўгена, проста ня могуць разумець усіх працэсаў. Цапкалу і Бабарыку ён называе кандыдатамі, якія рэальна глядзяць на рэчы і могуць нешта памяняць у краіне мірным шляхам.

«Лёзунгі «Давайце вернем беларускую мову» яны, магчыма, і слушныя. Але наша праблема ня ў гэтым. Наша праблема ў эканоміцы. І калі людзям паслаць мэсыдж, што што ў прэзыдэнты ідуць тыя, хто проста хоча зьмяніць мэтады кіраваньня, бяз помсты дзяржаўным службоўцам, гэтага будзе дастаткова. У людзей недахоп інфармацыі, і яны баяцца страціць усё. Пасланьне павінна быць, што мы з вамі заадно і што давайце разам».

Яўген прыводзіць у прыклад супрацоўнікаў міліцыі, якія часта апынаюцца пад агнём крытыкі з боку апанэнтаў улады. Ён прапануе зраузмець іх сытуацыю і знайсьці зь імі агульную мову.

«Там шмат маладых хлопцаў, якія яшчэ ня могуць разабрацца, што да чаго. Там таксама пастаянныя перапрацоўкі, дакумэнтацыя. Ты прыходзіш з працы дадому і далей запаўняеш рапарты і справаздачы. І калі ў цябе такая рутына, праца шэсьць дзён на тыдзень, то ты ня можаш спыніцца і падумаць нават, што нешта ня так. Мы адчуваем перад імі жывёльны страх або нянавісьць. Але яны таксама запалоханыя. Калі б мы размаўлялі і з другой часткай грамадзтва, то вынік быў бы іншым», — лічыць Яўген.

Зьмяніць сыстэму, якая склалася за 26 гадоў, будзе вельмі складана, лічыць Яўген, але цяпер, на яго думку, ідэальны час, каб гэта зрабіць.

«У нас вельмі разумны, мірны, працавіты і талерантны народ. Наша працоўная сіла каштуе няшмат, інвэстары, якія сюды прыйдуць, будуць задаволеныя. Замежныя кампаніі могуць зьбіраць у нас свае аўтамабілі. У нас праца каштуе таньней, чым у рэшце Эўропы, а людзі вельмі адукаваныя. Ды нават Кітай ужо пераводзіць многія вытворчасьці за мяжу. У нас вельмі добрыя магчымасьці ў эканоміцы. Калі да ўлады прыйдуць людзі, якія скажуць: так, давайце пяройдзем да прыватнага капіталу — у нас шмат што атрымаецца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG