Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі палітоляг: Гульня ў прасьцяка забясьпечыла Лукашэнку яго палітычнае даўгалецьце


Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка
Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка

Свабода прапанавала шэрагу ўкраінскіх палітыкаў і экспэртаў выказаць свае меркаваньні аб тым, як Беларусь і яе лідэр паўплывалі на Ўкраіну за чвэрць стагодзьдзя прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Сьцісла:

  • Бандарэнка: Гульня ў прасьцяка забясьпечыла Лукашэнку яго палітычнае даўгалецьце — ён здолеў абгуляць многіх «складаных» і «дзелавых»
  • Ільленка: Лукашэнка супраціўляецца расейскаму ціску, але ён часта бывае закладнікам сваёй шматгадовай прарасейскай рыторыкі і палітыкі
  • Беразюк: Беларусі ня так лёгка існаваць паміж жорнамі расейскай тыраніі і дэспатыі і неаспрэчнай прагі ўкраінцаў жыць у свабоднай дзяржаве

Канстанцін Бандарэнка, палітоляг, паліттэхноляг, кіраўнік фонду «Украінская палітыка»:

— Лукашэнку называюць «прарасейскім прэзыдэнтам». Але за апошнія дзесяць гадоў ніводнага году не абыходзілася бяз спрэчкі паміж Масквой і Менскам адносна тарыфаў, паставак нафты, «падатковых манэўраў» і г. д. Пры гэтым у большасьці выпадкаў Лукашэнку ўдавалася адстаяць інтарэсы Беларусі. Сёньня ў камандзе Лукашэнкі дамінуюць людзі, якіх складана назваць русафіламі — гэта хутчэй прыхільнікі разьвіцьця ўласнай сувэрэннай дзяржавы.

Я думаю, на адной з цэнтральных плошчаў Менску трэба паставіць помнік Арсеню Яцанюку — былому прэм’ер-міністру Ўкраіны. Дзякуючы яго глупству Беларусь у апошнія пяць гадоў атрымала магутны штуршок для разьвіцьця эканомікі. Украіна страціла сваё транзытнае становішча — тавары пайшлі празь Беларусь. Украіна пасварылася з Расеяй — эканамічныя сувязі паміж украінскімі таваравытворцамі і расейскім рынкам пайшлі празь Беларусь (без асаблівага афішаваньня). Польшча пераключыла сваю ўвагу з Украіны на Беларусь і пачала разьвіваць шэраг праектаў, якія раней прызначаліся для Ўкраіны. Кітай перанёс вытворчасьць аўтамабіляў з Украіны ў Беларусь. Пасьля адмены авіязносін паміж Украінай і Расеяй увесь пасажырскі паток ідзе празь Менск. А гэта — дадатковыя грошы, дадатковае падсілкоўваньне эканомікі, дадатковыя палітычныя бонусы.

За 25 гадоў Лукашэнка моцна зьмяніўся. Ён набраўся палітычнай вагі і палітычнай мудрасьці.

Пад зьнешняй непасрэднасьцю і прастатой крыецца вельмі сурʼёзны палітычны розум. Гульня ў прасьцяка забясьпечыла Лукашэнку яго палітычнае даўгалецьце — ён здолеў абгуляць многіх «складаных» і «дзелавых».

Так, у Беларусі ня ўсё гладка. Так, многія рэчы могуць здавацца залішнімі і рудымэнтарнымі (мае сябры ў Менску скардзяцца на тое, што Беларусь — гэта закансэрваваны Савецкі Саюз). Але на сёньняшні дзень можна канстатаваць два моманты. Па-першае, Беларусь — гэта адзіная ў Эўропе сацыяльная дзяржава. Па-другое, Беларусь — гэта адзіная дзяржава постсавецкай прасторы, якая здолела пазьбегнуць войнаў і буйных рэвалюцыйных узрушэньняў.

А гэта дорага каштуе.

Андрэй Ільленка, пазафракцыйны дэпутат Вярхоўнай Рады, чалец партыі «Свабода»:

— Безумоўна, Беларусь і Ўкраіна маюць узаемны ўплыў. Мы вельмі блізкія краіны, і калі б мы прыбралі з нашых дачыненьняў расейскі фактар, які ёсьць вельмі вялікім, гэта магло б зьмяніць нашыя стасункі. Украіна спрабуе ад яго вызваліцца, а Беларусь дагэтуль застаецца пад вялікім расейскім уплывам, і гэта дэфармуе нашыя дачыненьні. Фактычна вельмі часта замест Беларусі суб’ектам выступае Расея.

Складана сказаць, у часе якога ўкраінскага прэзыдэнта ўплыў Беларусі быў найбольшым ці найменшым. Галоўнае, што Беларусь і Ўкраіна ня маюць таксічнага ўплыву. І я перакананы, што ў будучыні Ўкраіна і Беларусь мусяць стаць надзвычай блізкімі хаўрусьнікамі, у тым ліку і для стрыманьня расейскага ціску і прагі Расеі аднавіць імпэрыю, якая немагчымая без Украіны і безь Беларусі. Гэта ключавыя складнікі, бо калі Расея ня будзе кантраляваць гэтыя дзьве краіны, то і імпэрыю ня ўдасца аднавіць.

Менавіта таму вельмі важныя ўкраінска-беларускія стасункі, якія ў пэрспэктыве могуць стаць цьвёрдым альянсам. Лукашэнка цяпер знаходзіцца ў складанай сытуацыі, бо Расея апошнім часам вельмі моцна цісьне на Беларусь з мэтай ліквідацыі беларускай дзяржаўнасьці. Цяпер Лукашэнка гэтаму супраціўляецца, але ён часта бывае закладнікам сваёй шматгадовай прарасейскай рыторыкі і палітыкі. Ён сам ішоў да ўлады пад прарасейскімі лёзунгамі, ён быў ініцыятарам стварэньня Саюзнай дзяржавы, якая ўсе гэтыя гады заставалася толькі на паперы, а цяпер Расея спрабуе гэты праект ажывіць. І цяпер Лукашэнка ўжо ня можа пайсьці на адкрыты канфлікт з Расеяй, бо сваю палітыку ён будаваў менавіта на прарасейскай рыторыцы. Але пайсьці давядзецца, бо Расея не адмаўляецца ад спробаў канчаткова ператварыць Беларусь у свой пратэктарат.

Алег Беразюк, кіраўнік фракцыі партыі «Самадапамога» у Вярхоўнай Радзе:

— Я пазьбягаю ацэнак на адрас прэзыдэнтаў іншых краін, бо я там не жыву і ня ведаю, але мне здаецца, што Беларусь у дачыненьні да Ўкраіны заўсёды ўтрымлівае такую нэўтральную сяброўскую пазыцыю. Беларусі ня так лёгка існаваць паміж жорнамі расейскай тыраніі і дэспатыі і неаспрэчнай прагі ўкраінцаў жыць у свабоднай дзяржаве. Мне здаецца, што такая пазыцыя Лукашэнкі дастаткова памяркоўная.

Дачыненьні між Беларусьсю і Ўкраінай заўсёды былі больш-менш роўныя. Лукашэнка вельмі добра прытрымліваўся такой кансэрватыўнай, пратэкцыянісцкай пазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG