Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка абвінавачвае Бабарыку ў злачынствах, але хоча, каб той удзельнічаў у выбарах


Чаму Лукашэнка абвінавачвае Бабарыку ў злачынствах? Чаму ён пры гэтым кажа, што хоча, каб той трапіў на выбары? Ці недаацаніў Бабарыка брутальнасьць і бруд беларускай палітыкі? Якую ролю ў крызісе адыгрывае Масква?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Сьцісла:

Дракахруст:

  • Цяжка сказаць, у якой ступені заявы Лукашэнкі і іншых службовых асобаў пра Бабарыку адпавядаюць прававым нормам, бо датычнасьць да злачынства вызначае суд.
  • Словы Лукашэнкі пра Бабарыку «хачу, каб ён трапіў на выбары» выглядаюць даволі дзіўна, бо ён мог бы ўжо цяпер яго пасадзіць, у Бабарыкі ж ніякай недатыкальнасьці няма.
  • Многія людзі выказвалі меркаваньне, што Лукашэнка абярэ самы просты і тупы варыянт: даць загад Лідзіі Міхайлаўне, і па якой заўгодна нагодзе не зарэгістраваць, а перад гэтым, магчыма, нават і пасадзіць. Але так выглядае, што арышты і цяперашнія заявы Лукашэнкі — гэта ў шырокім сэнсе піяр. Гэта спроба дыскрэдытаваць канкурэнта, а ня проста яго адразу зьнішчыць.
  • Сябры Бабарыкі ўзятыя ў закладнікі. І думаю, на яго і далей будуць ціснуць празь іх, і ў гэтым сэнсе ў яго вельмі цяжкае маральнае становішча. Калі ён здымецца, ён наўрад ці іх моцна ўратуе, а сябе тым болей.
  • Пэўныя расейскія бізнэс-інстытуцыі выказалі сваё незадавальненьне. Расейскі пасол таксама выказаўся, заявіўшы, што хай скажуць сваё слова праваахоўныя ворганы, а ня проста рыторыка вакол гэтага. Ну, рыторыка вакол гэтага ідзе толькі з вуснаў аднаго чалавека.​


Навумчык:

  • Словы Лукашэнкі пра тое, што ён хоча бачыць Бабарыку ўдзельнікам выбараў, можна патлумачыць імкненьнем выкінуць супраць яго, ужо як на кандыдата ў прэзыдэнты, новыя порцыі кампрамату, даўшы пасыл электарату — «Глядзіце, які насамрэч мой супернік!».
  • Увогуле ў мяне інтуітыўнае адчуваньне, што зарэгіструюць усіх кандыдатаў, як гэта было ў 2010-м. Гэта лягічна, калі ўлада хоча раздрабіць галасы жадаючых прагаласаваць за каго заўгодна, толькі не за Лукашэнку.
  • Пры гэтым Бабарыку могуць намаляваць зусім маленькі працэнт, якое-небудзь шостае месца, каб зьбіць амбіцыі ўзначаліць апазыцыю ці грамадзянскую супольнасьць супраць выбараў.
  • Бабарыка пайшоў у сфэру палітыкі, якая непараўнальна больш жорсткая за бізнэс, у палітыцы, як яна робіцца ўладай у Беларусі, няма мяжы ў выбары мэтадаў супраць праціўнікаў. Ну а ціск на родных, на сяброў — гэта нават не вынаходніцтва сталінскага НКВД, гэта існавала стагодзьдзямі.
  • Калі пагадзіцца з вэрсіяй, што Бабарыка мае нейкія дамоўленасьці з Крамлём, мы, магчыма, убачым іншую лёгіку ў дзеяньнях Лукашэнкі. Нэгатыўная ж рэакцыя на падзеі акцыянэраў «Газпраму» ніяк асабліва не паўплывае на кіраўніка Беларусі. І не такія яго пужалі.
Падчас вобшуку ў галоўным офісе «Белгазпрамбанка» ў Менску
Падчас вобшуку ў галоўным офісе «Белгазпрамбанка» ў Менску

Ператрусы ў «Белгазпрамбанку» і іншых кампаніях

11 чэрвеня ў галоўны офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Ператрус таксама праходзіў у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Ператрусы праходзяць у рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 243 «Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».

У якасьці падазраваных праходзяць прадстаўнікі камэрцыйных структураў, былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сыстэмы. Як адзначылі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, Віктар Бабарыка ў рамках справы працэсуальнага статусу ня мае.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG