Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заежджая зорка і заакіянскія завадатары». Што раёнкі пішуць пра выбары і прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта


Пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 31 траўня 2020 году
Пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 31 траўня 2020 году

Амаль у кожным беларускім раёне ёсьць газэта, якая фінансуецца дзяржавай. Свабода паглядзела, што з гэтых выданьняў жыхары могуць даведацца пра выбары і пра прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Фатасэсія заежджай зоркі»

Збор подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў Гомлі, 28 траўня 2020 году
Збор подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў Гомлі, 28 траўня 2020 году

28 траўня блогер Сяргей Ціханоўскі праводзіў пікет для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў родным для кандыдата Гомлі. «Гомельская праўда» з гэтай нагоды падрыхтавала рэпартаж пад загалоўкам «„Гэта футбаліст такі?“ У Гомлі прайшоў пікет па зборы подпісаў ці то за блогера, ці то за яго жонку».

«Моладзь у большасьці выпадкаў часьцей фатаграфавалася з блогерам, чым цікавілася яго бачаньнем разьвіцьця краіны. Падобна на тое, як і любым падлеткам, ім хацелася хоць бы на сэкунду пабыць у цэнтры ўвагі. Невялікае апытаньне сярод гомельцаў і гасьцей гораду паказала, што многія прыйшлі паглядзець на чалавека, якога бачылі ў інтэрнэце», — піша аўтар.

Аўтар паспрабаваў пажартаваць, што пікет праходзіў каля цырка, асудзіў Ціханоўскага за фатаздымкі і параўнаў сам пікет з «фатасэсіяй замежнай зоркі». А загаловак узяў з рэплікі некага зь мінакоў, які пераблытаў Ціханоўскага з футбалістам.

Ні зьвестак пра колькасьць людзей, якія выстройваліся ў чаргу, каб падпісацца, ні падрабязных зьвестак пра Сьвятлану Ціханоўскую ў матэрыяле няма.

«Пікеты, каб дагадзіць заакіянскім завадатарам»

Збор подпісаў за Ціханоўскую ў Магілёве, 31 траўня 2020 году
Збор подпісаў за Ціханоўскую ў Магілёве, 31 траўня 2020 году

У газэце «Вечерний Могилёв» выйшаў артыкул-меркаваньне «Каронапсыхоз» аўтарства Віктара Кандрацьева. Матэрыял наогул не пра выбары, а пра тое, што «міліцыя азьвярэла», бо дае завялікія штрафы тым, хто парушае карантынны рэжым.

І тут раптам ужо ў канцы сваёй аналітыкі аўтар піша:

«Цяпер, калі наша Айчына ў небясьпецы ў сьвятле разгорнутых „тэпцевых“ баталій на плошчах і пікетах, каб дагадзіць заакіянскім завадатарам, здавалася б, нашай судовай сыстэме трэба больш узважана, удумліва і асьцярожна падыходзіць да таго, каб лупіць непамерныя штрафы і злаваць даведзенае да галечы насельніцтва. Адбываецца чамусьці з дакладнасьцю да наадварот», — падсумоўвае вайсковы юрыст у адстаўцы.

Думка аўтара тут разыходзіцца зь меркаваньнем Аляксандра Лукашэнкі: паводле апошняга, фінансуюцца гэтыя пікеты з Усходу.

«Тараканы ў галаве»

Пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Баранавічах 26 траўня
Пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Баранавічах 26 траўня

26 траўня ў Баранавічах праходзіў пікет Сьвятланы Ціханоўскай з удзелам блогера Сяргея Ціханоўскага. У бабруйскай раёнцы «Наш край» з гэтай нагоды выйшаў рэпартаж Віталя Герцава.

«Некалькі гадзін ён блукаў па цэнтры гораду вакол фантану, паўтараў, як мантру: „Стоп, таракан!“, хоць паблізу ніякіх казурак не назіралася, і пазаваў з надзвычайных памераў тэпцямі», — пачынае аўтар.

Пікет Ціханоўскай ён таксама параўнаў з «цыркам» і намякаў, што падпісвацца прыходзілі людзі розных сацыяльных слаёў:

«Нельга не заўважыць, што актыўны ўдзел у стрыме (так называюць жывую трансьляцыю ў інтэрнэце) Ціханоўскага з цэнтру Баранавічаў прымалі раней судзімыя асобы і адкрыта падпітыя суб’екты; прысутнічалі тут і грамадзяне, якія вялі нейкія дзіўныя гутаркі», — зазначае аўтар.

Праз мэтафары і параўнаньні аўтар выказвае, бадай, адну прэтэнзію да блогера — «няма канкрэтнай праграмы» (якую ў час збору подпісаў прэтэндэнт агучваць ня мае права).

Што людзі даведаюцца з раёнак пра выбары

З двух дзясяткаў раённых выданьняў, якія пагартала Свабода, інфармацыя пра выбары абмяжоўваецца сьпісам тых, каму дазволілі зьбіраць подпісы, і датай выбараў. У некаторых раёнках перапосьцілі з тэлевізіі сюжэт пра «бойку ў Горадні» і крымінальную справу за напад на міліцыянта. Гаворка пра пікет Ціханоўскай, які скончыўся затрыманьнем яе мужа і яшчэ некалькіх удзельнікаў.

Усе іншыя кандыдаты, апроч Сьвятланы Ціханоўскай, у раёнках зьяўляюцца толькі ў сьпісах зарэгістраваных ініцыятыўных груп. Цэнтральныя ж палосы выданьняў займае нарада ў Лукашэнкі і праца мясцовых чыноўнікаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG