Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія Ілана Маска упершыню запускае касманаўтаў на міжнародную станцыю. ВІДЭА


27 траўня з Флорыды на Міжнародную касьмічную станцыю мае паляцець амэрыканскі касьмічны карабель з экіпажам. Ад 2011 Злучаныя Штаты запускалі сваіх астранаўтаў на арбіту з дапамогай карпарацыі «Роскосмос» і цяпер спадзяюцца пазбавіцца ад залежнасьці ў галіне касманаўтыкі.

Запуск касьмічнага карабля Crew Dragon з двума астранаўтамі заплянаваны на 27 траўня а 23:30 паводле менскага часу. Гэта абсалютна новы тып касьмічнага карабля, з сучаснымі тэхналёгіямі. На такім людзей у космас запускаюць упершыню.

Будову карабля фінансавала прыватная карпарацыя SpaceX Ілана Маска, і гэта таксама ўпершыню ў гісторыі, калі прыватная кампанія ў супрацы з NASA даставіць экіпаж на Міжнародную касьмічную станцыю і назад на Зямлю. У SpaceX успрымаюць гэта як гістарычную місію.

Уся сыстэма кіраваньня новага карабля, распрацаванага не дзяржаўнай установай, а прыватнай кампаніяй, адрозьніваецца ад караблёў Space Shuttle, якія выкарыстоўваліся ў ЗША да 2011 году. Пасьля гэтага Амэрыка ўжывала толькі расейскія ракеты і касьмічныя караблі «Союз», каб дастаўляць амэрыканскіх астранаўтаў на арбіту і назад, заплаціўшы Расеі больш як 3,5 млрд даляраў.

Цяпер Злучаныя Штаты спадзяюцца вярнуць сабе прэстыж касьмічнай дзяржавы. Астранаўты NASA Боб Бэнкен і Даг Гэрлі стануць першымі, хто паляціць у космас з амэрыканскай зямлі ад 2011 году. Калі ўсё пройдзе добра, яны прабудуць на станцыі ад 1 да 4 месяцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG