Лінкі ўнівэрсальнага доступу

+946 выпадкаў COVID-19, агулам 37 144. 204 памерлыя. Вынікі 25 траўня


Ад 25 траўня ў Чэхіі адмянілі абавязковае нашэньне маскі на адкрытым паветры.

Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 25 траўня.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

  • Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 25 траўня новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19. Паводле міністэрства, на 25 траўня ў Беларусі агулам 37 144 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. 204 памерлыя. За дзень выявілі яшчэ 946 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў.
  • Лукашэнка заявіў пра зьніжэньне вірулентнасьці каранавірусу: «Калі так і далей пойдзе, то мы справіліся з хваробай». Аднак заклікаў «не расслабляцца».
  • У красавіку 2020 году з вымушанай няпоўнай занятасьцю сутыкнуліся каля 71 тысячы работнікаў, у траўні гэтая лічба вырасла да 83 тысяч, сказала намесьніца старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч. Для параўнаньня, за ўвесь 2019 год зь няпоўнай занятасьцю сутыкнуліся 71 тысяча работнікаў.
  • Турфірмы ўжо ў чэрвені гатовыя адправіць беларусаў на адпачынак на мора, нягледзячы на ўсе выклікі і пандэмію каранавірусу, Ужо 12 чэрвеня зь Менску можна паляцець у Альбанію, а з 16 чэрвеня — у Чарнагорыю.
  • Ад 25 траўня Берасьцейскі аўтавакзал адмяняе ўсе міжнародныя рэйсы. Прычына — пашырэньне ў сьвеце каранавірусу і закрыцьцё межаў. Здарылася гэта празь некалькі дзён пасьля таго, як было анансавана аднаўленьне транспартных зносінаў з Польшчай. Міжнародныя рэйсы фармаваліся польскімі перавозчыкамі.
  • Пабраліся шлюбам студэнт з Ірану Парса і беларуская студэнтка Паліна. Парса быў першым у Беларусі, у каго выявілі COVID-19, хваробу таксама знайшлі ў бацькі Паліны. У ЗАГС запрасілі толькі бацькоў нявесты, бацьку жаніха (ён прыехаў з Ірану ў Беларусь па справах), сьведак і самых блізкіх сяброў.
  • Ва ўмовах пандэміі каранавірусу Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі вырашыла адкласьці Будслаўскі фэст, які звычайна ладзілі на пачатку ліпеня ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай. Аднак людзі змогуць самі прыехаць у Будслаў, ніякай забароны на наведваньне будслаўскай базылікі ня будзе, але ня будзе і арганізаваных пілігрымак.
  • Шэраг эўрапейскіх краін з панядзелка, 25 траўня, яшчэ зьмякчылі карантынныя абмежаваньні, уведзеныя з нагоды распаўсюджваньня каранавіруснай інфэкцыі. У Мадрыдзе і Барсэлёне зьнялі абмежаваньні на сустрэчы зь сябрамі і сваякамі, адкрываюць вулічныя тэрасы бараў і рэстаранаў. У Італіі адкрываюцца спартовыя залі і басэйны. У Чэхіі аднаўляюць працу кавярні і рэстараны, адменена абавязковае нашэньне масак на вуліцы.
  • Чарнагорыя першая ў кантынэнтальнай Эўропе пазбавілася ад каранавірусу. Таксама вольныя ад каранавірусу Фарэрскія астравы — аўтаномія ў складзе Даніі. Да нядаўняга часу не было «актыўных выпадкаў» у Грэнляндыі — яшчэ адной дацкай аўтаноміі.
  • Норкі з каранавірусам заразілі двух чалавек у Нідэрляндах, што, верагодна, было першым гэткім шляхам перадачы інфэкцыі падчас эпідэміі. Норкі-носьбіты вірусу былі выяўленыя на чатырох з 155 фэрма, прычым на тры зь іх інфэкцыю занёс хворы чалавек.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG