Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў пра зьніжэньне вірулентнасьці каранавірусу: «Калі так і далей пойдзе, то мы справіліся з хваробай»


Салдаты дэзынфікуюць школу ў Бараўлянах пад Менскам.

Аляксандар Лукашэнка адзначае паступовае паляпшэньне эпідэміялягічай сытуацыі ў Беларусі, але заклікае «не расслабляцца». Пра гэта ён заявіў на нарадзе ў палітычных пытаньнях, паведамляе БелТА.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Калі і далей так пойдзе, то будзем лічыць, што мы справіліся з Божай дапамогай з гэтым захворваньнем. Пачалося гэта зь Віцебску. Там ужо канстатуюць факт, што яны ўнізе ў захворваньні. Сведчаньнем таму, што мы лякарні пачалі зачышчаць, вымываць — тыя, якія рыхтавалі як рэзэрв для каранавірусу», — заявіў ён, адзначыўшы, што аналягічная сытуацыя назіраецца і ў Менску.

«На плято ўжо знаходзімся, як заяўляюць лекары. Я, праўда, не такі аптымістычны ў сілу сваіх забабонаў. Тым ня меней, грунтуючыся на разьвіцьці сытуацыі, ужо і ў Менску плянуем неўзабаве вяртаць да звычайнай працы шэраг лячэбных установаў, у тым ліку анкалягічнага і гінэкалягічнага профілю, лякарню хуткай дапамогі. У прынцыпе, адчуваем, што нам ужо не спатрэбяцца гэтыя лякарні ў Менску пад лячэньне хворых з каранавірусам», — мяркуе Лукашэнка.

Ён падкрэсьліў, што ў штодзённым рэжыме цікавіцца сытуацыяй з распаўсюдам каранавірусу.

«Ложкаў дастаткова. Цяжкіх менш стала. Мабыць, вірус усё ж аслабеў, вірулентнасць [ступень здольнасьці штама мікраарганізму ці вірусу выклікаць захворваньне. — РС] яго ўжо ня тая. Але пры гэтым мы павінны трымаць у галаве другую хвалю. Ніхто не даказаў, што яна будзе, але мусім да гэтага рыхтавацца. Калі зімой і восеньню, то дай Бог, каб сур’ёзна змаглі падрыхтавацца. А можа быць, гэтая бяда нас абміне. Тым ня менш расслабляцца нельга», — падсумаваў Лукашэнка.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG