Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нідэрляндах норкі заразілі каранавірусам двух чалавек


Норкі з каранавірусам заразілі двух чалавек у Нідэрляндах, што, верагодна, было першым гэткім шляхам перадачы інфэкцыі падчас эпідэміі, заявілі ўлады і ўстановы аховы здароўя ў панядзелак. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Норкі-носьбіты вірусу былі выяўленыя на чатырох з 155 фэрмах, дзе іх гадуюць дзеля футра, заявіла міністарка сельскай гаспадаркі Карала Шутэн ў лісьце да парлямэнту, у якім падрабязна расказала аб двух выпадках заражэньня.

Яна сказала, што рызыка такой перадачы вірусу ад жывёлы чалавеку па-за межамі фэрмаў вельмі «нязначная».

Было выяўлена, што на трох з чатырох заражаных фэрмаў крыніцай інфэкцыі быў хворы чалавек, а на чацвёртай усё яшчэ вядзецца расьсьледаваньне, сказала міністарка.

Дырэктар Нідэрляндзкага інстытуту здароўя (RIVM) Яап ван Дысэль заявіў, што, хоць некалькі катоў і іншых жывёл былі заражаныя вірусам COVID-19 людзьмі, гэтая перадача вірусу ад норкі да чалавека практычна унікальная.

«Упершыню мы выявілі, або прынамсі даказалі, што гэта магчыма, што ў двух выпадках інфэкцыя перайшла ад жывёлы да чалавека», — паведаміў ён у панядзелак у парлямэнце.

«Вядома, першапачатковай крыніцай заражэння ў Кітаі таксама хутчэй за ўсё былі жывёлы».

Закон, які забараняе гадоўлю норак у Нідэрляндах, быў прыняты ў 2013 годзе, апошнія гаспадаркі маюць спыніць сваю дзейнасць у 2023 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG