Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве затрымалі кантрабандныя беларускія цыгарэты на 1,7 млн эўра. І гэта не рэкорд


На літоўскім памежным пункце пропуску Райгардас, што на дарозе з Горадні ў Друскенікі, 3 траўня затрымалі грузавік DAF з польскімі нумарамі — у машыне выявілі буйную партыю беларускіх кантрабандных цыгарэт.

У машыне, што ехала зь Беларусі, выявілі ня менш як 500 тысяч пачак цыгарэт на суму ня менш як 1,74 млн эўра. Разьбіраць тайнікі складана, таму дакладнай колькасьці кантрабандных цыгарэт ня ведаюць дагэтуль. Кіроўцу, грамадзяніна Беларусі, арыштавалі на два месяцы.

Гэта ўжо ня першая буйная партыя кантрабандных цыгарэт зь Беларусі ў гэтым годзе. 5 траўня падляскія мытнікі затрымалі партыю на тры мільёны эўра. 29 лютага 2020 году на Беласточчыне, на адным са складоў каля мяжы зь Беларусьсю, знайшлі партыю кантрабандных цыгарэт на 2,5 млн эўра. У студзені ў Карошчыне, на мяжы зь Беларусьсю (паблізу Тэрэспаля), канфіскавалі кантрабандных цыгарэт на 1,4 млн эўра.

У лютым 2020 году кантрабандныя цыгарэты на мільён эўра затрымалі на беларуска-літоўскай мяжы, у сакавіку літоўскія мытнікі спынілі фуру зь беларускімі цыгарэтамі на 2,7 мільёна эўра.

Раней літоўскія мытнікі паведамлялі, што ў 2019 годзе менавіта беларускія цыгарэты склалі найбольшую долю — 85% — ад агульнай колькасьці канфіскаваных мытняй цыгарэт.

У 2019 годзе Беларусь таксама стала найбуйнейшай крыніцай нелегальнага тытуню ў Расеі — 36% усяго расейскага рынку нелегальных цыгарэт, згодна з апошнім дасьледаваньнем аналітычнага агенцтва Nielsen. Рэгулярна канфіскуюць кантрабандныя цыгарэты зь Беларусі ва Ўкраіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG