Лінкі ўнівэрсальнага доступу

85% цыгарэт, канфіскаваных літоўскай мытняй у 2019 годзе, — зь Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Канфіскацыя кантрабандных цыгарэт на мяжы

У 2019 годзе літоўскія мытнікі спынілі кантрабанду цыгарэт на 26,6 млн эўра, паведамляе Delfi са спасылкай на дадзеныя Мытна-крымінальнай службы Літвы.

Паводле папярэдніх зьвестак ведамства, у 2019 годзе затрымана больш за 8 мільёнаў пачкаў цыгарэт — гэта на чвэрць больш, чым у 2018 і 2017 гадах, калі было затрымана каля 6 млн пачкаў. Пры гэтым, калі ў папярэднія некалькі гадоў большасьць кантрабандных цыгарэт затрымлівалі ўнутры краіны, дык у 2019 годзе — на мяжы зь Беларусьсю.

«Менавіта беларускія цыгарэты складаюць найбольшую долю — 85% ад агульнай колькасьці канфіскаваных мытняй цыгарэт», — канстатуе ведамства.

У 2019 годзе на мяжы зь Беларусьсю было затрымана 53% усіх незаконна правезеных цыгарэт.

Больш буйнымі становяцца і партыі цыгарэт: калі раней кантрабандысты ў адной фуры перавозілі ад 100 да 200 каробак цыгарэт, дык цяпер часта спрабуюць правезьці каля 1000 скрынак", — падкрэсьліваецца ў паведамленьні Мытна-крымінальнай службы Літвы.

У 2019 годзе Беларусь таксама стала найбуйнейшай крыніцай нелегальнага тытуню ў Расеі — 36% усяго расейскага рынку нелегальных цыгарэт, згодна з апошнім дасьледаваньнем аналітычнага агенцтва Nielsen.

Рэгулярна канфіскуюць кантрабандныя цыгарэты зь Беларусі ва Ўкраіне, а таксама ў Польшчы. Толькі з чэрвеня па жнівень 2019 году ва Ўкраіне агулам было канфіскавана больш як 11 мільёнаў цыгарэт зь Беларусі, якія перавозіліся з фальшывымі акцызнымі маркамі або зусім бязь іх.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG