Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусу забаранілі ўезд ва Ўкраіну на 3 гады за курэньне на мяжы. Ён зьвярнуўся ў суд


Пры разглядзе справы Валынскі акруговы адміністрацыйны суд палічыў, што забарона на ўезд за такое правапарушэньне «зьяўляецца празьмернай і неабгрунтаванай у дэмакратычным грамадзтве».

Грамадзянін Беларусі, прозьвішча якога не называецца, праз суд дабіўся скасаваньня забароны на ўезд ва Ўкраіну, уведзеную за курэньне на тэрыторыі ўкраінскага памежнага пункту пропуску.

Як вынікае з судовага рашэньня, грамадзянін Беларусі быў пакараны штрафам у памеры 119 грыўняў (5 даляраў у эквіваленце) за курэньне у пункце пропуску «Даманава» Ратнаўскага раёну Валынскай вобласьці.

Празь дзень пасьля гэтага, пры паўторным уезьдзе ва Ўкраіну, ён даведаўся, што за такое правапарушэньне яму забаранілі наведваць Украіну на тры гады, і абскардзіў гэта ў судзе.

Пры разглядзе справы суд палічыў, што забарона на ўезд за такое правапарушэньне «зьяўляецца празьмернай і неабгрунтаванай у дэмакратычным грамадзтве, бо сам факт такога парушэньня ня мае нэгатыўных наступстваў, а само парушэньне нязначнае».

Такім чынам, суд прызнаў незаконным рашэньне Луцкага памежнага атраду аб забароне беларусу ўезду ва Ўкраіну і абавязаў памежнікаў яго скасаваць.

Як паведамілі Свабодзе ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, у 2019 годзе 355 грамадзянам Беларусі адмовілі ва ўезьдзе на тэрыторыю Ўкраіны.

«Але гэта не азначае, што ва ўсіх выпадках забаранялі ўезд. У гэтую катэгорыю трапілі і тыя беларусы, якія не маглі пацьвердзіць мэту свайго наведваньня Ўкраіны, ня мелі дастатковага фінансавага забесьпячэньня свайго знаходжаньня на ўкраінскай тэрыторыі альбо спрабавалі перасячы мяжу не па належных дакумэнтах», — паведаміў прэсавы сакратар памежнай службы Андрэй Дземчанка.

У той жа час ён ня змог удакладніць, якой колькасьці грамадзян Беларусі адмовілі ў наведваньні Ўкраіны за парушэньне правілаў паездак у анэксаваны Крым.

«Летась у дачыненьні да 1170 грамадзян Беларусі памежная служба склала акты аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Найчасьцей гэтыя парушэньні тычыліся перавышэньня тэрмінаў знаходжаньня іншаземцаў ва Ўкраіне альбо парушэньня парадку рэгістрацыі замежных грамадзян», — удакладніў Андрэй Дземчанка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG