Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На літоўскай мяжы затрымалі беларуса з кантрабанднымі цыгарэтамі амаль на 1 мільён эўра


Ілюстрацыйнае фота. Кантрабандныя цыгарэты, затрыманыя на польскай мяжы ў сьнежні 2019 году

Мытнікі на літоўскай мяжы ў пункце пропуску «Лаварышкес» знайшлі ў фуры зь Беларусі самую вялікую ў 2020 годзе партыю кантрабандных цыгарэт, паведамляе Літоўская мытня.

280 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт 7 беларускіх марак на 977 тысяч эўра знайшлі 31 студзеня ў фуры Iveco зь Беларусі, якая везла дошкі. На мытні вырашылі праверыць аўтамабіль з дапамогай мабільнай рэнтгенаўскай сыстэмы кантролю, бо драўніна зьяўляецца адным з самых папулярных грузаў для кантрабандыстаў.

Суд 2 лютага арыштаваў кіроўцу фуры на месяц.

Раней літоўскія мытнікі паведамлялі, што ў 2019 годзе менавіта беларускія цыгарэты склалі найбольшую долю — 85% ад агульнай колькасьці канфіскаваных мытняй цыгарэт.

У 2019 годзе Беларусь таксама стала найбуйнейшай крыніцай нелегальнага тытуню ў Расеі — 36% усяго расейскага рынку нелегальных цыгарэт, згодна з апошнім дасьледаваньнем аналітычнага агенцтва Nielsen.

Рэгулярна канфіскуюць кантрабандныя цыгарэты зь Беларусі ва Ўкраіне, а таксама ў Польшчы. Толькі з чэрвеня па жнівень 2019 году ва Ўкраіне агулам было канфіскавана больш як 11 мільёнаў цыгарэт зь Беларусі, якія перавозіліся з фальшывымі акцызнымі маркамі або зусім бязь іх.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG