Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па сьлядах «Меднага коньніка». Янка Купала як вымушаны перакладчык Пушкіна


Янка Купала

Савецкая ўлада прымусіла Янку Купалу перакладаць Аляксандра Пушкіна. Пасьля таго, як у 1937 годзе пясьняр пераклаў «Меднага коньніка», яму прапанавалі перастварыць па-беларуску «Яўгенія Анегіна». Бо Алеся Дудара, першага перакладчыка паэмы Пушкіна, рэпрэсавалі. Купала не згадзіўся.

Сьмерць Пушкіна як дзяржаўнае сьвята

Літаратары розных краін і эпох нярэдка выконвалі замовы прыватных ці дзяржаўных асоб і ўстаноў. Такім чынам яны зараблялі грошы, пацьвярджалі сваю ляяльнасьць альбо статус.

Ва ўмовах існаваньня сэрвільнага мастацтва гэтыя замовы, тэрміновыя і абавязковыя, рабілі наўпрост ўлады.

У 1937 годзе СССР вырашыў шырока адсьвяткаваць 100-годзьдзе з дня сьмерці Аляксандра Пушкіна. Як вядома, паэт загінуў на дуэлі 29 студзеня (10 лютага) 1837 году.

Падрыхтоўка да сьвята пачалася напрыканцы 1935-га. У сьнежні быў створаны Ўсесаюзны Пушкінскі камітэт. У сьпісе чальцоў камітэту пад нумарам 37-ым стаяла прозьвішча Янкі Купалы.

Цяжкая бюракратычная машына запрацавала і на ўзроўні рэспублік.

Так, у сакавіку 1936 году зьявілася пастанова прэзыдыюму ЦВК БССР аб заснаваньні рэспубліканскага Пушкінскага камітэту.

Шэраг беларускіх літаратараў, у тым ліку Янка Купала, увайшлі ў склад камітэту, каб разам з навукоўцамі Акадэміі навук БССР заняцца перакладамі і выданьнем твораў расейскага паэта.

Паэмы і трагедыі Пушкіна былі разьмеркаваныя паміж паэтамі. Купала ўзяўся перакладаць «Меднага коньніка». Гэтая інфармацыя ўпершыню прагучала 20 траўня 1936 году на паседжаньні праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР.

Прымус да даўняга захапленнья

Да сярэдзіны 30-х Купала ніколі не перакладаў Пушкіна. Але сваё выразнае меркаваньне наконт яго творчасьці меў.

У верасьні 1928 году ў лісьце да расейскага публіцыста і выдаўца Ільва Клейнбарта Купала паведамляў, што зь юнацтва яго больш цікавілі кнігі, дзе распавядалася пра «тяжкую долю бедного люда». І пералічваў любімых аўтараў. Называў, у прыватнасьці, Л. Кандратовіча, М. Канапніцкую, Э. Ажэшка, М. Някрасава, А. Кальцова.

«Впоследствии я увлекался (тут і далей выдзелена мною. — П.А.) Лермонтовым, Надсоном, Пушкиным (не особенно). То место, где он [Пушкін] где-то вспоминает о „черни“ мне очень не нравилось, оскорбляло. Разумеется, это выражение я поверхностно тогда понимал», — дадаваў Купала.

І яшчэ адно важкае прызнаньне з таго ліста. Апярэджваючы пытаньне Клейнбарта пра тое, якая літаратура яму болей падабалася ў маладосьці — польская ці расейская, Купала кажа, што першая.

І тлумачыць: «В польской литературе после упадка Польши больше выражалось стремления к политическому, а иногда и социальному вызволению, нежели, как мне казалось, в русской».

Відавочна, у наступныя гады Пушкін так і застаўся для Купалы даўнім захапленьнем, а не заўсёдным чытаньнем для душы і паэтычнага разьвіцьця. Сьветапогляд Пушкіна як грамадзяніна і творцы ня быў блізкі нашаму песьняру. Хоць, відавочна, зь цягам часу ён паглыбіў свае веды і ўяўленьні і пра расейскую літаратуру ў цэлым, і пра паэзію Пушкіна ў прыватнасьці.

Гэта дапамагае зразумець, чаму Купала па ўласным жаданьні ніколі не перакладаў гэтага паэта і ня згадваў яго ў прыватным ліставаньні, акром як у лісьце да Клейнбарта.

Аднак выконваць новы загад партыі трэба было, і Купала разам зь іншымі зрабіўся перакладчыкам Пушкіна.

Прагу свабоды спатоліць пераклад

Выбар твору ня быў выпадковым. Купала абраў менавіта тую паэму Пушкіна, дзе, гаворачы ягонымі словамі, у пэўнай ступені выяўлялася імкненьне да вызваленьня.

Усё жыцьцё Купала як паэт заклікаў беларускі народ да свабоды. Гэта было ягоным прызваньнем. Але цяпер ва ўласнай творчасьці ён быў скаваны па руках і нагах — сапраўднай тэрыторыяй свабоды ў 1930-я заставаўся толькі мастацкі пераклад.

Што важна, паэма Пушкіна мела вельмі выразны падтэкст, які набываў асаблівае гучаньне ў змрочныя для савецкага грамадзтва гады.

Маленькі чалавек, жыхар вялікай імпэрыі, пад узьдзеяньнем асабістага гора, якое было часткаю агульнай бяды, наважваецца кінуць выклік заснавальніку дзяржавы.

І няхай выклік быў зроблены шэптам, няхай ён быў адрасаваны толькі статуі імпэратара, а не яму самому, няхай бунт доўжыўся толькі адну ноч — выклік усё-ткі прагучаў.

Патрэбна была мужнасьць і дзёрзскасьць, каб стварыць «Меднага коньніка». Ня менш валявых імпульсаў было неабходна, каб узяцца за яе пераклад. Асабліва такому паэту, як Купала, якога савецкая ўлада аніколі не лічыла «сваім». Дый яшчэ ў час, калі вялікія халодныя хвалі рэпрэсіяў, нібыта воды змрочнай Нявы, ужо каціліся па краіне. І тапілі людзей цэлымі сем’ямі, як у паэме.

Пры гэтым праца над перакладамі Пушкіна па даручэньні рэспубліканскага камітэту не ратавала ад перасьледу.

Так, у кастрычніку 1936 году на літаратурнай вечарыне ў Менску паэт Алесь Дудар прачытаў шостую главу «Яўгенія Анегіна» ў сваім перакладзе — радыётрансьляцыя вялася на ўсю краіну.

Аб працы Дудара над перакладам гэтага Пушкінскага раману ў вершах падрабязна піша літаратуразнаўца Ганна Севярынец — яе кніга «Тры Анегіны» рыхтуецца да выхаду ў сьвет у чэрвені 2020 году.

Праз два тыдні Дудара арыштуюць, каб праз год расстраляць як удзельніка нацыянал-фашысцкай групы.

Кансультант па паэзіі ў СП БССР Пятро Глебка заявіць аб «гнілым нутры халтурнага перакладу Дудара», а любыя згадкі пра сам пераклад надоўга будуць выкрэсьленыя з гісторыі беларускай літаратуры.

Акром «Яўгенія Анегіна» Дудара, ганьбаваньню і забыцьцю аддадуць яшчэ адзін твор Пушкіна, створаны тады па-беларуску. А менавіта трагедыю «Каменны госьць» у перакладзе паэта Тодара Кляшторнага.

Гэтага паэта, якога калегі і чытачы называлі «беларускім Ясеніным», таксама расстраляюць у 1937 годзе.

«Дашліце мне ўсе творы Пушкіна»

Працуючы пад прымусам, наглядам партыі і дзяржаўных СМІ, якія няспынна цікавіліся тым, як рухаецца справа ў Пушкінскага камітэту БССР, Купала тым ня менш не зьбіраўся халтурыць, паводле прынцыпу «абы адбыць, абы зрабіць».

Наадварот, ён працаваў самааддана і энэргічна.

Перастварэньне па-беларуску «Меднага коньніка» захапіла Купалу. Болей за тое, ён дбаў аб тым, каб ягоны пераклад стаўся найлепшым на ўсе часы ў Беларусі і быў роўны перакладам Пушкіна, якія зьявіліся ў іншых славянскіх краінах.

Паказальным у гэтым сэнсе зьяўляецца ліст Купалы да ўкраінскага паэта Цярэня Масэнкі.

Напісаны па-беларуску ліст быў адасланы ў сакавіку 1937 году. У ім Купала зьвяртаўся з наступнай просьбай да свайго калегі: «Ці не зможаце Вы выслаць мне накладной платай усе творы Пушкіна, якія выйшлі на ўкраінскай мове?».

Як бачна, Купала просіць даслаць яму не падборку кніг, а менавіта ўсе пераклады Пушкіна.

Без сумневу, паэт хацеў поўнасьцю ўлічыць вопыт украінскіх калег. Гэта сьведчыць аб ягоным прафэсійным падыходзе да перакладчыцкай справы.

Чытаньне падчас халеры

Купала пачаў працу над «Медным коньнікам» летам 1936 году. А ў першым квартале 1937 году паэму ў ягоным перакладзе па частках ужо друкавалі «Зьвязда» і «Літаратура і мастацтва». Паралельна адбываліся публічныя чытаньні.

Так, 1 лютага 1937 году Купала разам зь Якубам Коласам, які таксама працаваў над перакладам Пушкіна (над паэмай «Палтава»), прысутнічаў на вечары ў БДТ-1, прысьвечаным 100-годзьдзю з дня сьмерці Пушкіна.

Леанід Рахленка, будучы народны артыст БССР, прачытаў са сцэны ўрыўкі зь «Меднага коньніка» ў Купалаўскім перакладзе. Як адзначае часопіс «Полымя рэвалюцыі», чытаньне прайшло «з выключным посьпехам».

Напрыканцы лютага Купала сам агучыў частку паэмы ў сваім перакладзе. Гэта адбылося ў Маскве, на пленуме праўленьня СП СССР, прысьвечаным юбілею.

Толькі ўявіце сабе, як маглі гучаць гэтыя радкі з вуснаў Купалы — мяркуючы па радыёзапісах, якія захоўваюцца ў архівах, пясьняр быў моцным дэкляматарам з адметнай інтанацыяй:

Зайграла кроў. Стаў хмурны ён
Прад гардалівым істуканам,
Заціснуў зубы, пальцы сьцяў,
Як спанаваны моцай чорнай.
«Ну, што ж, будоўнік цудатворны
Шапнуў са злобаю лютой.
«Папомніш ты!»…

Таксама ў лютым «Зьвязда» надрукавала невялікі артыкул Купалы — «Любімы паэт».

Яго падтэкст вельмі выразны і ўмацоўвае мэсыдж, які Купала дасылаў уладам і грамадзтву празь пераклад «Меднага коньніка»:

«Люблю я Пушкіна за тое, што ў дэспатычным жандарскім акружэньні ён, адзінокі, быў страшным для царскіх сатрапаў. <…> У цара хапіла храбрасьці толькі спадцішка забіць вялікага песьняра».

Матэрыяльныя выгоды ад Пушкіна

Вясною 1937 года ў жыцьці Купалы адбылася радасная падзея — і ўсё дзякуючы «Меднаму коньніку».

На паседжаньні прэзыдыюму АН БССР 28 сакавіка было прынята важнае кадравае рашэньне ў адносінах да песьняра: «Паколькі пераклад [„Меднага коньніка“] у большай частцы выканан, залічыць народнага паэта Янку Купалу з I/I — 1937 г. па штату Інстытуту Літаратуры і Мовы з акладам 500 руб. у месяц».

Як бачна, рашэньне прынята «заднім лікам» — бухгальтэрыі давялося пералічыць заробак Купалы за студзень-сакавік. Да гэтага ён зарабляў усяго 300 рублёў у месяц — і гэта ў час, калі іншыя акадэмікі атрымлівалі удвая больш.

Свой пераклад паэмы Купала здаў напрыканцы сакавіка, але праца доўжылася.

«Медны коньнік» цалкам быў зьмешчаны ў шостым нумары «Полымя рэвалюцыі» (рэдакцыя выправіла нумар у друк 31 траўня). У параўнаньні з публікацыямі ў «Зьвяздзе» і «ЛіМе» гэты тэкст значна перапрацаваны, адзначаюць дасьледчыкі — укладальнікі позьнага збору твораў Купалы ў 9-ці тамах.

А вось тэксты перакладу ў часопісе і асобнай кнізе, якая выйшла ў тым жа 1937-м (здадзена ў друк 13 красавіка), амаль ідэнтычныя.

Відавочна, паэт працаваў над імі прыкладна ў адзін і той самы час. Гэта пацьвярджаецца і датамі здачы/падпісаньня да друку часопісу і кнігі.

Купала і Колас замест Дудара: нерэальны сцэнар

На гэтым можна было б паставіць кропку, калі б не 4-ы пункт пратаколу № 9 таго самага сакавіцкага паседжаньня прэзыдуюму АН БССР:

«Прасіць народных паэтаў Якуба Коласа і Янку Купала на працягу 1937 г. перакласьці на беларускую мову [раман] А. С. Пушкіна «Еўгеній Анегін».

Як бачна, у юбілейны год кіраўніцтва Акадэміі тэрмінова шукала замену арыштаванаму Алесю Дудару і ягонаму варыянту раману Пушкіна.

Акадэмікі не маглі прымусіць сваіх калег, Купалу і Коласа, зрабіць новы пераклад твору. Таму яны толькі прасілі, а не патрабавалі, каб два народныя паэты (і па «сумяшчальніцтву» — два чальцы Пушкінскага камітэту БССР) неадкладна ўзяліся за працу. Прычым выканалі яе менавіта ўдвух, бо час прысьпешваў.

Фактычна на новага беларускамоўнага «Яўгенія Анегіна» адводзілася 9 месяцаў — удвая менш, чым гэтая праца заняла ў Дудара.

Але на дату падпісаньня пратаколу Купала яшчэ ня скончыў працу над «Медным коньнікам», хоць і выканаў яе «большую частку».

Якуб Колас, які ў студзені-сакавіку 1937 года надрукаваў урыўкі з пушкінскай «Палтавы» ў «Зьвяздзе» і «ЛіМе», быў зусім далёкі ад завяршэньня працы. У адрозьненьні ад «Меднага коньніка», цалкам «Палтава» пабачыла сьвет толькі ў 1938 годзе.

Мімаходзь трэба адзначыць, што Колас наагул не любіў выступаць у якасьці перакладчыка, чаму ёсьць прамыя сьведчаньні.

Так, у лісьце да расейскага паэта і перакладчыка Сяргея Гарадзецкага, напісаным у лютым 1938 году, Колас адзначае: «Подписал договор на перевод Т. Г. Шевченко в размере двух тысяч строк. Уговорил Янка [Купала]. Я же переводами, как ты знаешь, занимаюсь мало. Опять будет летняя нагрузка».

Верагодна, ні Купала, ні Колас ніколі нават не разглядалі такі сцэнар падзей, у якім яны выступаюць новымі перакладчыкамі «Яўгенія Анегіна». Хоць адпаведныя размовы зь імі, у тым ліку на ўзроўні кіраўніцтва АН БССР і СП БССР, безумоўна, вяліся.

Аніякіх дакумэнтальных сьведчанняў таго, што Купала і Колас калі-небудзь браліся за гэтую справу ці хаця б абмяркоўвалі яе між сабою, пакуль ня выяўлена.

I гэты надзвычайна важны факт павінен ня проста зацікавіць дасьледчыкаў, а быць уведзены ў шырокі навуковы ўжытак: два народныя паэты не згадзіліся працаваць над перакладам «Яўгенія Анегіна».

Хочацца верыць, яны зрабілі гэта найперш па маральных прычынах, на знак салідарнасьці з Дударом і Кляшторным.

Замест пасьлямовы

Павел Абрамовіч
Павел Абрамовіч


Як вынік, Белдзяржвыдавецтву давялося друкаваць «Яўгенія Анегіна» па-расейску ў юбілейным, 1937-м, годзе.

А ў студзені 1938 году пытаньне аб перакладзе гэтага твору Пушкіна паўстала ізноў на паседжаньні сэкцыі паэзіі СП БССР. Адказнымі за новы пераклад «Яўгенія Анегіна» былі прызначаныя Пятро Броўка і Аркадзь Куляшоў.

Куляшоў на той момант ужо працаваў над пушкінскім раманам у вершах — па ягоных словах, з 1936 году. Але пройдзе яшчэ 11 гадоў, пакуль гэты пераклад пабачыць сьвет.

Сам Янка Купала больш ніколі ня браўся за пераклады Пушкіна.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG