Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У кожнага свая моль». Правілы жыцьця Францішка Багушэвіча


Францішак Багушэвіч

Францішак Багушэвіч пайшоў з жыцьця 28 красавіка 1900 году. За месяц да гэтага, на тым самым ложку ў сваім маёнтку ў Кушлянах (Смаргонскі раён), хворы 60-гадовы паэт падпісаў фінансавую справаздачу пра адкрыцьцё барэльефа Адаму Міцкевічу ў касьцёле св. Яна ў Вільні — падзея адбылася таемна ад уладаў…

Менавiта Багушэвічу належыць выслоўе «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Вядомы ён ня толькі як палымяны паэт, але і востры публіцыст, назіральны рэпартэр, які сумяшчаў гэтую дзейнасьць з працаю адвакатам.

Прапануем чытачам нізку разваг і думак Багушэвіча аб жыцьці грамадзтва, узятых зь яго артыкулаў і прыватных лістоў, а таксама своеасаблівыя «правілы жыцьця» нашага клясыка.

Пра заняпад краю

«У праявах грамадзкага жыцьця, як і ўсюды, здараюцца анамаліі: каму невядомы наш матэрыяльны заняпад? У амаль выключна аграрным краі сельская гаспадарка не дае прыбытку. Пра гандаль нават гаварыць не трэба, даволі сказаць, што цэны на прадукты ледзь-ледзь пакрываюць іх сабекошт».

Пра горад і вёску

«Вільня, як, зрэшты, і ўсе іншыя гарады, штораз багацее на новыя будынкі. Аднак гэта паказьнік ня росту дабрабыту гораду, а бадай сьведчаньне заняпаду земляробства і промыслаў. Свае капіталы людзі хочуць укласьці ў камяніцы, якія даюць добрыя прыбыткі, бо кватэры дарагія, колькасьць жыхароў расьце, сяляне ўцякаюць ня толькі ў Бразылію, але і ў гарады. Часам прычынаю пераезду бывае патрэба вучыць дзяцей, а наймаць ім кватэру задорага; прыбыткаў, якія дае фальварак, ня хопіць».

***

«Усё ў Вільні ідзе сваім звычайным парадкам, пратаптанай сьцяжынаю: шмат якія жыхары вярнуліся зь вёскі, іх можна пазнаць па загарэлых тварах і мінах, якія яны робяць, пачуўшы смурод, што так моцна адчуваецца ў нашым горадзе пасьля сьвежага вясковага паветра. Праўду гаворыць старая прымаўка: «Бог стварыў вёску, а людзі — горад»».

Пра выхаваньне

«Нядаўна на прыватным дзіцячым вечары сабралася шмат дзяўчатак школьнага ўзросту (з незаможных сем’яў), але ўсе яны былі апранутыя ў дарагія сукенкі з карункамі, гафтамі і кветкамі. Такім чынам, дзеці прывыкаюць да раскошы, да непавагі рэчаў, здабытых цяжкай працай іх бацькоў і матак. <…> Цяпер больш чым калі трэба дбаць пра выхаваньне і гартаваньне характару дзіцяці, трэба навучыць яго жыць ашчадна».

Пра звычаі

«У вандроўцы за Вільню за дзьве з паловаю мілі спаткаўся з вельмі своеасаблівым звычаем «хрышчэньня сыроў». Гэты абрад адбываецца так: гаспадыня, адціснуўшы сыр, вымае з торбачкі, кладзе яго на стол, палівае крыж-накрыж вадою і пасыпае сольлю, кажучы пры гэтым: «Дамінюк», калі сыр невялікі, або «Дамінік», калі вялікі. Цяжка высьветліць паходжаньне гэтага хрышчэньня: мне бабка тлумачыла, што дамініканы мелі белую вопратку, і ён «белы». Месца гэта за Вэркамі, у бок Рэшы».

Пра шлюбы сярод моладзі

«Можам адзначыць незвычайную схільнасьць да жаніцьбы сярод моладзі, якая прымусова ці добраахвотна пакідае навучальныя ўстановы, бо ня мае ніякіх надзей і нават якіх-небудзь плянаў на будучыню. Неабгрунтаванаму аптымізму спадарожнічае тут погляд на касьцельны шлюб як на фармальнасьць безь ніякага важнага значэньня: малады ў будзённым жакеціку, а паненка ў сукенцы, бадай, яшчэ ці не са школьных часоў, проста з прагулянкі ідуць у касцёл св. Яна, становяцца перад алтаром і прысягаюць у вернасьці да скону. Ад такіх шлюбаў у недалёкім часе трэба чакаць толькі разьдзелаў і разводаў. Мы верым у добрыя вынікі поступу, аднак лічым згубным адрачэньне ад шмат якіх традыцый, атрыманых у спадчыну ад продкаў».

Пра гарадзкія ўлады

«Дажджы, якія пачалі наведваць наш закутак, зрабілі для нашага горада больш, чым цэлы санітарны аддзел: змылі, хоць на кароткі чac, сьмярдзючую гразь у рыштках».

Пра прышчэпкі

«Сярод сялян, якія сабраліся ў Кальварыі, часта можна бачыць твары, сьпярэшчаныя сьвежым рабаціньнем нядаўняй воспы; у Вільні яна таксама вельмі пашыралася, а па вёсках лютуе страшэнна, асабліва на мяжы Віленскага і Лідзкага паветаў; шмат сем’яў павымірала. Прышчэпка зусім не ратуе ад заразы».

Пра грамадзтва

«У Вільні гэткі недахоп людзкога разумовага жыцьця, што на сьвеце няма, бадай, іншага такога закутка».

***

«Маем сталы цырк, маем Дурава (Анатоль Дураў (1864–1916) — артыст цырка, дрэсіроўшчык жывёл) з прыручанымі зьвярамі і маем шмат дзікіх людзей!».

***

«Было колькі канцэртаў, але наша публіка альбо ўжо так збьяднела, што не можа знайсьці рубля, альбо страціла густ да гарманічных тонаў, бо ўсе канцэрты зеўраюць пустымі крэсламі. Але ж і, ліха на яго, сумна!».

***

«У кожнага свая моль».

Пра сялян

«Моцна адчуваецца сельскагаспадарчы крызыс: сяляне ядуць кашу і бліны са швэдамі (скваркамі), але грошай ні ёты! Ходзяць па месьце, аблізваюцца, глядзяць у вітрыны, але нічога не купляюць; моляцца ў касьцёлах, а ў час імшы айцам касьцёла — дулю; вохкаюць, кульгаюць, паміраюць без дактароў; робяць усялякія падробкі без удзелу адвакатаў; жонкі лапяць сурдуты, самі вечарамі зашываюць дратвою боты… словам, нікому ні капейкі! Цудоўныя часы!».

Пра Бога і чалавека

«Пан Бог страляе, а чалавек прыносіць кулю!».

Пра ўласьнікаў

«Нядаўна ў адным вялікім паравым бровары, які належыць заможнаму гаспадару, выбухнуў кацёл, у выніку загінулі два рабочыя. Прычынаю гэтага няшчасьця была залішняя ашчаднасьць. Перад гэтым здарэньнем разьбіўся шкляны маномэтар, новага — за пару злотых — не купілі, адсутнасьць вады ў катле нельга было заўважыць… і вось прычына сьмерці дзьвюх невінаватых асоб».

Пра пазыкі

«Неплацежаздольнасьць — гэта зараза, якая прыстае і да самых здаровых людзей».

Пра сябе

«Лягчэй мне было б прайсьці голым па вуліцах Вільні, чым усьведамляць сваю бездапаможнасьць!».

***

«Я заўсёды ўяўляў, а і сёньня цешуся тым перакананьнем, што не хачу быць і ня стаў эгаістам. І чаму ж не хачу прыстасавацца, зьнікнуць, як кропля ў моры, а змагаюся, як вустрыца ў воцаце, з якім яе спажываюць?».

***

«Ня раз у сваім жыцьці спазнаваў я досыць доўгія часам хвіліны, калі «за душою» ані граша. І вось у такую хвіліну прыходзіць жаданьне знайсьці на вуліцы згубленыя кімсьці (не думаючы пра тое, хто згубіць) грошы на заспакаеньне маіх патрэб! <…> Дык вось тое жаданьне знайсьці столькі згубленых грошай, колькі мне трэба, даходзіла да маніі, і мне ўрэшце здавалася, што я павінен знайсьці, бо інакш здабыць іх ня мог, нягледзячы на ўсе свае высілкі, а прасіць ці ўкрасьці ня мог. Вось аднойчы ў такую цяжкую хвіліну знайшоў я ў Пецярбургу, будучы студэнтам, на сьцежцы сярэдняга праспэкта на Васільеўскім востраве 2 руб., гэтулькі для майго шчасьця і патрэбна было!».

***

«Хацелася б пажыць хоць бы да таго часу, як стануць на свае ногі дзеці. Словам, чалавек заўсёды знойдзе падставу, каб пажыць! Як гэта часам бывае сьмешна!».

***

«Варажу бяду, бо гэта ўжо некалі спраўджвалася, аднак усялякую бяду павінен мужна сустракаць і не баяцца яе».

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG