Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Купала не стал нашим». Як БССР сьвяткавала апошні юбілей песьняра


Янка Купала

85 гадоў таму кампартыя Беларусі вырашыла адзначыць 30-годзьдзе літаратурнай дзейнасьці Янкі Купалы. Гэтае сьвята стала апошняй сьветлай падзеяй у жыцьці песьняра.

Купала на мове эспэранта

У 1935 годзе БССР вырашыла шырока адсьвяткаваць 30-годзьдзе літаратурнай дзейнасьці Купалы.

Вясною быў распрацаваны адпаведны плян ЦК КП(б)Б. Згодна з ім па ўсёй рэспубліцы — ад дзіцячых садкоў да працоўных калектываў на заводах і ў калгасах — павінны былі прайсьці ранішнікі, літаратурныя вечары, выставы, лекцыі, канцэрты і іншыя ўрачыстасьці.

Плян сьвяткаваньня ўтрымліваў дэталёвы сьпіс мерапрыемстваў. Прычым у ім пазначалася, як менавіта трэба іх праводзіць:

«Зьмест ранішнікаў: кароткае ўступнае слова настаўніка і дэклямацыя адпаведным чынам падабраных да дзіцячага ўзросту вершаў Я. Купала».

Плян утрымлівае каштоўныя зьвесткі пра грамадзка-сацыяльнае і культурнае жыцьцё БССР сярэдзіны 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Павел Абрамовіч
Павел Абрамовіч

Напрыклад, зь яго можна даведацца, што ў тагачасных беларускіх кінатэатрах месьціліся кніжныя кіёскі. З нагоды літаратурнага юбілею Купалы тут плянавалася павялічыць продаж яго твораў. У саміх кіназалях плянавалася дэманстрацыя «гукавога эпізоду», у якім Янка Купала чытаў сваю паэму «Над ракой Арэсай».

На радыё рыхтаваліся перадачы пра Купалу, і ня толькі па-беларуску. У прыватнасьці, плян прадугледжваў «літаратурны вечар у мікрафона на яўрэйскай мове; афармляе перадачу яўрэйскі дзяржаўны вакальны ансамбл». Вершы Купалы ў перакладзе даручалася чытаць пісьменьніку Зэліку Аксельроду.

Ці вось такая важкая дэталь — таксама незвычайная і для сёньняшняга беларускага радыё, і для нашага грамадзтва ў цэлым. Усебеларускі Радыёкамітэт мусіў выдаць у эфір перадачу пра Купалу на мове эспэранта.

Некаторыя зь мерапрыемстваў, пазначаных у дакумэнце, былі празьмерна пастановачнымі. Напрыклад, «гутарка ў кастра Я. Купала сярод дзяцей».

Іншыя, наадварот, мелі небанальны характар, як «радыёвечар» на кватэры юбіляра. У госьці да Купалы, акром журналістаў, меліся прыйсьці габрэйскія, літоўскія, польскія, рускія і беларускія пісьменьнікі БССР. А таксама драматычная трупа актораў і нават цэлы аркестар!

Відавочна, самому юбіляру ў той год спакою не было.

Пад сцягам перамогі над нацдэмаўшчынай

Юбілей Купалы ня быў «унутранай справай» рэспублікі — ён меў усесаюзны «звон». Але сьвяткаваньне ішло пераважна на беларускай зямлі. Высокіх гасьцей віталі на працягу 1935 году з усяго СССР, нават з далёкай Грузіі і Дагестану.

Янка Купала, 1935
Янка Купала, 1935


Так, на ўрачысты вечар і «таварыскую вячэру ў рэстаране „Эўропа“», заплянаваную на 11 сьнежня 1935 году, асабістыя запрашэньні атрымалі Максім Горкі, Дзям’ян Бедны, Аляксей Новікаў-Прыбой, Аляксей Талстой і іншая савецкая літаратурная эліта.

Ня трэба думаць, што мясцовыя ўлады рыхтавалі вялікую літаратурную падзею, ладзілі сьвята беларушчыны.

Юбілей Купалы слугаваў праімпэрскай прапагандзе, якая адкрыта казала аб сваіх канчатковых мэтах.

У пратаколе паседжаньня Бюро ЦК КП(б)Б № 97 ад 21 траўня 1935 года з пазнакай «Строга сакрэтна» адзначалася, што правядзеньне і асьвятленьне юбілею песьняра мусіць праводзіцца «пад знакам паказа таго, як літаратурны рост Янкі Купала, таксама і ўся савецкая літаратура БССР, сталі магчымы толькі ў рэзультаце рашучай барацьбы з контррэвалюцыйным беларускім нацыянал-дэмакратызмам і ідэйна-творчай перабудовы старых кадраў пісьменьнікаў і ўстанаўленьня шчыльнай сувязі з брацкай літаратурай народаў БССР і ў першую чаргу з вядучым атрадам савецкай літаратуры — рускай літаратурай».

«Пришел в совершенно здоровое состояние»

За пяць гадоў да юбілею хмары бальшавіцкага тэрору згусьціліся над галавой песьняра.

Вясною 1930 году ўлады вырашылі раскулачыць ягоных сясьцёр — жанчын, паводле сьведчаньня Аркадзя Смоліча, уратавала толькі заступніцтва Якуба Коласа. А летам самога Купалу пачалі выклікаць на допыты.

Паэт зразумеў, што яго рыхтуюцца абвінаваціць у контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай дзейнасьці. Болей за тое, хочуць зрабіць кіраўніком антысавецкай арганізацыі «Саюз вызваленьня Беларусі», які зьбірае яе чальцоў на ўласнай кватэры.

Іншыя арыштаваныя беларускія пісьменнікі ўжо далі паказаньні супраць яго. Але Купала, як падкрэсьліваюць дасьледчыкі, сваіх сяброў не абгаворваў.

У лістападзе, пасьля чарговага допыту, пясьняр паспрабаваў зьдзейсьніць суіцыд. Карнікі ў сваёй унутранай перапісцы толькі пасьмяяліся з Купалавага «самоубийственного» ранения перочинным ножиком в живот, после которого, пролежав несколько дней в больнице, он пришел в совершенно здоровое состояние».

Гэта абсалютная мана. 48-гадовы Купала ніколі ня мог пахваліцца выдатным здароўем. І рана, якую ён нанёс сабе, вельмі дрэнна і доўга загойвалася — да студзеня 1931 году ён ляжаў у бальніцы, а за шырмаю каля яго сядзеў супрацоўнік НКУС.

Але паэт здолеў зрабіць так, што карнікам зрабілася не да жартаў. Пра спробу ягонага самагубства даведаліся за мяжой, найперш у Варшаве і Нью-Ёрку. Рэакцыя замежных мас-мэдыяў была вельмі гучнай. І вельмі непажаданай для рэжыму ў тыя гады.

Паэта на некаторы час пакінулі ў адносным спакоі.

Свята ў змрочных дэкарацыях

Раней Купала проста ня меў даверу з боку ўлады. Цяпер, пасьля спробы самагубства, яна цьвёрда пераканалася, што паэт вядзе сваю гульню. Прычым з году ў год імкнецца заставацца ў ценю — і гэта той, хто мусіць быць увесь час на сцэне!

У лістападзе 1932 года другі сакратар ЦК КП(б)Б Васіль Шаранговіч заявіў на паседжаньні бюро, што «после долгого молчания Купалы пора поставить перед ним ясно вопрос: стоит ли он на советской точке зрения или же он вообще враждебный нам элемент. Я утверждаю, что Купала не стал нашим, что Купала фактически ведет против нас враждебную работу. Всем известно, под каким нажимом Купала пишет всякие декларации. Всем известна его демонстрация с попыткою самоубийства, наша оценка этого дела и т. д. Теперь Купала отсиживается».

То бок улады фактычна прызналі, што «Адкрыты ліст Янкі Купалы», які ў сьнежні 1930 году быў надрукаваны ў «Зьвязьдзе» (замест песьняра яго напісаў Лукаш Бэндэ, сьцьвярджаюць укладальнікі 9-томнага акадэмічнага збору твораў Купалы), ня даў плёну і праз два гады. Воля паэта засталася не зламанай.

Беларускія пісьменьнікі Якуб Колас, Янка Купала, Пятрусь Броўка, Зьмітрок Бядуля, 1939
Беларускія пісьменьнікі Якуб Колас, Янка Купала, Пятрусь Броўка, Зьмітрок Бядуля, 1939

Зь любым літаратарам, варожым савецкай уладзе, размова была б нядоўгай. Але толькі не з Купалам — першым у БССР народным паэтам. І толькі не напярэдадні 30-годзьдзя яго літаратурнай дзейнасьці. Юбілею, да якога паэт здолеў дажыць страшным коштам, але з чыстым сумленьнем.

Voila — і па волі д’ябальскіх сілаў кватэра Купалы, у якой учора нібыта зьбіраліся змоўшчыкі з «Саюзу вызваленьня Беларусі», сёньня ператвараецца ў сьвяточную «радыёкропку».

Звычайнае жаданьне паэта

У 1935 годзе рэжым жадаў выкарыстаць юбілейную (ці як сёньня б сказалі, інфармацыйную) нагоду, каб раз і назаўсёды прымусіць Купалу вызначыцца, ці ідзе ён у «агромністай такой грамадзе». Альбо сапраўды даўно збочыў і застаўся ззаду.

Яму даслалі канчатковае папярэджаньне, далі апошні шанец.

Але ў Купалы былі свае пляны на ўласнае сьвята — гуляць дык гуляць, калі ўжо ладзіцца баляваньне падчас чумы. Пясьняр паспрабаваў палепшыць сваё матэрыяльнае становішча.

У гэтым жаданьні Купалы няма нічога ненатуральнага.

Аўстрыйска-ангельскі мастацтвазнаўца Эрнст Гомбрых зьвяртае ўвагу, што ўсе вялікія творы, якімі мы прызвычаіліся любавацца ў музэях, створаны на пэўную замову. То бок былі аплочаныя заказчыкамі.

Гэтак сама і ў літаратуры — замовы і грошы вырашаюць тут усё. Аднолькава ў часы свабоды і дыктатуры. Паэты старажытнага Рыму спаборнічалі за ўвагу багацеяў-мэцэнатаў, Вальтэр атрымліваў штогадовую пэнсію ад караля Прусіі Фрыдрыха II, а Леў Талстой адзін і той жа ненапісаны твор абяцаў адразу двум кнігавыдаўцам, і да таго ж браў зь іх грошы наперад.

Між тым Купала ўсю сваю маладосьць правёў у жудаснай нішчыміцы. Спаў у выстуджаных рэдакцыях, еў хлеб з каўбаснымі пацяробкамі, часта ня меў спраўнага абутку, ня мог набыць дровы і лекі для жонкі, якая часта хварэла… Прыватнае ліставаньне Купалы першых дзесяцігодзьдзяў мінулага стагодзьдзя сьведчыць, што ён увесь час пазычаў грошы, а потым увесь час выбачаўся, што ня можа аддаць пазыку тэрмінова.

У юбілейны год — са старым заробкам

Ганарары ад літаратурнай дзейнасьці — тое добра, але кожнаму патрэбны больш надзейны заробак.

У 1925 годзе Купалу далі званьне народнага паэта БССР. Яго штомесячны заробак складаў тады 300 рублёў. Праз тры гады Купала стане акадэмікам АН БССР, але на ягоны аклад тое аніяк не паўплывае. І гэта ў час, калі іншыя акадэмікі атрымлівалі блізу 600 рублёў!

Толькі напачатку 1937 году — праз два гады пасьля юбілею — Купалу пачнуць налічваць 500 рублёў у месяц як «штатнай адзінцы» Інстытуту літаратуры і мовы АН БССР. Празь пяць месяцаў суму павялічаць адразу на 400 рублёў — стаўкі перагледзелі ўсім супрацоўнікам інстытуту, а ня толькі Купалу.

Старонка з савецкага прэйскуранту 1935 году
Старонка з савецкага прэйскуранту 1935 году


Сярэдзіна 30-х гадоў у Савецкім Саюзе была спакойнай толькі з пункту гледжаньня стабільнасьці курса рубля. Але што з таго, калі кошты на тавары і паслугі былі высокімі, а з прадуктамі быў адвечны «пэрманэнтны» дэфіцыт? Бутэлька гарэлкі (1 літар) каштавала 12 рублёў, фруктовае павідла ў банцы (1 кіляграм) — 4 рублі 25 капеек, а 500-грамовы кавалак мыла (40% тлушчу) — 1 рубель 20 капеек.

Відавочна, дзяржава разумела, у якім цяжкім фінансавым становішчы знаходзіцца юбіляр. Але празьмерна ісьці на павадку ў «дэманстранта» не зьбіралася.

Было вырашана задаволіць некалькі яго тэрміновых патрэбаў. Так, у 1936 годзе «ў адпаведнасьці з ранейшымі рашэньнямі Ўрада БССР у сувязі з 30-гадовым юбілеем» Купала нарэшце атрымаў з рэзэрвовага фонду 25 тысяч рублёў, каб дарабіць лецішча ў Ляўках, якое сам пачынаў будаваць.

Сьвежае паветра і цішыня (дом знаходзіўся каля Копыся на Дняпры) былі вельмі неабходныя нядужаму 54-гадоваму паэту.

Вялікія гэта грошы ці не — усё пазнаецца ў параўнаньні. Так, на адну толькі сьвяточную вячэру з 200 чалавек з нагоды юбілею песьняра дзяржава выдаткавала (то бок банальна праела) 12 тысяч рублёў.

Станоўча было вырашана і кватэрнае пытаньне паэта.

Янка Купала разам з Якубам Коласам доўгі час безпасьпяхова змагаліся з сыстэмаю, каб з іх уласных дамоў у Менску выселілі прыватных жыхароў — ажно тры сям’і.

Прыгожа б выглядаў у такім тлумным атачэньні сьвяточны «радыёвечар», калі б да Купалы прыйшлі калегі з акторамі і аркестрам!

Напярэдадні зьмярканьня

Пакуль міністэрствы і ведамствы БССР ліхаманкава распрацоўвалі пляны сьвяткаваньня юбілею (асноўная частка мерапрыемстваў мусіла адбыцца ўвосень) і закідвалі адзін аднаго паперамі і каштарысамі, сам Купала, мяркуючы па ягоных лістах, ліпень і жнівень 1935 году правёў на тым самым лецішчы каля Копыся, а верасень — на Чорным моры.

Янка Купала і Якуб Колас. Карціна Івана Ахрэмчыка
Янка Купала і Якуб Колас. Карціна Івана Ахрэмчыка


«За скуку в лесу не ручаюсь. Значит, согласен?! Ехать придется поездом до Орши (а может, и машиной, если попадется), а из Орши 20 километров „Фордом“. Жена моя также сильно просит», — пісаў паэт свайму сябру, паэту і перакладчыку Сяргею Гарадзецкаму, запрашаючы яго да сябе ў Ляўкі.

У юбілейны год Купала спрабаваў зладзіць хоць нейкае падабенства шчасьлівага, свабоднага жыцьця. Але ён цудоўна разумеў, што ўлады далі яму часовую перадышку — апошнюю на перагоне, каб потым неадкладна спагнаць з яго за ўсе «падарункі».

Моцы і энэргіі на небясьпечную гульню з рэжымам, дэманстрацыю сваёй вытрымкі і адстароненасьці ад падзеяў у краіне паэту ўжо не ставала. У наступныя гады Купала пачне ня проста часьцей выкарыстоўваць савецкую сымболіку, а адкрыта ўхваляць Іосіфа Сталіна.

Але як паэт Купала рабіў тады вельмі важкую справу. Рабіў яе мэтанакіравана, спакойна, не губляючы гонару і чалавечнасьці.

Ён паступова разьвітваўся са сьветам і сваімі апошнімі ацалелымі сябрамі. І ў гэтых радках яшчэ жывуць свабода, паэзія і прыгажосьць.

Як у вершы 1936 году, прысьвечаным Якубу Коласу:

«Жыві ў радасьці і ў шчасьці,
У яснай долі, слаўнай волі,
Няхай праклятыя напасьці
Цябе, брат, не крануць ніколі».

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG