Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьці ў чужым садзе. Калі мы пабачым беларускае фэнтэзі?


Яраслаў Гжэндовіч «Гаспадар Ледзянога Саду»; Менск, Выдавец А. М. Янушкевіч, 2019; пераклалі з польскай Марыя Пушкіна і Алена Пятровіч.

На пачатку былі Cловы, а словы ўтваралі Гісторыю.

Самыя першыя гісторыі ў сьвеце, у лік якіх уваходзяць таксама «Адысэя», «Плаваньне сьвятога Брэндана», скандынаўскія сагі, «Слова аб палку Ігаравым», арабскія казкі і ацтэцкія міты, былі пра дзівосныя прыгоды і далёкія падарожжы.

Людзі ўважліва слухалі іх, стаіўшы дыханьне, і зьдзіўляліся таму, наколькі неверагодным, бязьмежным можа быць сьвет, колькі цудаў у ім творыцца. Іншым разам я са скрухаю думаю аб той неверагоднай колькасьці мудрых, цікавых гісторыяў, якія не ацалелі, бо не пасьпелі стаць кнігамі.

Шляхі нашай нацыі і літаратуры таксама пачаліся з кніг-падарожжаў

Гісторыі цягнуліся праз стагодзьдзі. У падарожжы выпраўляліся ўсё новыя і новыя чытачы — некаторыя зь іх на гэтым шляху знаходзілі сябе альбо ўласны дом… Гішпанцы сышліся ў меркаваньні, што іх літаратура вырасла з блуканьняў Дон Кіхота, а амэрыканцы перакананыя, што іх першым «вялікім раманам» ёсьць «Прыгоды Гаклбэры Фіна».

І мы, беларусы, можам пагадзіцца, што шляхі нашай нацыі і літаратуры таксама пачаліся з кніг-падарожжаў: «Тараса на Парнасе» і «Шляхціца Завальні».

З цягам часу людзі стапталі ўсе да апошняй сьцяжыны ў сьвеце, цесна спавілі яго дарогамі і Google Maps. Яны зазірнулі за далягляд і вырашылі, што зьведалі галоўныя таямніцы, а таму засяродзіліся на саміх сябе. І паколькі сьвет быў нібыта спазнаны і вытлумачаны, людзі пакрысе развучыліся мроіць; само ўяўленьне зрабілася для большасьці рудымэнтам.

Старажытны жанр пачалі калечыць, спрашчаць, ператвараць у балаган

Ня дзіва, што сёньня кнігі накшталт «Аповесьці аб прыгодах Артура Гордана Піма», «Машыны часу» і «Ўладара пярсьцёнкаў» лічацца простымі забаўкамі, бразготкамі. Пякучы гаркотны ком давіць горла: частка сучасных пісьменьнікаў, у тым ліку беларускіх, пагадзілася і іншых у зман увяла, быццам такія кнігі — другасная, несур’ёзная літаратура. Старажытны жанр пачалі калечыць, спрашчаць, ператвараць у балаган. Каб здабыць грошай ці давесьці перавагу сваіх кніг і стыляў.

Бруістыя звонкія крыніцы фантастычнага ў беларускай літаратуры, якія абяцалі зьліцца ў вялікую магутную раку, апынуліся пад друзам штампаў.

А пасьля красамоўна выявіліся наступствы: нацыянальная літаратура зьбяднела на сапраўдныя гісторыі, якія цікава слухаць ці пераказваць адзін аднаму. Нібыта галоўную навіну ці падзею.

Вы чулі? Ізыда паабразала валасы і выправілася шукаць Асірыса!

Дуе вецер і прыносіць да нас здалёк насеньне прыгожых траў і кветак.

Беларуская мова літаральна створана дзеля таго, каб на ёй казалі пра бязьмежны сьвет

Замежныя творы, моцныя верай у спрадвечную місію кніжнай цывілізацыі — апавядаць гісторыі, ня проста пераконваюць у першаснасьці жанраў фантастыкі і фэнтэзі, іх мастацкай вартасьці і каштоўнасьці. Але і яскрава сьведчаць, што беларуская мова літаральна створана дзеля таго, каб на ёй казалі пра бязьмежны сьвет, у якім па-ранейшаму ёсьць месца неверагоднаму.

На нашай мове сапраўды лёгка распавядаць казкі і легенды — толькі паспрабуйце. Жадаеце — дык услых, атрымаецца яшчэ лепш.

Раман «Гаспадар Ледзянога Саду» сучаснага польскага пісьменьніка Яраслава Гжэндовіча, выдадзены сёлета па-беларуску ў выдавецтве «Янушкевіч», пачынаецца як старадаўняе паданьне — зь ліку тых, што былі мілыя сэрцу Ўладзімера Караткевіча і ўзгадаваных ім пакаленьням чытачоў.

Нават стыль і рытміка прозы Гжэндовіча фантастычна блізкія творам Караткевіча.

«Казалі, што ён зьявіўся наўпрост з ночы, верхам на вялікім, быццам цмок, кані, з ястрабам на плячы і ваўком поруч.

Казалі розныя глупствы.

Усё было зусім інакш.

Праўда ў тым, што яго выплюнулі зоркі».

Пачатак твору населены змрочнымі міталягічнымі вобразамі — яны шумяць, як груганьнё над лесам. Нядобрая варажба творыцца на нашых вачах. Быццам суворы і маўклівы вартавы, яна суправаджае галоўнага героя — хто ж ён такі, у чым яго пакліканьне, які шлях яго чакае і ці дойдзе ён?

Аўтар адкрые ўсё напачатку. І паверце, ён стварыў гэты сьвет ня толькі, каб пацешыць, уразіць, прабавіць з вамі гадзіну, пакуль агонь сагравае вас перад сном.

Галоўны герой Вука мусіць уратаваць чальцоў экспэдыцыі, якія зьніклі на чужой дзікунскай плянэце, дзе ўладараць магія і сярэднявечча і дзе яму давядзецца забыцца на сваё тэхнакратычнае грамадзтва. Вука ў самым галоўным падобны на нас — звыклых да прагрэсу людзей першай чвэрці XXI стагодзьдзя, якія вырашылі занурыцца не ў смартфон, а ў анталягічна чужынскі нам кніжны тэкст.

Разам з Вука мы пачнем з нуля вучыцца жыць. І чытаць. А яшчэ на свае вочы пабачым, як дзякуючы, ізноў жа, роднай беларускай мове пакрысе робіцца датыкальным гэты кніжны сусьвет і як ягоныя навіны і падзеі выходзяць на першы плян. А наш уласны сьвет надоўга ахутвае цемра…

«Пытаюць, ці ня бачыў я вандроўных манахаў у чырвоных плашчах са срэбнымі тварамі?

Ня бачыў.

А ці бачыў я шалёных чорных вершнікаў з тварамі ў татуіроўках, убраных у счарнелае жалеза, на жалезных конях. Кажуць, што яны падыходзяць усё бліжэй.

Я ня бачыў нікога падобнага.

А ці бачыў я Абуджаных?

Я ня ведаю, хто такія Абуджаныя. Я тут чужаніца, а ў маім краі ніхто пра іх не чуў».

У Гжэндовіча свой уласны сьвет, які трымаецца старога добрага гасьцінца

У паветры раману бачныя абрысы вобразаў Лема і Стругацкіх, але міргніце — цені зьніклі, сышлі ў свае кнігі. У Гжэндовіча свой уласны сьвет, які, праўда, трымаецца старога добрага гасьцінца. Напрыклад, пісьменьнік увесь час выкарыстоўвае прыём cliffhanger, калі аповед наўмысна перарываецца на самым цікавым месцы.

Калісьці яго любіла Шагразада.

Адкрыйце сваё сэрца кнізе Гжэндовіча (толькі так і трэба рабіць у часе любога чытаньня), зрабіце хаця б некалькі крокаў па першых старонках, каб крыху агледзецца.

Гісторыя падхопіць вас як ураган у Канзасе і вось вы ўжо ўнутры, у загадкавым сусьвеце, які немагчыма спасьцігнуць розумам — тут патрэбны іншы кантакт, камунікацыя.

Мы, беларусы, зусім забыліся на такія кнігі і падарожжы

Мы, беларусы, зусім забыліся на такія кнігі і падарожжы. Можна сказаць, што яны нам зрабіліся чужыя, незразумелыя. «Гаспадар Ледзянога Саду» пужае, але ўадначас мілагучна і напеўна прамаўляе да нас на нашай роднай мове і пакрысе абуджае фантазію і ўяўленьне, дапамагае нашым старадаўнім чытацкім інстынктам выйсьці з доўгага летаргічнага сну.

«Гэты сьвет дае неабмежаваныя магчымасьці. Але тыя, хто тут жыве, надта цёмныя, каб імі карыстацца».

Шлях кліча, пачынаецца падарожжа, старонкі кнігі шапацяць, як дрэвы ў прадчуваньні начной буры. Што будзе далей; хто там, за павароткай дарогі?

Слушныя і своечасовыя пытаньні. Трымайце меч уяўленьня пад рукою.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG