У Беларусі ўвялі дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў на туалетную паперу, маскі і антысэптыкі
Урад Беларусі пашырыў пералік сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ). У сьпіс дадаткова ўнесьлі:
- дэзынфікуючыя (антыбактэрыяльныя, антысэптычныя) сродкі (у тым ліку гелі і спрэі),
- сродкі абароны органаў дыханьня (маскі),
- туалетную паперу,
- жаночыя гігіенічныя пракладкі і дзіцячыя падгузьнікі,
- мясныя і рыбныя кансэрвы,
- сухое малако,
- каву,
- пітную ваду ў бутэльках,
- цьвёрдае туалетнае і гаспадарчае мыла,
- запалкі.
«Пакуль ніякай катастрофы няма». У работніка «Атлянта» пацьвердзілі каранавірус
У аднаго з работнікаў менскага заводу халадзільнікаў «Атлянт», які працуе майстрам, 5 красавіка выявілі каранавірус, ён быў ужо ў лякарні.
Яшчэ двое знаходзяцца на карантыне ў бальніцы як кантакты 1-га ўзроўню. Прадпрыемства працуе ў поўным аб’ёме. Цалкам чытайце тут >>
Лукашэнка як галоўная прычына расколу грамадзтва падчас пандэміі каранавірусу
У новым блогу аналітык Свабоды Валер Карбалевіч разважае пра тое, што
- Пандэмія ніяк не паспрыяла кансалідацыі беларускага грамадзтва перад абліччам небясьпекі, а толькі абвастрыла антаганізм паміж прыхільнікамі і праціўнікамі існага палітычнага рэжыму.
- Улады зыходзяць з канцэпцыі, што паніка — значна большая пагроза для краіны, чым каранавірус. Таму і змагаюцца з тымі, хто выказвае недавер да дзяржаўных інстытутаў.
- Посьпех барацьбы з каранавірусам моцна залежыць ад даверу грамадзтва да ўладаў. У Беларусі любому крызісу спадарожнічае якраз рост недаверу да існага рэжыму.
«Нетэатральная маска». Швейны цэх Купалаўскага тэатру пачаў рабіць маскі для менскай лякарні
Купалаўскі тэатар ініцыяваў сацыяльны праект «Нетэатральная маска» для вырабу немэдычных засьцерагальных масак. У швейным цэху тэатру пашылі ўжо 500 масак і плянуюць зрабіць яшчэ больш. Маскі перададуць у 10-ю гарадзкую клінічную лякарню Менску. Яны не прызначаныя для мэдычнага пэрсаналу.
Купалаўскі заклікае ўсіх неабыякавых дапамагчы грашыма ў набыцьці матэрыялаў для масак, а іншыя тэатры Беларусі — далучыцца да праекту.
Як беларусы дапамагаюць мэдыкам і адзін аднаму падчас каранавірусу. Дадаліся новыя магчымасьці
Кватэры і бясплатная ежа для дактароў, пашыў мэдыцынскіх масак, дапамога старым і інфармацыйныя кампаніі — Свабода працягвае зьбіраць добрыя ініцыятывы, якія зьявіліся праз каранавірусны крызіс. Поўны сьпіс тут>>
Краіна на карантыне без карантыну. Чыноўнікі вядуць прыёмы дыстанцыйна, але настаўнікі ходзяць на працу
У Беларусі карантын афіцыйна не абвешчаны. Але асабістыя прыёмы высокімі чыноўнікамі адмененыя. Выклікаць сантэхніка ці электрыка з ЖЭС немагчыма, служба 115.bel не працуе. Шмат якія жыцьцёва важныя мэдычныя паслугі не аказваюцца. Школьныя вакацыі працягнулі на тыдзень, але настаўнікі ходзяць на працу. У той жа час у сталіцы па-ранейшаму рыхтуюцца да параду.
Сабралі прыклады, для каго нефармальны карантын уведзены, а для каго не. Чытайце па спасылцы >>
У МУС расказалі, як сытуацыяй з каранавірусам карыстаюцца махляры
У Беларусі пачынаюць актывізавацца афэрысты, якія выкарыстоўваюць у сваіх схемах інфармацыю пра каранавірус, паведаміла МУС Беларусі. Ведамства апісала некалькі тыповых схемаў, якімі нярэдка карыстаюцца махляры, і параіла, як засьцерагчыся. Чытайце тут >>
Яшчэ два кінатэатры закрыліся праз каранавірус. З 6 красавіка «ў сувязі зь неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй» часова закрыліся яшчэ два кінатэатры ў Менску: «Арткінатэатры» на Сурганава, 67Б і Дзяржынскага, 104.
З 2 красавіка закрыліся менскія адназальныя кінатэатры «Кастрычнік», «Масква» і «Дом кіно».
«Трэба пераходзіць на дыстанцыйнае навучаньне» — што кажуць настаўнікі, якія працягваюць хадзіць на працу
Як мінімум у дзьвюх школах у Менску і ў адной вёсцы ў Менскай вобласьці ў школах выявілі каранавірус. Дзецям на тыдзень працягнулі вакацыі, але настаўнікі працягваюць хадзіць у школу, а дзеці — у школьныя летнікі ды гурткі. Разьбіраемся разам з настаўнікамі, што рабіць з навучаньнем падчас пандэміі >>
Мінінфармацыі папярэдзіла СМІ за фэйк пра сьмерць ад каранавірусу
Онлайн-выданне Media-Polesye.by 6 красавіка атрымала папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі за навіну пра сьмерць ад каранавірусу ў Лунінцы.
Міністэрства інфармацыі тлумачыць, што 4 красавіка на сайце апублікавалі навіну «Пацьвердзіўся тэст на каранавірус у жыхаркі Лунінецкага раёна. Пакуль яна ў Мінску, у мясцовай бальніцы памёр яе муж».
Аднак аказалася, што муж жывы. На сайце выданьня загаловак цяпер удакладнілі: «у мясцовую бальніцу патрапіў яе муж»
«Гэта не карантын». Мэдцэнтар у Аксакаўшчыне перастаў прымаць людзей на рэабілітацыю
З 1 красавіка Рэспубліканскі клінічны шпіталь мэдычнай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне пад Менскам перастаў прымаць пацыентаў. Прычынай стаў каранавірус у аднаго з хворых. У шпіталі кажуць, што гэта не карантын, магчымыя выпадкі заражэньня сваіх супрацоўнікаў не камэнтуюць.
«Карантын прадугледжвае выстаўленьне пастоў міліцыі на ўваход і на выхад, — сказалі Свабодзе ў прыёмным аддзяленьні. — У нас частка супрацоўнікаў езьдзіць дадому. Так што гэта не карантын. Мы проста не прымаем людзей, закрытыя для шпіталізацыі».
«Я адразу зразумела, што гэта каранавірус». Дырэктарка лунінецкага «Эўраопта» не змагла трапіць у шпіталь у сваім горадзе
28 супрацоўнікаў «Эўраопта» ў Лунінцы, у дырэктаркі якога знайшлі каранавірус, шпіталізавалі на карантын 4 красавіка. Чакаецца, што краму адчыняць сёньня пасьля дэзынфэкцыі. У ёй будзе працаваць мабільная група зь Пінску. Дырэктарка крамы Натальля цяпер у менскай 6-й бальніцы.
«Нас усіх ізалявалі, ва ўсіх узялі тэсты. У каго былі такія сымптомы, як кашаль ці пяршэньне ў горле, зьмясьцілі ў бальніцу ў Малоткавічы ў Пінскім раёне. А нас, 20 чалавек, завезьлі ў Пінск у скурвэндыспансэр. У нас узялі аналізы на каранавірус, чакаем вынікаў», — распавяла Свабодзе намесьніца дырэктаркі крамы Алена. Гісторыю цалкам чытайце тут >>
Мінздароўя сэртыфікавала беларускія экспрэс-тэсты для дыягностыкі каранавірусу
«Дыягностыка надзвычай важная сёньня, таму міністэрства прыняло рашэньне аб паскоранай сэртыфікацыі і выдачы дазволу», — пацьвердзіў Сяргей Іваноў, уласьнік віцебскай кампаніі «Сівітал», якая распрацавала тэсты.
Тэст-сыстэму для выяўленьня РНК каранавірусу на аснове ПЦР-дасьледаваньня распрацавала група навуковых супрацоўнікаў кампаніі «Сівітал» на чале з доктарам мэдычных навук, прафэсарам Валерыем Сямёнавым. Новая тэст-сыстэма дазваляе атрымаць вынік ня больш як за паўтары гадзіны. Падрабязнасьці тут>>
«Белтэлекам» кажа пра 10%-е павелічэньне нагрузкі на сетку ў Менску
Апошнія тыдні кампанія «Белтэлекам» адзначае павышаны попыт на паслугі доступу да інтэрнэту, тэлебачаньня і іншых сэрвісаў. Тэхнічныя спэцыялісты фіксуюць рост нагрузкі на зьнешні шлюз у межах 10% ад штодзённай і канстатуюць, што гадзіны найбольшай нагрузкі, якія раней, як правіла, прыпадалі на вечаровы час, цяпер трохі зрушыліся на дзённы, паведаміў правайдэр агенцтву «Минск-Новости».
Японія на месяц увядзе надзвычайнае становішча
Японія абвесьціць надзвычайнае становішча ў Токіё і яшчэ шасьці прэфэктурах ужо ў аўторак у сувязі з каранавірусам. Пра гэта паведаміў прэмʼер-міністар краіны Сіндза Абэ.
Тым часам урад рыхтуе пакет стымулюючых мер, каб зьмякчыць удар па эканоміцы. Чакаецца, што яго прадставяць на гэтым тыдні. Пакет ацэньваецца ў сотні мільярдаў даляраў.
У Японіі зарэгістравана больш за 3500 інфікаваных каранавірусам, зь якіх 85 памерлі. Асаблівую трывогу выклікае сытуацыя ў Токіё, дзе зарэгістравана больш за тысячу выпадкаў інфікаваньня, у тым ліку 83 новыя выпадкі ў панядзелак.
Як у Горадні апрацоўваюць антысэптыкам аўтобусы і тралейбусы. ФАТАФАКТ
У Горадні з пачатку красавіка ўзмоцнена дэзынфікуюць грамадзкі транспарт. На канцавых прыпынках пасьля кожнага рэйсу кіроўца або іншы супрацоўнік апырсквае антысэптыкам салён, парэнчы, кампостэры.
Урад Беларусі дазволіў выпускаць у 11 разоў больш антысэптыку
Савет міністраў Беларусі павялічыў квоты на выпуск дэзынфэкцыйнай антысэптычнай прадукцыі ў 11 разоў — з 30 тысячаў дэкалітраў да 330 тысячаў. З гэтага аб'ёму 150 тысячаў дэкалітраў мае вырабляць «Белдзяржхарчпрам» (раней выпускаў 10 тысячаў), 180 тысячаў — прадпрыемствы Менскай вобласьці (раней — 20 тысячаў). Таксама са 122 да 192 тысячаў дэкалітраў павялічаныя квоты на вытворчасьць сьпіртаўтрымальных лекавых антысэптычных сродкаў.
Антысэптыкі варта выкарыстоўваць тады, калі няма магчымасьці памыць рукі з мылам. Самае звычайнае мыла, калі ім правільна карыстацца, працуе лепей за любыя антысэптыкі.
А «прачышчаць арганізм», выпіўшы антысэптык, небясьпечна. 4 красавіка двое мужчын у Чашніцкім раёне спрабавалі так зрабіць, адзін памёр, адзін трапіў у лякарню.
У Казахстане кожны пяты заражаны COVID-19 — мэдык. За заражэньне ці сьмерць выплацяць кампэнсацыі
У Казахстане 120 мэдыкаў заразіліся каранавірусам. Усяго ў краіне больш за 600 захварэлых.
Галоўны санітарны лекар Казахстану Айжан Есмагамбетава распавяла, што 120 мэдыцынскіх работнікаў заразіліся COVID-19 пры лячэньні і кантакце з хворымі на каранавірус, — паведамленьне казаскага парталу Tengrinews цытуе «Настоящее время».
Есмагамбетава сказала, што адзін мэдработнік у цяжкім стане, у дзевяці стан сярэдняй ступені цяжкасьці, у астатніх 57 — лёгкая форма захворваньня.
Раней урад Казахстану зацьвердзіў надбаўкі да заработнай платы мэдычных работнікаў, якія задзейнічаныя ў эпідэміялягічнай працы. У тым выпадку, калі мэдработнік захварэе на каранавірусную інфэкцыю, зь Дзяржфонду сацыяльнага страхаваньня яму заплацяць два мільёны тэнге (4500 даляраў), у выпадку сьмерці — 10 мільёнаў тэнге (22 500 даляраў).
Галоўная лекарка Шатляндыі падала ў адстаўку, бо парушыла ўласны заклік
СМІ злавілі галоўную лекарку Шатляндыі на парушэньні ўласных заклікаў застацца дома. Яна адправілася ў свой другі дом у вёсцы.
Газэта «The Scottish Sun» апублікавала фатаграфіі Кэтрын Колдэрвуд з мужам і дзецьмі на шпацыры каля іх загараднага дома, прыкладна за 65 км ад іх галоўнай
рэзыдэнцыі. Пазьней Колдэрвуд прызналася, што была там і ў мінулыя выходныя.
Гэта відавочнае парушэньне забаронаў, уведзеных як брытанскім, так і шатляндзкім урадамі, якія дазваляюць выходзіць з дому толькі для неабходных пакупак, да лекара, на працу, калі гэта ня можа быць выканана дыстанцыйна, і для заняткаў спортам — але толькі аднаму або з чалавекам, зь якім жывеш.
Першапачаткова Колдэрвуд папрасіла прабачэньня, але абвясьціла, што застанецца на сваёй пасадзе. Пасьля заяваў апазыцыі, што гэтага недастаткова, яна абвясьціла пра сваю адстаўку.
У Беларусі ладзяць электронныя «кірмашы вакансіяў»
Яшчэ да пандэміі каранавірусу, прынамсі год таму ў Беларусі пачалі ладзіць рэгулярныя электронныя кірмашы вакансіяў на сайце E-vacancy.by. Яны працягваюцца і цяпер.
Так, бліжэйшыя будуць 9 красавіка ад 10 да 12 гадзінаў па Менску і па Шклоўскім раёне. Падчас іх можна будзе пабачыць ня толькі ўласна вакансіі, але і спытаць наймальнікаў пра рэжым і ўмовы працы, адразу выслаць рэзюмэ і атрымаць кансультацыю. Пакуль плянуецца, што свае вакансіі ў Менску выставяць «Белсаюздрук», «Інтэграл», «Керамін», «Крыніца», Менскі мясакамбінат, «Менсктранс», «Менсквадаканал» — агулам звыш 400 вакансіяў. Таксама будзе прынамсі 34 вакансіі ад 4 арганізацыяў Шклоўскага раёну.
На 16 красавіка заплянаваны «кірмаш» па Баранавіцкім раёне, на 20-га — па Дрыбінскім, Клічаўскім і Слаўгарадзкім.
Шэраг вакансіяў дзяржаўных прадпрыемстваў публікуецца на пастаяннай аснове на сайце Дзяржаўнай службы занятасьці. Самыя высокія заробкі, якія там прапануюць на момант публікацыі — ад 900 рублёў на месяц (напрыклад, на такі заробак запрашаюць лясьнічага ў Лоеўскі лясгас, начальніка аддзелу маркетынгу ў агракамбінат «Скідзельскі», юрысконсульта ў віцебскую «Весту», кацельшчыка ў гомельскі «Рамонтхіммантаж» і гэтак далей).