Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўвялі дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў на туалетную паперу, маскі і антысэптыкі


Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі пашырыў пералік сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ). Адпаведная пастанова апублікаваная на сайце Савета Міністраў.

Паводле яе, ад 4 красавіка 2020 году ў пералік тавараў, цэны на якія рэгулюе МАРГ, дадаткова ўнесеныя:

  • мясныя і рыбныя кансэрвы,
  • сухое малако,
  • кава,
  • пітная вада ў бутэльках,
  • цьвёрдае туалетнае і гаспадарчае мыла,
  • запалкі,
  • жаночыя гігіенічныя пракладкі і дзіцячыя падгузьнікі,
  • туалетная папера,
  • сродкі абароны органаў дыханьня (маскі),
  • дэзінфікуючыя (антыбактэрыяльныя, антысэптычныя) сродкі (у тым ліку гелі і спрэі).

Пералічаныя Саўмінам тавары супадаюць са сьпісам тавараў, які МАРГ яшчэ ў сярэдзіне сакавіка накіравала ў крамы раздробнага гандлю, забараніўшы рэкляму гэтых тавараў.

У канцы лютага Лукашэнка прыгразіў вярнуць фіксаваныя цэны на сацыяльна значныя прадукты харчаваньня.

У 2016 годзе са сьпісаў «сацыяльна значных тавараў», цэны на якія рэгулявала Міністэрства гандлю, выключылі ўсе пазыцыі — каб зьнізіць адміністрацыйнае рэгуляваньне цэнаўтварэньня. З гэтага часу міністэрства можа рэгуляваць цэны на гэтыя тавары толькі пры неабходнасьці для «выключэньня значнага росту цэнаў пры ажыцьцяўленьні аналізу сытуацыі на харчовым рынку» і толькі 90 дзён на год. Сьпіс тавараў нязьменны з 2014 году, цалкам ён апублікаваны тут.

У жніўні 2019 году сьпіс «сацыяльных» тавараў пашырылі. Да сьпісу дадалі

  • пшанічны хлеб,
  • батоны з пшанічнай мукі,
  • цьвёрды і паўцьвёрды сыр,
  • чорную гарбату,
  • бульбу,
  • буракі,
  • моркву,
  • капусту,
  • цыбулю,
  • агуркі,
  • памідоры,
  • манныя і прасяныя крупы,
  • мясныя буйнакавалкавыя паўфабрыкаты і водрубы,
  • вараныя каўбасы,
  • сасіскі і сардэлькі.

Раней цэны на бульбу, буракі, моркву, капусту і цыбулю маглі рэгуляваць абласныя выканкамы і Менгарвыканкам, цяпер у іх гэтыя паўнамоцтвы адабралі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG