Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыгразіў вярнуць фіксаваныя цэны на сацыяльна значныя прадукты харчаваньня


Аляксандар Лукашэнка

Падчас выступу на VIII зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказаў занепакоенасьць ростам цэн на прадукты харчаваньня ў краіне.

«Што да прадуктаў харчаваньня, насьцярожваюць дадзеныя, што ўжо за сёлетні студзень цэны вырасьлі больш чым на 1%. Таксама практычна на працягу году пастаянна даражэе малочная прадукцыя. Ідыятызм поўны. Малако падзець няма куды, а ў нас цэны ўвесь час растуць», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Лукашэнка паабяцаў неўзабаве «падвесьці вынік усёй гэтай валтузьні з цэнамі» і выказаў думку, што, магчыма, ў Беларусі вернуцца да сьпісу 20 асноўных сацыяльна значных прадуктаў, цэны на якія будуць рэгулявацца на дзяржаўным узроўні.

«У нас сёньня ўсе кінуліся ў гандаль. Чаму? Там добра жывецца. І вы ведаеце, як там гандлююць. Нічога, не зьбяднеюць, калі патрымаюць цэны на 20 сацыяльна значных прадуктаў харчаваньня», — сказаў Лукашэнка.

На думку Лукашэнкі, прафсаюзы павінны разам з Камітэтам дзяржаўнага кантролю ўзяцца і «вырашыць гэтую праблему» з ростам цэнаў на прадукты.

У 2016 годзе са сьпісаў «сацыяльна значных тавараў», цэны на якія рэгулявала Міністэрства гандлю, выключылі ўсе пазыцыі — каб зьнізіць адміністрацыйнае рэгуляваньне цэнаўтварэньня. З гэтага часу міністэрства можа рэгуляваць цэны на гэтыя тавары толькі пры неабходнасьці для «выключэньня значнага росту цэнаў пры ажыцьцяўленьні аналізу сытуацыі на харчовым рынку» і толькі 90 дзён на год. Сьпіс тавараў нязьменны з 2014 году, цалкам ён апублікаваны тут.

У жніўні 2019 году сьпіс «сацыяльных» тавараў пашырылі. Да сьпісу дадалі пшанічны хлеб, батоны з пшанічнай мукі, цьвёрды і паўцьвёрды сыр, чорную гарбату, бульбу, буракі, моркву, капусту, цыбулю, агуркі, памідоры, манныя і прасяныя крупы, мясныя буйнакавалкавыя паўфабрыкаты і водрубы, вараныя каўбасы, сасіскі і сардэлькі.

Раней цэны на бульбу, буракі, моркву, капусту і цыбулю маглі рэгуляваць абласныя выканкамы і Менгарвыканкам, цяпер у іх гэтыя паўнамоцтвы адабралі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG