Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

13:28 5.4.2020

Сотні студэнтаў мэдунівэрсытэту зачынілі ў інтэрнаце — там пацьвердзілі выпадак каранавірусу

Студэнты застануцца на карантыне ў інтэрнаце прынамсі на 14 дзён. Ежу ім перадаюць сваякі. Заняткі будуць праходзіць праз skype і zoom. Выйсьці з інтэрнату цяпер немагчыма, нават у краму. Ежу студэнтам могуць перадаць сваякі і знаёмыя. Падрабязнасьці тут>>

13:23 5.4.2020

Беларуская чыгунка адмяніла цягнікі на Маскву і Санкт-Пецярбург з 5 красавіка

Курсіраваньне цягнікоў № 2 /1 Менск-Масква і № 52 /51 Берасьце — Менск — Санкт-Пецярбург адмяняецца з 5 красавіка, паведамілі БелТА ў Беларускай чыгунцы.

Нявыкарыстаныя квіткі на адмененыя цягнікі можна будзе вярнуць у білетных касах без дадатковых плат і збораў, тэрміны вяртаньня не абмежаваныя. 5 красавіка цягнік № 52 пройдзе па маршруце Берасьце-Віцебск, удакладнілі ў БЧ.

З 23 сакавіка БЧ часова адмяніла ўсе цягнікі на Маскву і Санкт-Пецярбург за выключэньнем двух.

13:01 5.4.2020

За апошнія суткі ў Віцебскай вобласьці зарэгістравалі 5 новых выпадкаў каранавірусу

За мінулыя суткі ў Віцебскай вобласьці зарэгістравалі 5 новых выпадкаў каранавірусу, паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў на пасяджэньне абласнога штабу па барацьбе з распаўсюджваньнем COVID-19, піша гарадзкі сайт «Віцьбічы». Паводле Шарсьнёва, за мінулыя суткі памерлых ад COVID-19 няма.

11:06 5.4.2020

У Маскве за суткі каранавірус выявілі ў 536 чалавек, агулам у Расеі ўжо 5389 хворых

У Маскве за апошнія суткі пацьвердзіўся ў 536 чалавек, піша «Інтэрфакс» са спасылкай на сталічны Расспажыўнагляд. За ўвесь час ад пачатку пандэміі захварэлі 3893 масквічоў.

Па стане на 5 красавіка агулам па Расеі пацьверджана 658 новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, агульная колькасьць хворых ад пачатку распаўсюду каранавірусу — 5389 чалавек, паведаміў апэратыўны штаб па барацьбе з каранавірусам. Памерлі за ўвесь час 45 чалавек, выздаравелі 355 чалавек.

10:34 5.4.2020

«Бацька памёр, мы з маці пагадзіліся на экспэрымэнтальнае лячэньне». Чарговая ахвяра каранавірусу ў Менску — мужчына 69 гадоў

4 красавіка а 20.00 у менскай інфэкцыйнай бальніцы памёр 69-гадовы былы супрацоўнік Нацыянальнага банку Юры Осіпаў. У яго была пнэўманія, выкліканая вірусам COVID-19.

У гэтай жа ўстанове ляжаць з аналягічным дыягназам дачка і жонка мужчыны. Свабода пагаварыла з дачкой Юрыя Ганнай.

«Мы з маці ляжым у адной двухмеснай палаце, бацька — у іншай. Учора пазванілі зь міліцыі, сказалі, што бацькі больш няма. Як хаваць — не ўяўляю, мы з мамай у цяжкім стане, станоўчай дынамікі няма, пагадзіліся на экспэрымэнтальнае лячэньне прэпаратамі, якімі лечаць малярыю. Добра, што ў бацькі шмат сяброў, пахаваньнем яны будуць займацца», — апавядае Ганна. Гісторыю цалкам чытайце тут >>

10:33 5.4.2020

Улады вызначылі, як аплочваць працу тых, хто праз каранавірус затрымаўся за мяжой ці сядзіць у самаізаляцыі

Паводле пастановы Савету Міністраў № 194, калі работнік ня можа вярнуцца ў Беларусь са службовай камандзіроўкі ў краіну, дзе рэгіструюцца выпадкі заражэньня каранавірусам, тэрмін яго службовай камандзіроўкі падаўжаецца да дня прыбыцьця ў Беларусь (уключна). За імі мусяць захавацца месца працы і пасада, а таксама пакрываюцца выдаткі ў камандзіроўцы ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

А што з самаізаляцыяй?

З дня падаўжэньня службовай камандзіроўкі да прыбыцьця ў Беларусь, а таксама пры немагчымасьці выконваць працу па працоўнай дамове падчас самаізаляцыі па прыезьдзе ў Беларусь работнікам павінны выплачваць заробак (грашовае забесьпячэньне) у памеры не ніжэй за дзьве траціны ўстаноўленай ім тарыфнай стаўкі (ці тарыфнага акладу, акладу, калі іншае ня вызначана калектыўнай дамовай, пагадненьнем і іншым лякальным прававым актам арганізацыі).

Парушальнікаў самаізаляцыі могуць прымусова шпіталізаваць

Калі той, хто мусіў самаізалявацца, адсутнічае па месцы рэгістрацыі або знаходжаньня, ці парушае правілы самаізаляцыі, цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі разам з МУС будуць шукаць чалавека, а таксама на працягу дня мусяць разгледзець пытаньне аб прымяненьні спэцыяльных мер, якія прадугледжаныя законам аб папярэджаньні распаўсюджваньня захворваньняў, якія ўяўляюць небясьпеку для здароўя насельніцтва. У прыватнасьці, артыкулам 14 дадзенага закону прадугледжаная прымусовая шпіталізацыя і лекаваньне. Падрабязнасьці чытайце тут >>

10:27 5.4.2020

«Шмат хто хайпуе на гэтай тэме». Мылавар пра падзеньне продажаў і лепшае мыла ў час пандэміі

Мянчанка Ганна Дундукова 7 гадоў вырабляе мыла «хэнд-мэйд». Яна расказвае, чым найлепш мыць рукі падчас пандэміі каранавірусу, як на тэме хайпяць мылавары і чаму яна сама ўпершыню сутыкнулася з адсутнасьцю замоваў тады, калі мыла нібыта трэба ўсім. Чытайце тут >>

22:41 4.4.2020

Афіцыйна 440 інфікаваных у Беларусі, падоўжылі вакацыі, больш за 1000 ахвяраў COVID-19 у Францыі. Вынікі 4 красавіка

  • На вечар 4 красавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 1,182 мільёна выпадкаў COVID-19. Ад хваробаў, якія выклікаў каранавірус, памерлі звыш 63 925 чалавек. Выпісалі больш за 244 тысячы пацыентаў.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, выяўлены 440 выпадкаў COVID-19, памерла 5 чалавек.
  • Як паведаміла Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, тэрміны вясновых канікул працягваецца на 6 дзён з 6 па 11 красавіка ўключна.
  • Міністэрства спорту рэкамэндавала спыніць спартовыя мерапрыемствы з удзелам дзяцей і падлеткаў.
  • Віцебскія ўлады перайшлі на дыстанцыйны прыём грамадзянаў. Цяпер людзям замест асабістага прыёму прапануюць запісвацца на тэлефонны прыём.
  • На Магілёўшчыне прызнаныя 4 выпадкі захворваньня на каранавірус.
  • У Францыі праз эпідэмію каранавірусу з турмаў вызвалілі больш як 6 тысяч чалавек. За суткі праз COVID-19 там памерлі 1053 чалавекі.
22:37 4.4.2020

Лукашэнка і рэальнасьць: слабым тут ня месца

Ці абураюць людзей выказваньні Лукашэнкі пра вагу памерлага ад вірусу і ягонае замілаваньне козачкамі? Ці страціў ён сувязь з рэальнасьцю? Ці сапраўды Беларусь падчас эпідэміі «не такая, як усе»? Як зьвязаныя пандэмія і выбарчая кампанія?Абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.

22:23 4.4.2020

Лукашэнка сёньня ізноў гуляў у хакей

Як паведамляе выданьне Трыбуна, сёньня пачалася фінальная сэрыя рэспубліканскага хакейнага турніру аматараў, у якой каманда Менскай вобласьці гуляла супраць каманды прэзыдэнта Лукашэнкі. У тых, хто на трыбунах хацеў захаваць сацыяльную дыстанцыю, наўрад ці гэта атрымалася. На матч, піша Трыбуна, у разгар рабочай суботы паглядзець хакей прыйшоў нават міністар спорту Сяргей Кавальчук.

У пятніцу Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз паўтарыў, што забараняць масавыя мерапрыемствы не зьбіраецца: «Нікога не заганяюць. Проста прапануем: калі хочаце, калі ласка, прыходзьце. Не, значыць, не» — падкрэсьліў Лукашэнка. Наступны матч сэрыі заплянаваны на 11 красавіка.

21:55 4.4.2020

Школьныя вакацыі падоўжылі на 6 дзён

Як паведаміла Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, тэрміны вясновых канікул працягваецца на 6 дзён з 6 па 11 красавіка ўключна.

«Адукацыйны працэс у чацьвёртай чвэрці будзе ажыцьцяўляцца з 13 красавіка па 30 траўня», паведамляе міністэрства адукацыі.

Як паведамляе БелТА, міністар адукацыі Ігар Карпенка далажыў Аляксандру Лукашэнку аб сытуацыі, сабраўшы папярэдне думкі і звароты бацькоў вучняў.

21:54 4.4.2020

20:48 4.4.2020

У Кітаі прайшоў агульнанацыянальны Дзень жалобы па загінулых ад COVID-19

У Кітаі, дзе пік цяперашняй эпідэміі, мяркуючы па афіцыйнай інфармацыі, пройдзены, 4 красавіка прайшоў агульнанацыянальны дзень жалобы па тысячах загінулых. Па афіцыйна абвешчаных зьвестках, заразіліся новым карпнавірусам 82 500 чалавек, 3 300 зь іх памерлі. Астатнія краіны, дзе пандэмія працягвае пашырацца, рыхтуюцца да новых чалавечым стратаў і эканамічных узрушэньняў, паведамляюць заходнія інфармацыйныя агенцтвы.

19:55 4.4.2020

«А як можна жыць са 135 кіляграмамі вагі?» Сын памерлага ад COVID-19 пэнсіянэра адказаў уладам

Сын Уладзімера Сідарава, вайсковага пэнсіянэра, які памёр у Віцебску 2 красавіка, адказаў на камэнтары з нагоды сьмерці яго бацькі кіраўніка вобласьці Мікалая Шарстнёва і кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў сьмерць Уладзімера Сідарава наступным чынам: «Шарстнёў учора мне далажыў, апошні выпадак у яго быў. Пытаюся: „Ну чаму гэты ў цябе памёр?“ А ён кажа: „Аляксандр Рыгоравіч, а як можна жыць са 135 кг вагі?“ Сэрца амаль не працуе, гэта не працуе, гэта баліць, то баліць, букет хваробаў. І вірус атакуе слабых, у якіх няма імунітэту, ну і яму за 70 гадоў было».

19:41 4.4.2020

Віцебскі шпіталь плянуе закупіць 50 мяшкоў для трупаў

Віцебскі абласны клінічны шпіталь мае патрэбу ў пакетах для целаў нябожчыкаў. Заяўка зьявілася на сайце дзяржаўных закупак 4 красавіка.

Як вынікае з заяўкі, шпіталю патрэбныя 50 гермэтычных плястыкавых пакетаў для ўпакоўкі трупаў. На гэта зь бюджэту гатовыя выдаткаваць 1400 рублёў. Паставіць пакеты патрэбна на наступным тыдні з 6 да 10 красавіка. Прыняць удзел у тэндэры можна было цягам некалькіх гадзінаў — да 16:00 4 красавіка.

19:23 4.4.2020

Ці набліжаемся мы да вакцыны ці леку супраць COVID-19?

Як ідзе распрацоўка супрацьядзьдзя? Ці могуць існыя прэпараты лячыць каранавірус? Адказы ТУТ.

19:17 4.4.2020

У Беларусі 440 выпадкаў COVID-19

Як паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале, у Беларусі па стане на 4 красавіка на стацыянарным лячэньні з каранавіруснай інфэкцыяй знаходзіцца 394 чалавекі.

Як піша «Официальный Минздрав», у часткі пацыентаў захворваньне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. Пасьля праходжаньня лячэньня выздаравеў 41 чалавек. Зарэгістравана 5 выпадкаў сьмерці пацыентаў, у якіх шматлікія хранічныя захворваньні былі абцяжараныя каранавіруснай інфэкцыяй, паведамляецца ў тэлеграм-канале міністэрства.

19:13 4.4.2020

19:08 4.4.2020

Мацкевіч пра рэакцыі на сьмерці праз COVID-19: «Кіраўнік дзяржавы — чалавек невялікай культуры, бяз густу і шляхетнасьці»

  • Кіраўнік дзяржавы — майстра знаходзіць вінаватых, і тлумачыць, што нешта адбылося, таму, што яго не слухалі — у лазьню не хадзілі, не забівалі вірус гарачынёй, і ў хакей не гулялі, вірус не замарозілі
  • Няма даверу да афіцыйных зьвестак, няма і рэальных падставаў сумнявацца
  • Павольны распаўсюд каранавірусу ў нашай краіне дае час падрыхтавацца
  • Давайце зачынім неінфікаваных па хатам, каб не хадзілі на працу, вучобу, у кавярні і на танцулькі! Але хто будзе займацца жыцьцезабесьпячэньнем гэтых хатаў электрычнасьцю, цяплом, вывозіць сьмецьце?
  • Тэндэнцыя «больш сацыялізму», калі ня стане дамінуючай, дык можа вельмі ўзмацніцца. Яна ўзмоцніцца максымай «найперш бясьпека, а потым свабода».
  • Нават калі пагроза ня мае высокай імавернасьці, місія інтэлектуала вымушае яе перабольшваць гэтую імавернасьць
  • Чалавецтва ня мае той салідарнасьці, якую можа адрадзіць.
18:33 4.4.2020

На Магілёўшчыне прызнаныя 4 выпадкі захворваньня на каранавірус

Як паведамляе Тэлерадыёкампанія «Магілёў» са спасылкай на галоўнага санітарнага ўрача Магілёўскай вобласьці Сьвятланы Нячай у рэгіёне зарэгістраваныя 3 пацьверджаныя выпадкі COVID-19. Вірус выяўлены ў двух працоўных эмігрантаў, якія прыехалі з Масквы. Гэта жыхары Бабруйску і суседняга зь ім райцэнтру Кіраўску.

Яшчэ адзін пацыент з каранавірусам – у Магілёве. Гэта мясцовы мэдык, які праходзіў навучаньне ў Віцебску. Усе кантакты 1 узроўню далі адмоўныя вынікі. Раней пра пацьверджаны выпадак каранавіруснай інфэкцыі ў Бабруйску паведаміла мясцовае радыё «Зефір-ФМ» са спасылкай на намесьніка галоўнага ўрача Бабруйскай цэнтральнай бальніцы Аксану Крупеніч.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG