Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шмат хто хайпуе на гэтай тэме». Мылавар пра падзеньне продажаў і лепшае мыла ў час пандэміі


Мыла Ганны Дундуковай
Мыла Ганны Дундуковай

Мянчанка Ганна Дундукова 7 гадоў вырабляе мыла «хэнд-мэйд». Яна расказвае, чым найлепш мыць рукі падчас пандэміі каранавірусу, як на тэме хайпяць мылавары і чаму яна сама ўпершыню сутыкнулася з адсутнасьцю замоваў тады, калі мыла нібыта трэба ўсім.

«Турыстаў ня будзе, замоваў ня будзе, я таксама пралятаю»

Ганьне 31 год. Па адукацыі — эканаміст-мэнэджар. Раней працавала дызайнэркай-афарміцелькай. Калі сышла ў дэкрэт у 2013 годзе, пачала вырабляць мыла.

Ганна Дундукова
Ганна Дундукова

Упершыню за гэты час у яе няма працы не з уласнага жаданьня. Замовы скончыліся пасьля 8 сакавіка. Звычайна ў гэты пэрыяд заканчваецца і актыўны працоўны сэзон. Пачынаецца ён у жніўні — падрыхтоўкай падарункаў да 1 верасьня.

Аднак у папярэднія гады яна яшчэ рабіла падарункі на Вялікдзень, мыла замаўлялі крамы. Сёлета — нічога, нягледзячы на зьніжкі і акцыі.

«Для мяне дзіўна, што сказалі мыць рукі, мыла патрэбнае, але яго не набываюць», — дзівіцца дзяўчына.

Пасьля таго як Ганна апублікавала «крык душы» ў фэйсбуку, да яе зьвярнуліся некалькі сяброў. Дзяўчына мяркуе — каб падтрымаць, а не таму, што ім пільна патрэбнае мыла.

«Звычайна ў гэты час я добра выцягвала на крамах. Прыяжджаюць турысты. Але сёлета сказалі, што турыстаў ня будзе, замоваў ня будзе, я таксама пралятаю», — тлумачыць майстрыха.

Ейныя знаёмыя рамесьнікі кажуць, што і ў іх нічога не набываюць.

Робяць мыла з надпісам «Стоп, каранавірус!»

«Пачаўся каранавірус... Людзям трэба туалетная папера, грэчка і маскі... Можа, у краме прасьцей набыць мыла. Магчыма, пасьля ўсіх сьвятаў няма грошай. Можа, людзі хвалююцца, што грошай неўзабаве ня будзе, або маюць запасы мыла», — выказвае здагадкі Ганна.

Рамесьніца бачыць, як іншыя мылавары выкарыстоўваюць тэму пандэміі. Адны робяць мыла з надпісам «Стоп, каранавірус!», іншыя пераконваюць, што менавіта іхняе мыла абароніць ад хваробы.

«Цяпер шмат людзей хайпуюць на гэтай тэме і прадаюць „супэр-пупэр мыла, якое трывае некалькі гадзін“. Не. Вы памылі рукі, дакрануліся да нечага бруднага — іх зноў трэба мыць», — тлумачыць дзяўчына-мылавар.

Яна прынцыпова ня робіць маркетынг на пандэміі.

«Мне вельмі дарагая мая рэпутацыя, якую я складала сем гадоў. Можа, таму я і цярплю», — кажа суразмоўніца.

«Гэта міт, што ёсьць мыла, якое ўвільгатняе скуру»

Ганьніна майстэрня месьціцца дома, у закутку кухні. Звычайна графік залежыць ад колькасьці замоваў. Сьнежань — самы напружаны месяц, тады мылавар працуе з ранку да вечару і нават начамі.

За час рамесьніцтва дзяўчына з эканаміста зрабілася спрактыкаваным хімікам. Яна вырабляе мыла не з нуля, а з гатовай «мыльнай асновы», якая ня мае ні колеру, ні водару. Іншыя складнікі ейных вырабаў — расьлінныя алеі, фарбавыя і араматычныя дадаткі.

Алеі з авакада, манга, пэрсікавых костак, какавы дазваляюць скуры ня сохнуць.

«Гэта міт, што ёсьць мыла, якое ўвільгатняе скуру. Але ёсьць такое, якое прынамсі не дазваляе скуры аддаваць вільгаць», — тлумачыць дзяўчына.

А вось з эфірнымі алеямі ў мыле варта быць асьцярожнымі. Алей апэльсіну і цынамону нельга дзецям, бо ў малых ад яго бываюць апёкі. Свае абмежаваньні ў цяжарных, гіпэртонікаў, сардэчнікаў. Усім людзям можна толькі эфірны алей ляванды і чайнага дрэва. Іх Ганна і дадае ў некаторыя гатункі.

Мыла з чайным дрэвам і мыла зь дзёгцем — антысэптычнае. Такое мыла добрае для людзей з тлустай скурай, якія маюць прышчы, высыпаньні. Яно падсушвае скуру.

Ганна выкарыстоўвае мыльную аснову беларускай вытворчасьці, фарбавальнікі швайцарскія, а водары ўкраінскія.

«Шмат хто выкарыстоўвае харчовыя фарбавальнікі. Яны добра пахнуць толькі першы дзень. Зялёны харчовы фарбавальнік празь месяц можа зрабіцца карычневым, некаторыя зусім зьнікаюць», — дзеліцца майстрыха нюансамі прафэсіі.

«Любое мыла змые мікробы»

— Якое мыла лепш выкарыстоўваць, каб змагацца з каранавірусам?

— Любое. Любое мыла змые мікробы. Мыла заўсёды мыла. Асноўная функцыя — каб змывала бруд. Нават калі пішуць «антысэптычнае мыла», усё мыла працуе аднолькава. У большасьці вірусаў абалонка з тлушчу. Мыла разбурае і змывае гэты тлушч, і вірусы гінуць.

Ганна пастаянна працуе з антысэптыкам, які падчас пандэміі стаў папулярным сродкам. Ён патрэбны, да прыкладу, каб прыбраць бурбалкі на мыле. Антысэптык часта трапляе ёй на скуру. У выніку ўтвараюцца ранкі на руках. Калі карыстацца ім штодня, то ён змывае верхні слой скуры, які абараняе рукі, забівае ўсе мікробы, ня толькі кепскія, але і добрыя.

«Таму гэта двухбаковае пытаньне, ці можна ім карыстацца вельмі часта. На дапамогу прыходзіць вельмі тлусты крэм. Я вельмі часта мыю рукі, да 500 разоў на дзень. Гэта неабходнасьць. Калі чалавек увесь час кантактуе зь людзьмі, з грашыма, прыкладам, касір, тады найлепей абараняюць пальчаткі», — мяркуе дзяўчына.

«Дзягцярным мылам намыліўся — і ніхто не падыходзіць»

Ганна расказвае, што некаторыя віды мыла больш любяць мужчыны, прыкладам, дзягцярнае.

«Яно акурат на гэты час, вельмі пахучае. Ім намыліўся — і ніхто не падыходзіць», — сьмяецца майстрыха.

Дзяўчаты аддаюць перавагу мылу з водарам мёду, кавуна, мылу з глінамі.

«Чорная гліна — для скуры з высыпаньнямі. Чырвоная — больш пасуе для жанчын 45+ са сталай скурай, яна зьмякчае і разгладжвае. Такое мыла ўтрымлівае дробныя часьцінкі і дзейнічае, як гель для ўмываньня. Некаторыя дзяўчаты нават змываюць ім макіяж, кажуць, што вочы ня шчыпле. Амаладзіць мыла ня можа. Бываюць скрабы для жанчын, прыкладам, для сьцёгнаў і праблемных частак. Але калі толькі гэтым мылам мыліць — не схуднееш, цэлюліт ня зьнікне», — адзначае суразмоўніца.

Галоўнае, чым адрозьніваецца хатняе мыла ад фабрычнага, — у ягоным складзе няма такога складніка, як ляўрылсульфат натрыю. Ён стварае пену і ўваходзіць амаль ва ўсе мыльныя сродкі, шампуні. Але зь цягам часу ён назапашваецца ў арганізьме і можа выклікаць алергію — не абавязкова на мыла, але і на іншыя рэчывы, прадукты.

«У хатнім мыле пена больш крэмавая, яно мякчэйшае. Калі кінуць фабрычнае мыла, яно разламаецца, а хатняе — памнецца, бо ў складзе ёсьць алеі», — расказвае дзяўчына.

«Трэба рабіць нешта новае»

Ганна акрэсьлівае свой звычайны заробак як сярэднестатыстычны па краіне: 300–400 рублёў. Раней бывала і болей, але цяпер канкурэнцыя павялічылася.

Яна не падымала кошты ўжо 4 гады. Кажа, што мае псыхалягічны бар’ер. Да таго ж — хоча зрабіць мыла ручнога вырабу даступным для ўсіх.

Дзяўчына плянуе перачакаць крызісны час. Мяркуе, што ён можа заняць паўгода. Спадзяецца, што замовы зьявяцца. Іншай працы шукаць ня хоча, бо любіць сваю справу, да таго ж яна дазваляе працаваць з дому. Плянуе аднавіць майстар-клясы, як варыць мыла.

«Трэба рабіць нешта новае, людзі набываюць навінкі. Плюс выкладаць штодня прапановы», — разважае пра выйсьце рамесьніца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG