Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады вызначылі, як аплочваць працу тых, хто праз каранавірус затрымаўся за мяжой ці сядзіць у самаізаляцыі


Ілюстрацыйнае фота. У Нацыянальным аэрапорце Менск, 19 сакавіка 2020 году

Улады зацьвердзілі пастанову, якая вызначае, што рабіць наймальнікам у выпадках, калі іх работнікі ня могуць вярнуцца са службовай камандзіроўкі за мяжу з прычыны каранавірусу або знаходзяцца ў самаізаляцыі па вяртаньні.

Паводле пастановы Савету Міністраў № 194, калі работнік ня можа вярнуцца ў Беларусь са службовай камандзіроўкі ў краіну, дзе рэгіструюцца выпадкі заражэньня каранавірусам, тэрмін яго службовай камандзіроўкі падаўжаецца да дня прыбыцьця ў Беларусь (уключна).

Рашэньне распаўсюджваецца таксама на тых, хто адправіўся за мяжу на навучаньне (стажыроўку, сэмінар, канфэрэнцыю і іншыя мерапрыемствы, зьвязаныя з павышэньнем кваліфікацыі), на вайскоўцаў і супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый, якія маюць спэцыяльнае званьне.

За імі мусяць захавацца месца працы і пасада, а таксама пакрываюцца выдаткі ў камандзіроўцы ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

А што з самаізаляцыяй?

З дня падаўжэньня службовай камандзіроўкі да прыбыцьця ў Беларусь, а таксама пры немагчымасьці выконваць працу па працоўнай дамове падчас самаізаляцыі па прыезьдзе ў Беларусь работнікам павінны выплачваць заробак (грашовае забесьпячэньне) у памеры не ніжэй за дзьве траціны ўстаноўленай ім тарыфнай стаўкі (ці тарыфнага акладу, акладу, калі іншае ня вызначана калектыўнай дамовай, пагадненьнем і іншым лякальным прававым актам арганізацыі).

Пастанова набыла моц пасьля апублікаваньня і тычыцца ўсіх падобных сытуацый, якія ўзьніклі з 12 сакавіка 2020 году.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG