Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

10:00 1.4.2020

У Казахстане ад COVID-19 памёр трэці пацыент. Агульная колькасьць захварэлых — 363

У Казахстане колькасьць ахвяраў каранавіруснай інфэкцыі дасягнула трох чалавек, паведамляе казахская служба Свабоды са спасылкай на апэратыўны штаб барацьбы з пандэміяй.

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамар Такаеў заявіў аб дадатковых захадах падтрымкі ў сувязі з пандэміяй. З 1 красавіка да 1 ліпеня мэдыцынскую дапамогу ў краіне будуць атрымліваць усе грамадзяне, нават тыя, у каго няма страхоўкі і права абслугоўвацца ў сыстэме абавязковага мэдыцынскага страхаваньня. Сярод відаў падтрымкі: індэксацыя на 10% пэнсій і дзярждапамогі, а таксама сацыяльныя выплаты ў памеры $95 для тых, хто страціў працу праз пандэмію.

09:55 1.4.2020

«Гэта баль падчас халеры». Як выглядае Віцебск падчас эпідэміі каранавірусу. ФОТАРЭПАРТАЖ

Хоць улады не гавораць пра надзвычайную сытуацыю ў горадзе, менавіта зь Віцебску паступаюць самыя вострыя навіны пра эпідэмію каранавірусу.

У параўнаньні зь іншымі гарадамі, на вуліцах Віцебску відаць шмат людзей у масках. Мясцовыя кажуць, яшчэ да нядаўняга часу такога не было. Толькі пасьля выходных, калі зьявіўся загад гарвыканкаму на абмежаваньне масавых мерапрыемстваў і калі стала вядома пра сьмерць актора драмтэатру, які меў COVID-19, людзі раптоўна надзелі мэдыцынскія маскі.


Глядзіце наш фотарэпартаж.

09:31 1.4.2020

Трамп: Расея адправіла ЗША «цэлы самалёт» мэдыцынскага абсталяваньня

У той час, як Злучаныя Штаты працягваюць барацьбу з пандэміяй каранавірусу, прэзыдэнт Дональд Трамп адзначыў, што многія замежныя дзяржавы, у тым ліку Кітай і Расея, дапамагаюць Амэрыцы.

«Я павінен сказаць, у нас склаліся выдатныя адносіны з многімі краінамі, — адзначыў Трамп падчас штодзённага прэс-брыфінгу рабочай групы барацьбы з каранавірусам у панядзелак. — Кітай адправіў нам сякія-такія рэчы, што было выдатна. Расея адправіла нам цэлы самалёт мэдыцынскага абсталяваньня, што было вельмі міла. Іншыя краіны таксама адправілі нам рэчы, чым я быў вельмі прыемна зьдзіўлены».

«Мы чакаем, што расейскі самалёт са сродкамі індывідуальнай абароны прыбудзе заўтра — прэзыдэнт Пуцін прапанаваў гэта прэзыдэнту Трампу падчас учорашняй размовы. Мы неадкладна пачнём выкарыстоўваць усе неабходныя прадметы, ухваленыя Упраўленьнем санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў ЗША (FDA)», — паведамілі расейскай службе «Голасу Амэрыкі» ў Белым доме.

09:20 1.4.2020

Фанаты футбольнага клюбу «Нёман» зьвярнуліся да беларускіх заўзятараў

Чэмпіянат Беларусі ў футболе да гэтага часу не спынілі, нягледзячы на эпідэмію каранавірусу. Гэтаму дзівяцца, над гэтым сьмяюцца, гэта трансьлююць там, дзе раней і ня думалі трансьляваць. А фанаты горадзенскага «Нёмана» тым часам зьвярнуліся да ўсіх беларускіх заўзятараў.

«Мы, заўзятары ФК «Нёман», хочам зьвярнуцца да ўсіх актыўных заўзятараў краіны. Мы ўсьведамляем, што нам „хтосьці хлусіць“, і праз складаную эпідэміялягічную сытуацыю ў краіне мы перастаём наведваць хатнія і выязныя матчы нашай каманды.

Гэта рашэньне няпростае, нам складана пакінуць каманду без падтрымкі, але сёньня галоўнае — здароўе нашых грамадзян. Мы заклікаем усе фанацкія рухі Беларусі да гэтага. Давайце застанемся дома, зьнізім рызыкі, зьвязаныя з распаўсюджваньнем каранавірусу, абаронім сябе і сваіх блізкіх.

Мы таксама заклікаем АБФФ пад кіраўніцтвам Базанава нарэшце набрацца сьмеласьці і прыпыніць чэмпіянат, як гэта зрабілі ва ўсім сьвеце.

Зычым усім здароўя, не хварэйце! Беражыце сябе і сваіх блізкіх!»

09:18 1.4.2020

Беларусь папрасіла ў Расеі дапамогі ў барацьбе з каранавірусам, — «Коммерсант»

Расейскае выданьне «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы ў дзяржструктурах сьцьвярджае, што Беларусь накіравала ў Расею афіцыйныя запыты з просьбай дапамагчы ахоўнымі маскамі, тэст-сыстэмамі, апаратамі штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Падобныя запыты, кажуць інфармаваныя асобы, па дыпляматычных каналах дасланыя практычна ўсе краіны СНД, за выключэньнем Украіны і Туркмэністану.

Пры гэтым у Маскве нагадваюць, што для выдзяленьня дапамогі неабходны адмысловы дазвол расейскага ўраду, паколькі 2 сакавіка была прынята пастанова, якая забараняе вываз з краіны мэдычнай прадукцыі.

Камэнтуючы сытуацыю ў Беларусі, суразмоўца «Коммерсанта» выказаў надзею на тое, што там пачнуць «больш адказна» падыходзіць да барацьбы з распаўсюдам COVID-19.

«Мы ад іх абараняемся. Але задачу гэтую трэба вырашаць сумесна, паколькі калі ў адной краіне эпідэмія пойдзе на спад, а ў другой паўстане яе агмень, то пагроза захаваецца», — адзначыў ён.

Аляксандар Лукашэнка вядзе палеміку з каранавірусам, але на ўсялякі выпадак просіць Расею аб дапамозе, непрыхавана іранізуе выданьне.

09:16 1.4.2020

«П’яны кіроўца лядовага камбайну на хакейным полі — бесьсьмяротны». Сацсеткі пра каранавірус і Лукашэнку

Беларусы спрабуюць разгадаць «рэбусы» Міністэрства аховы здароўя і зьдзіўляюцца «стабільнасьці» сытуацыі з пандэміяй каранавірусу ў Беларусі. Што яны публікуюць у сацсетках — у аглядзе Свабоды.

Больш тут >>

09:13 1.4.2020

Заразіўся каранавірусам падчас рэпэтыцыі. Што афіцыйна паведамілі пра памерлага актора Дашкевіча

У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» 31 сакавіка намесьніца начальніка Галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму Людміла Кавалёва расказала пра першую ў Беларусі сьмерць інфікаванага новым каранавірусам.

Кавалёва паведаміла, што:

  • Віктар Дашкевіч паступіў у лякарню 24 сакавіка з дыягназам «двухбаковая пнэўманія»;
  • падчас лекаваньня яму зрабілі тэст на новы каранавірус, які даў станоўчы вынік;
  • ён кантактаваў з «патэнцыйнай крыніцай» COVID-19 на рэпэтыцыі, гэта быў «грамадзянін з замежжа»;
  • у Дашкевіча былі «спадарожныя захворваньні»: хранічная абструктыўная хвароба лёгкага ў цяжкім цячэньні, эмфізэма, пнэўмасклероз, дыхальная недастатковасьць 2 ступені, хранічнае лёгачнае сэрца, хранічная недастатковасьць кровазвароту;
  • гэтыя захворваньні прывялі да дыхальнай недастатковасьці, а тое, што быў станоўчы тэст на каранавірус, толькі «таксама ўскладніла цячэньне асноўнага захворваньня»;
  • родзічы памерлага цяпер знаходзяцца дома, у іх каранавірус ня выявілі.

Пра сьмерць Віктара Дашкевіча стала вядома 31 сакавіка. У даведцы аб сьмерці Дашкевіча ня згадвалася каранавірусная інфэкцыя, прычына сьмерці — «неўдакладненая пнэўманія». Жонка памерлага раней расказвала, што яе і мужа паклалі ў шпіталь яшчэ 21 сакавіка, а не 24-га.

09:12 1.4.2020

Колькі сумленных дактароў могуць зламаць мэханізм фальсыфікацыяў?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.​

Сьцісла:

Карбалевіч

  • Рыторыка Лукашэнкі супярэчлівая. З аднаго боку, псыхоз. З другога боку, трэба рабіць захады супраць распаўсюду пандэміі.
  • Міністэрства аховы здароўя дзейнічае ў межах палітычных задач, сфармуляваных Лукашэнкам.
  • Калі сытуацыя набудзе трагічны трэнд, то, не выключаю, і некаторыя дзяржаўныя ці абдзяржаўленыя структуры спыняць маўчаньне. І, магчыма, плаціну прарве.

Цыганкоў

  • Параўнаньні лініі беларускіх уладаў з палітыкай Трампа зусім недарэчныя і неадпаведныя, але Лукашэнка лічыць, што такія параўнаньні з ЗША яму дадаюць пункты.
  • Нармальная і правільная статыстыка перш за ўсё спрыяла б зьніжэньню панікі, але відавочна, што прадстаўнікі ўлады — закладнікі адной устаноўкі.
  • Калі будзе 15 тысяч (пры гэтым тысяча ў адным нейкім месцы), а міністэрства будзе казаць 150, то гэта ўжо ня можа прайсьці незаўважаным.
  • Давер да ўлады можна падрываць — гэта і ёсьць палітыка.

Чытаць цалкам >>

09:10 1.4.2020

У ЗША за дзень памерлі 912 пацыентаў, улады прагназуюць яшчэ ад 100 тысяч да 240 тысяч сьмерцяў

У Злучаных Штатах зафіксавалі рэкордныя 24,7 тысячы новых выпадкаў COVID-19 на дзень і рэкордныя 912 сьмерцяў за адзін дзень. Эпіцэнтар эпідэміі — у штаце Нью-Ёрк. Мэр гораду Нью-Ёрк папрасіў дадатковую дапамогу і заявіў, што пік эпідэміі будзе дасягнуты яшчэ хіба празь некалькі тыдняў. Афіцыйны прагноз сьмерцяў ад COVID-19 у ЗША — ад 100 тысяч да 240 тысяч. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што «наперадзе вельмі пакутныя два тыдні», але ён спадзяецца, што «мы пабачым сьвятло ў канцы тунэлю».

У Заходняй Эўропе распаўсюд каранавірусу не спыняецца, але шмат у якіх краінах ужо не паскараецца. У Італіі апошнія два дні фіксавалі толькі па 4 тысячы новых выпадкаў і менш за 900 сьмерцяў на дзень (на піку 21 сакавіка было 6557 новых выпадкаў на дзень), стабілізавалася колькасьць новых выпадкаў і сьмерцяў у Гішпаніі, новых выпадкаў — у Нямеччыне і Вялікай Брытаніі (колькасьць сьмерцяў яшчэ расьце, 31 сакавіка зафіксавалі адпаведна 130 і 381).

08:16 1.4.2020

Лічбы на раніцу 1 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі больш за 859 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 188,5 тысяч у ЗША, амаль 106 тысяч у Італіі, 96 тысяч у Гішпаніі, 82 тысячы ў Кітаі, 72 тысячы ў Нямеччыне, 52 тысячы ў Францыі, 44,5 тысячы ў Іране, 25 тысяч у Вялікай Брытаніі, 16,5 тысячы ў Швайцарыі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі звыш 42 тысяч чалавек. Зь іх 12 428 у Італіі, 8464 у Гішпаніі, 4054 у ЗША, 3523 у Францыі, 3309 у Кітаі, 2898 у Іране.
  • Выпісалі звыш 178 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 638,6 тысячы, зь іх амаль 33 тысячы ў цяжкім стане.
  • У Беларусі на 30 сакавіка пацьвердзілі 152 выпадкі інфікаваньня новым каранавірусам: 47 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 105 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні». 31 сакавіка Мінздароўя не паведаміла пра новыя выпадкі, але пацьвердзіла першую сьмерць інфікаванага.
22:50 31.3.2020

Санэпідэмстанцыя забараніла грамадзкае разьвітаньне з акторам Дашкевічам у Віцебску

Пра гэта Свабодзе стала вядома ад сваякоў Віктара Дашкевіча.

Пахаваньне адбудзецца заўтра, але на ім будуць прысутнічаць толькі сваякі. Цела Віктара Дашкевіча з моргу ў чыгуначным шпіталі адразу адвязуць на могілкі.

Грамадзкае разьвітаньне не дазволілі эпідэміёлягі.

Актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч памёр у аўторак.

У мэдычную ўстанову ён трапіў 21 сакавіка з дыягназамі «пнэўманія» і «хранічная абструкцыйная хвароба лёгкіх», падчас лекаваньня яму двойчы рабілі тэст на наяўнасьць каранавірусу, і другі з тэстаў паказаў станоўчы вынік.

Афіцыйна прычынай сьмерці Віктара Дашкевіча стала «неўдакладненая пнэўманія».

22:46 31.3.2020

САЗ: выбух каранавірусу ў Эўропе можа быць блізкім да піку

Сусьветная арганізацыя здароўя паведамляе пра тое, што выбух каранавірусу ў Эўропе набліжаецца да свайго піку. Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg.

Адзначаецца, што ў самым крызісным рэгіёне Эўропы, Італіі, за апошнія два тыдні была зафіксаваная найменшая колькасьць новых інфэкцыяў.

Майк Раян, кіраўнік аддзелу надзвычайных сытуацыяў САЗ, заявіў у панядзелак, што Італія і Гішпанія набліжаюцца да піку захворваньня, але гэта будзе наступствам інфікаваньня двухтыднёвай даўніны.

Паводле стану на 31 сакавіка па ўсім сьвеце было пацьверджана больш за 826 000 выпадкаў заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй, больш за 40 000 памерлі, а каля 174 тысяч — выздаравелі.

22:19 31.3.2020

Каранавірус: больш за 800 тысяч заразіліся, больш за 40 тысяч памерлі

Колькасьць выяўленых выпадкаў інфікаваньня каранавірусам у сьвеце да вечара 31 сакавіка перасягнула 800 тысяч. За мінулыя суткі яна павялічылася больш чым на 60 тысяч чалавек. Больш за ўсё заражаных — больш за 175 тысяч — выяўлена ў ЗША, зь іх амаль палова ў штаце Нью-Ёрк.

Колькасьць памерлых у выніку выкліканай каранавірусам інфэкцыі COVID-19 у сьвеце 31 сакавіка перасягнула 40 тысяч. Каля 36 тысяч памерлі ў сакавіку, калі інфэкцыя

пашырылася на большасьць краін сьвету і набыла характар пандэміі.

Больш за 12 тысяч чалавек памерлі ў Італіі. За мінулыя суткі ў гэтай краіне — больш за 800 ахвяраў каранавірусу. Сёньня ў Італіі дзень жалобы па ахвярах эпідэміі. Колькасьць новых выяўленых выпадкаў інфікаваньня ў гэтай краіне за апошнія некалькі сутак памалу зьніжаецца, аднак яна па-ранейшаму большая за 4 тысячы ў дзень.

У Гішпаніі памерлі больш за 8 тысяч інфікаваных каранавірусам, больш за тры тысячы — у ЗША, Кітаі і Францыі.

Нягледзячы на значнае паляпшэньне ў такіх краінах, як Кітай і Паўднёвая Карэя, Сусьветная арганізацыя здароўя ў аўторак заявіла, што эпідэмія каранавірусу яшчэ далёкая ад завяршэньня — як ва ўсім сьвеце, так і ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі.

22:04 31.3.2020

Тры менскія кінатэатры спынілі сэансы

Ад 2 красавіка кінатэатры «Кастрычнік», «Масква» і «Дом кіно» часова прыпынілі паказ фільмаў, піша агенцтва «Минск-Новости».

Намесьніца генэральнага дырэктара па разьвіцьцю, інфармацыі і рэкляме сеткі «КіноМінска» Кацярына Багданава патлумачыла, што прычына спыненьня сэансаў найперш эканамічная. Бо гэта найбуйнейшыя кінатэатры сталіцы і ў іх можа адначасова трансьлявацца толькі адзін фільм.

Сусьветныя кінапрэмʼеры перанесьлі праз пандэмію каранавірусу, таму дзейнасьць буйных кінатэатраў палічылі эканамічна немэтазгоднай.

21:56 31.3.2020

Афіцыйна віцебскі актор памёр не ад каранавірусу

Прычынай сьмерці Віктара Дашкевіча, які памёр сёньня ў віцебскай лякарні, стала «неўдакладненая пнэўманія». Пра гэта гаворыцца ў пасьведчаньні аб сьмерці, якое


апублікавала Радыё Рацыя.

Даведку выдалі сёньня сваякам памерлага.

У мэдычную ўстанову ён трапіў 21 сакавіка з дыягназамі «пнэўманія» і «хранічная абструкцыйная хвароба лёгкіх», падчас лекаваньня яму двойчы рабілі тэст на наяўнасьць каранавірусу, і другі з тэстаў паказаў станоўчы вынік.

Чытаць падрабязна >>

20:25 31.3.2020

«Будзем здаровыя самі — выжывуць і нашыя праекты!» Незалежныя культурныя пляцоўкі пайшлі на карантын

Пакуль Беларусь афіцыйна ня ўводзіць карантын і большасьць дзяржаўных культурных устаноў працуе, грамадзкія пляцоўкі закрываюцца для наведнікаў.

Як выжываюць запатрабаваныя менчукамі «ОК16», «Корпус» і Галерэя «Ў»? Чытайце тут >>

19:37 31.3.2020

«На час эпідэміі аддайце нам дзяцей на парукі». «Маці 328» зьвярнуліся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў

31 сакавіка 15 жанчын, сваячак асуджаных па 328 антынаркатычным артыкуле, выйшлі да Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, каб перадаць калектыўны зварот кіраўніцтву міліцэйскай установы. Зварот тычыцца сытуацыі з каранавірусам і сьмерці ў аршанскай калёніі вязьня Дзьмітрыя Сёмчыка, якога 25 сакавіка знайшлі ў пятлі.

Міліцыянты ў цывільным, якія несьлі дзяжурства вакол установы, не перашкаджалі актывісткам руху «Маці 328» сабрацца, падпісаць зварот і перадаць яго кіраўніцтву дэпартамэнту. Пасьля гэтага актывістак прыняў першы намесьнік начальніка ДВП Іван Мысьліцкі.

19:26 31.3.2020

САЗ патлумачыла, у якіх выпадках належыць насіць маску і як ёю карыстацца

Здаровы чалавек павінен насіць маску толькі ў тых выпадках, калі ажыцьцяўляе дагляд за чалавекам, які можа быць хворы на COVID-19, або калі сам кашляе або чхае.

Гэтыя дзьве рэкамэндацыі знаходзяцца на сайце Сусьветнай арганізацыі здароўя.

Адначасова САЗ адзначае, што маскі зьяўляюцца эфэктыўным сродкам засьцярогі толькі ў камбінацыі з рэгулярнай апрацоўкай рук сьпіртазьмяшчальным антысэптыкам або вадой з мылам.

Сайт САЗ таксама падае правілы выкарыстаньня і ўтылізацыі аднаразовых мэдычных масак:

  • перад тым як надзець маску, апрацуйце рукі сьпіртазьмяшчальным сродкам або вымыйце іх з мылам;
  • надзеньце маску так, каб яна закрывала нос і рот без шчылінаў паміж целам і маскай;
  • не дакранайцеся да маскі падчас выкарыстаньня; у выпадку дакрананьня апрацуйце рукі сьпіртазьмяшчальным сродкам або вымыйце іх з мылам;
  • як толькі маска становіцца сырой, замяніце яе новай, і не выкарыстоўвайце аднаразовыя маскі паўторна;
  • зьнімаючы маску, трымайце яе за гумкі ззаду і не кранайце пярэдняй часткі маскі; адразу выкіньце яе ў кантэйнэр для сьмецьця, які прыкрываецца; апрацуйце рукі сьпіртазьмяшчальным сродкам або вымыйце іх з мылам.
19:08 31.3.2020

Менская афіша падчас пандэміі: футбол, хакей, тэатры, канцэрты

У той час як па ўсім сьвеце скасаваныя культурніцкія імпрэзы і спартовыя спаборніцтвы, у Беларусі працягваюць прымаць наведнікаў музэі, тэатры, стадыёны.

Свабода сабрала інфармацыю, чым завабліваюць афішы ў Менску на гэтым тыдні. Чытайце тут >>

18:48 31.3.2020

Маскі надзелі, але каранавірусу не баяцца. Як на Палесьсі сустрэлі пандэмію

У трох жыхароў Лельчыцкага раёну пацьвердзілі каранавірус. У двух «кантактных» зь імі папярэднія тэсты таксама далі станоўчы вынік. Карэспандэнты Свабоды назіралі за жыцьцём палескай вёскі Ліпляны, дзе выявілі COVID-19, і райцэнтру Лельчыцы — адкуль забралі аўтобус «кантактных». Рэпартаж чытайце па спасылцы >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG