Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

18:40 31.3.2020

Мінздароўя перастала публікаваць колькасьць хворых на каранавірус, але пацьвердзіла першую сьмерць

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 31 сакавіка ў сваім тэлеграм-канале пацьвердзіла першую сьмерць ад каранавірусу, але ўпершыню не паведаміла агульную колькасьць выпадкаў COVID-19 і колькасьць новых пацьверджаных выпадкаў.

Апошні раз Мінздароўя паведамляла, што ў Беларусі зарэгістравалі 152 захворваньняў на каранавірус.

Паводле паведамленьня 31 сакавіка:

  • у Беларусі зрабілі больш за 31 тысячу тэстаў на каранавірус;
  • 11 чалавек шпіталізавалі з падазрэньнем на каранавірус за апошнія суткі;
  • са шпіталёў выпісалі 128 чалавек, сярод іх 6 пацыентаў, у якіх быў станоўчы тэст на COVID-19.
18:25 31.3.2020

Польшча ўвяла новыя абмежаваньні праз эпідэмію каранавірусу

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў 31 сакавіка, што яго ўрад вырашыў увесьці далейшыя абмежаваньні публічнага жыцьця ў краіне, каб абмежаваць колькасьць заражэньняў каранавірусам.

«Мы атрымліваем інфармацыю з заходнеэўрапейскіх краінаў, ад нашых партнэраў.

Сытуацыя там складаная, і мы хочам яе пазьбегнуць любой цаной. Мы хочам быць гатовымі да росту колькасьці выпадкаў заражэньня і адначасова згладзіць крывую інфэкцыі», — цытуе кіраўніка ўраду Польскае радыё.

Кабінэт Матэвуша Маравецкага вырашыў, сярод іншага:

  • устанавіць ліміт людзей у чэргах: у краме да трох кліентаў на адну касу; у паштовых аддзяленьняў да 2 чалавек на адно акно; у кіёсках да 3 чалавек;
  • зачыніць у выходныя дні вялікія будаўнічыя крамы, а таксама цырульні, салёны прыгажосьці, татуіровак і пірсінгу;
  • спыніць рэабілітацыйныя працэдуры і масаж, за выняткам сытуацый, у якіх рэабілітацыя абсалютна неабходная для здароўя пацыента;
  • зрабіць прадуктовыя крамы і аптэкі ад 10:00 да 12:00 даступнымі выключна людзям старэйшым за 65 гадоў;
  • увесьці ў крамах уводзіцца абавязак насіць пальчаткі;
  • увесьці абавязак вытрымліваць ня менш за 2 мэтры адлегласьці паміж пешаходамі;
  • устанавіць ліміт пасажыраў у грамадзкім транспарце — ня больш, чым палова сядзеньняў у транспартным сродку (гэтае абмежаваньне не распаўсюджваецца на легкавыя аўтамабілі);
  • увесьці абавязак захоўваць адлегласьць у паўтара мэтра паміж працаўнікамі на працоўных месцах;
  • абавязаць усіх працадаўцаў забясьпечыць сродкі дэзінфэкцыі для працаўнікоў;
  • пашырыць правілы карантыну на ўсіх людзей, якія жывуць з чалавекам, хто падлягае абавязковаму хатняму карантыну.
18:18 31.3.2020

Ці пагражае Лукашэнку палацавы пераварот у сувязі з пандэміяй?

Чаму Лукашэнка — адзін зь нямногіх кіраўнікоў дзяржаваў, які адмаўляе пагрозу каранавірусу? У якой ступені беларускія ўлады скажаюць статыстыку пандэміі, да якіх межаў яе можна хаваць? Ці мае Лукашэнка «плян Б» на выпадак хуткага распаўсюду пандэміі ў Беларусі? Наколькі імавернае яго адхіленьне ад улады чальцамі беларускага «палітбюро» у выпадку рэзкага пагаршэньня эпідэміялягічнай сытуацыі ў краіне?

На гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце разважаюць заснавальнік Цэнтру новых ідэяў, аналітык брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня і палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Сьцісла:

Астапеня

  • Пасыл зьверху — калі вы хочаце нешта зьмяніць, нават нерадыкальна, то ў вас псыхоз
  • Адсутнічае давер да беларускай дзяржаўнай сыстэмы
  • Лукашэнку ў яго сытуацыі могуць і не дараваць
  • Мы вельмі дрэнна падрыхтаваныя да эканамічных крызісаў
  • Лукашэнка мог бы нават скарыстаць пандэмію на сваю карысьць: вось я дбаю пра людзей, мы разам перажывём гэты складаны год — тут Расея, пандэмія, трэба мяне пераабіраць праз паўгода
  • Беларусь не атрымае вакцыну, нават калі яна будзе знойдзеная. Яна ўся будзе даставацца багатым, заможным краінам.

Шрайбман

  • Тут пытаньне часу ўсьведамленьня — як хутка да Лукашэнкі дойдзе і ці дойдзе наагул сур’ёзнасьць праблемы
  • Нават у жорсткіх аўтарытарных сыстэмах інфармацыя праточваецца
  • Лукашэнка сапраўды шчыра, усёй сваёй душой, верыць у вэрсію пра тое, што гэтую пандэмію можна проста перачакаць, пераадолець простымі гігіенічнымі мерамі
  • Калі сытуацыя пойдзе па самым горшым сцэнары, то мы ўбачым расколіны ў маналіце аўтарытарнай сыстэмы
  • Адрозьненьне сучаснай Беларусі ад СССР 1964 году ў тым, што ў нас няма палітбюро

Чытаць усю дыскусію.

18:16 31.3.2020

Ці заб’е карантын беларускую эканоміку? Разьбіраемся з экспэртамі

«Трэба працаваць» — такі агульны пасыл двух выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, які катэгарычна супраць увядзеньня карантыну. Але ці так страшны карантын для беларускай эканомікі? Разьбіраемся з экспэртамі.

На думку эканаміста Дзьмітрыя Крука, наступствы таго, што адбываецца ў сьвеце, і так будуць сур’ёзнымі для Беларусі.

«Большасьць краін робіць выбар: прыярытэт на мэдыцынскія меркаваньні ці эканамічныя. Для Беларусі гэта і праблема расстаноўкі прыярытэтаў, і праблемы эканомікі. Нямеччына можа вытрымаць такі карантын, хоць гэта і балюча, але не настолькі, як для бедных краін. Звальненьні ў нас ужо адбываюцца пад узьдзеяньнем усясьветных праблем. Калі прыняць унутраныя абмежавальныя захады, уплыў будзе толькі пагаршацца», — мяркуе Дзьмітры Крук.

Да эканамічных праблем дадаюцца палітычныя: гэты год для Беларусі — год прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбываюцца на фоне ўсясьветнага крызісу і дэфіцытнага бюджэту Беларусі. А расходы беларускага бюджэту перавышаюць даходы і без эпідэміі.

Чытаць далей

17:23 31.3.2020

У Туркмэністане фактычна забаранілі слова «каранавірус»

Улады Туркмэністану забаранілі выкарыстоўваць слова «каранавірус». Яно не ўжываецца ня толькі ў дзяржаўных СМІ ў гэтай краіне, але і адсутнічае ў інфармацыйных мэдыцынскіх брашурах, якія распаўсюджваюцца ў школах і паліклініках.

Пра гэта паведамляе арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» са спасылкай на незалежны сайт Turkmenistan Chronicle, заблякаваны ў краіне, і Радыё Азатлык (Туркмэнская служба Радыё Свабода).

Па паведамленьнях карэспандэнтаў радыё ў Ашгабадзе, размовы на вуліцы аб каранавірусе могуць скончыцца затрыманьнем. Акрамя таго, супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным знаходзяцца разам зь іншымі грамадзянамі ў чэргах і слухаюць, пра што размаўляюць людзі.

Чытаць падрабязьней >>

16:49 31.3.2020

«Сёньня паступіла 15 пацыентаў з пнэўманіяй. Гэта звычайная сытуацыя». Што кажуць у віцебскіх лякарнях

Карэспандэнт Свабоды даведаўся, што кажуць у віцебскіх лякарнях, ці паступаюць туды пацыенты з каранавірусам і пнэўманіямі? зьвярнуўся з пытаньнямі ў шэраг віцебскіх лякарняў.

Галоўны лекар Віцебскай гарадзкой клінічнай бальніцы № 1 Дзьмітры Казлоўскі сказаў Свабодзе, што бальніца поўнасьцю перапрафіляваная і цяпер працуе на прыём пацыентаў з пнэўманіямі.

«Мы пакуль працуем на горад, пацыенты паступаюць. Пацыенты з каранавірусам лечацца ня ў нас, а ў інфэкцыйнай бальніцы. Да нас ідуць звычайныя пнэўманіі. Сёньня з 7 гадзін раніцы і на 14 гадзін паступіла каля 15 чалавек. Гэта звычайная сытуацыя, ня нешта звышнатуральнае. Працуем у штатным рэжыме».

Чытаць далей.

16:37 31.3.2020

У лекара, які нядаўна сустракаўся з Пуціным, знайшлі каранавірус

У Дзяніса Працэнкі, галоўнага лекара шпіталя ў Камунарцы (Новая Масква), у якую шпіталізуюць заражаных каранавірусам, дыягнаставалі каранавірусную інфэкцыю. Пра гэта паведамляюць тэлеканал «Россия 24» і расейскія інфармацыйныя агенцтвы.

Працэнка атрымаў вядомасьць, апроч іншага, дзякуючы штодзённым зводкам пра паступленьні ў шпіталь пацыентаў, з якіх вынікала паступовае павелічэньне патоку шпіталізаваных з «пазашпітальнай пнэўманіяй» з пачатку сакавіка. У шэрагу пацыентаў пасьля пацьвердзіўся дыягназ COVID-19. Згодна са зводкай, апублікаванай Працэнкам раніцай у аўторак, у шпіталі было 202 хворыя з дыягназам пнэўманія, зь іх 186 з COVID.

На мінулым тыдні — 24 сакавіка — шпіталь у Камунарцы наведваў прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін, ён меў кантакт з Працэнкам.

Чытаць падрабязна >>

16:24 31.3.2020

Калектыў тэатру ў Віцебску, дзе ад каранавірусу памёр актор, адправілі ў адпачынак, пяцёра шпіталізаваныя

Ад 31 сакавіка ўвесь калектыў нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску накіравалі ў адпачынак. Пра гэта паведаміў Свабодзе адзін з супрацоўнікаў тэатру, экс-дырэктар установы Рыгор Шацько. Усяго, паводле ягоных падлікаў, 5 супрацоўніках тэатру цяпер шпіталізаваныя ў лячэбныя ўстановы Віцебска. «Яны маладзейшыя за памерлага Дашкевіча, спадзяемся вытрываюць. Ні ў кога зь іх лекары ня выявілі каранавірус».

16:23 31.3.2020

Лукашэнка заявіў, што не здаваў тэст на каранавірус і што самаізаляцыя ў кватэрах — «гэта ня мэтад»

«Замыкаецца ў гэтых тухлых кватэрах — гэта не мэтад. Мы забіваем людзей у гэтых кватэрах, — сказаў Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай 31 сакавіка. — Адкрываецца шмат праблем, над якімі трэба працаваць, а не зачыняць мяжу і заганяць людзей у дамы. Нас заўсёды вучылі, вы ж памятаеце: калі ВРВІ, грып і іншае, трэба на вуліцу выходзіць, дыхаць сьвежым паветрам, праветрываць памяшканьне».

Што тычыцца тэстаў на каранавірус, дык кіраўнік Беларусі заявіў, што сам не здаваў тэст на COVID-19.

«Вірус блукае. Ні вы ня ведаеце, ні я. Я не рабіў тэст. І я ня ведаю, перажыў я гэты вірус ужо на нагах ці не. Сапраўды гэтак і там», — заўважыў ён.

16:21 31.3.2020

«Дзяцей і трактарыстаў адправілі на карантын. У некаторых станоўчыя вынікі на каранавірус». Як пандэмія дабралася да беларускай вёскі

Пра тое, што ў Капыльскім раёне здарылася нешта незвычайнае, стала вядома ў нядзелю 29 сакавіка. Закрылі Капыльскую раённую лякарню не для ўсіх. У панядзелак 30 сакавіка сюды як мінімум двойчы прыяжджаў школьны аўтобус з Новых Доктаравічаў. Спачатку прывёз некалькі дзясяткаў дзяцей, затым каля васьмі дарослых. Яны літаральна забягалі ў будынак, хаваючыся ад фотаапарата.

На вуліцах самога Капыля спакойна. Людзей у мэдыцынскіх масках не відаць, па вуліцах езьдзіць транспарт, працуюць крамы. У Новых Доктаравічах, адкуль у капыльскую лякарню 30 сакавіка прывозілі людзей аўтобусам, усё іначай. Рэпартаж Свабоды з Новых Доктаравічаў чытайце па спасылцы >>

16:16 31.3.2020

Што адбываецца ў Віцебску, дзе памёр інфікаваны каранавірусам. УЖЫВУЮ

Свабода онлайн зь Віцебску, які стаў эпіцэнтрам навінаў пра распаўсюд каранавірусу.

16:15 31.3.2020

Менскія тэатры і каранавірус: Купалаўскі і опэрны працуюць, музкамэдыя і лялечны адмяняюць спэктаклі, цырк закрыўся

31 сакавіка стала вядома, што ў Беларусі памёр першы пацыент, у якога тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік — Віктар Дашкевіч, актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. У Коласаўскім тэатры, дзе працаваў памерлы, працягваюцца рэпэтыцыі, пастаноўкі адмененыя, хоць карантыну не абвяшчалі.

Свабода вывучыла, што тым часам пазначана ў афішах менскіх тэатраў. Чытайце тут >>

16:13 31.3.2020

Колькі Беларусі даюць грошай на барацьбу з каранавірусам і на што траціць грошы сама Беларусь. Адной карцінкай

ЗША выдзеляць Беларусі 1,3 мільёна даляраў, усяго на 6 краін «Усходняга партнэрства» ЭЗ выдаткоўвае 140 мільёнаў эўра, яшчэ 900 мільёнаў даляраў Беларусь просіць у МВФ. А на што ў гэты час траціць грошы сама Беларусь?

16:12 31.3.2020

У ЗША ад каранавірусу могуць памерці да 200 тысяч чалавек

На сёньня ахвярамі хваробы сталі больш за 3 тысячы чалавек.

Каардынатар Белага дому ў барацьбе з каранавірусам Дэбара Бэркс папярэдзіла, што пандэмія можа прывесьці да гібелі да 200 тысяч амэрыканцаў нават пры

аптымістычным сцэнары. Яе заява яшчэ больш разбурыла надзеі на тое, што краіна зможа хутка аднавіцца ва ўмовах глябальнага крызісу ў сфэры аховы здароўя.

Тым часам як колькасьць сьмяротных выпадкаў ад COVID-19 у сьвеце перасягнула 37 тысяч, а ў ЗША дайшла да 3 тысяч, фэдэральныя чыноўнікі і ўлады штатаў выступаюць з змрочнымі папярэджаньнямі, што сытуацыя спачатку пагоршыцца і толькі потым пачне паляпшацца.

14:49 31.3.2020

Дактары Капыльскай лякарні будуць жыць на працы

Дактары Капыльскай лякарні знаходзяцца на двухтыднёвым каранціне, яны будуць жыць на працы. Пра гэта «Нашай ніве» паведаміў галоўны доктар Капыльскай раённай лякарні Сяргей Пацяйковіч. Ён патлумачыў, што гэта робіцца ў мэтах прафіляктыкі.

Пацяйковіч зазначыў, што не ўсе дактары знаходзяцца на каранціне. Пра сытуацыю з каранавірусам галоўны ўрач «раёнкі» адмовіўся гаварыць.

29 сакавіка мэдработнікі ў касьцюмах спэцабароны наведваліся ў хаты жыхароў Новых Доктаравічаў, Доктаравічаў і Вуглоў. Пасьля гэтага некалькіх чалавек забралі ва ўстановы Мінска, Барысава і Капыля.

Капыльская раённая бальніца да 20 красавіка спыніла плянавыя мэдычныя агляды. Сайт мясцовай раённай газэты «Слава працы» нічога не паведамляе пра сытуацыю з каранавірусам у рэгіёне.

14:40 31.3.2020

IKEA пачала выпускаць сродкі індывідуальнай абароны для мэдыкаў

IKEA, найбуйнейшая ў сьвеце кампанія, якая вырабляе і прадае мэблю, заявіла, што 31 сакавіка пачала вырабляць ахоўныя сродкі, такія як фартухі і маскі, для шпіталяў, якія змагаюцца з распаўсюдам каранавірусу.

Мэнэджэр кампаніі Гэнрык Эльм, адказны за пастаўкі вырабаў IKEA, паведаміў агенцтву Reuters, што кампанія задавальняе попыт на офісную мэблю і падчас пандэміі COVID-19, паколькі шмат працаўнікоў перайшло на хатні рэжым працы.

14:21 31.3.2020

Працуеце ў сыстэме аховы здароўя? Раскажыце нам, што адбываецца!

13:54 31.3.2020

Лукашэнка пракамэнтаваў першую ў Беларусі сьмерць інфікаванага каранавірусам

«Жонка здаровая, яна ж з мужам жыла, дачка здаровая. Таму што імунітэт моцны, — перадае БелТА словы Лукашэнкі. — А ён, небарака, ня вытрымаў. Паступіў зь цяжкай пнэўманіяй, на ШВЛ ляжаў, ратавалі яго».

Лукашэнка дадаў, што «ў цяперашняй сытуацыі трэба старацца берагчы людзей сталага веку»:

«Не таму, што яны старыя, а таму, што ў іх імунітэт аслабеў. І другое — у іх букет хваробаў».

31 сакавіка стала вядома, што ў Беларусі памёр першы пацыент, у якога тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік — Віктар Дашкевіч, актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. У Коласаўскім тэатры, дзе працаваў памерлы, працягваюцца рэпэтыцыі, карантын пакуль не абвяшчалі.

13:46 31.3.2020

Пасьля сьмерці ад каранавірусу актора зь Віцебска пачалі зьбіраць подпісы за карантын у тэатрах

31 сакавіка на сайце Petitions.by зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем увесьці ў тэатрах Беларусі ў сувязі з пандэміяй каранавірусу рэжым карантыну на 2 тыдні з далейшай магчымасьцю перагляду тэрмінаў. Яе аўтары асьцерагаюцца, што сьмерць віцебскага актора Віктара Дашкевіча ад каранавірусу «можа апынуцца не адзінкавай», і сьцьвярджаюць, што «працягваючы працу ў штатным рэжыме, нават з улікам прынятых мераў прафіляктыкі, мы ставім пад пагрозу здароўе і жыцьцё гледачоў, работнікаў тэатра, іх родных і блізкіх».

13:44 31.3.2020

«Карантын запавольвае распаўсюд каранавірусу», — прадстаўніца WHO, якая хваліла Беларусь на дзяржаўным ТВ

У нядзелю тэлеканал ОНТ паказаў кароткае інтэрвію з прадстаўніцай Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO). У эфіры праграмы «Контуры» Маргарэт Гарыс хваліла Беларусь і падкрэсьліла важнасьць захаваньня эканомікі. Свабода задала прэс-сакратарцы WHO дадатковыя пытаньні.

— Амаль усе краіны спрабуюць замарозіць разьвіцьцё эпідэміі карантынам, але Беларусь гэтага ня робіць. Куды гэта вядзе?

— Карантын эфэктыўна выкарыстоўваецца падчас гэтай эпідэміі, каб стрымаць яе распаўсюд, у некалькіх краінах. Гэта адно зь некалькіх дзеяньняў, якія разам могуць быць часткай эфэктыўнай стратэгіі, якая дапаможа хутка выявіць, ізаляваць і спыніць успышкі. І хаця рашэньні пра тое, калі ўводзіць карантын, павінны прымацца самімі краінамі, мы бачым, што калі зрабіць гэта на пачатку эпідэміі, то гэта запавольвае распаўсюд COVID-19.

Чытайце інтэрвію цалкам.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG