Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лекара, які нядаўна сустракаўся з Пуціным, знайшлі каранавірус


Дзяніс Працэнка і Ўладзімір Пуцін, 24 сакавіка 2020

У Дзяніса Працэнкі, галоўнага лекара шпіталя ў Камунарцы (Новая Масква), у якую шпіталізуюць заражаных каранавірусам, дыягнаставалі каранавірусную інфэкцыю. Пра гэта паведамляюць тэлеканал «Россия 24» і расейскія інфармацыйныя агенцтвы.

Працэнка атрымаў вядомасьць, апроч іншага, дзякуючы штодзённым зводкам пра паступленьні ў шпіталь пацыентаў, з якіх вынікала паступовае павелічэньне патоку шпіталізаваных з «пазашпітальнай пнэўманіяй» з пачатку сакавіка. У шэрагу пацыентаў пасьля пацьвердзіўся дыягназ COVID-19. Згодна са зводкай, апублікаванай Працэнкам раніцай у аўторак, у шпіталі было 202 хворыя з дыягназам пнэўманія, зь іх 186 з COVID.

На мінулым тыдні — 24 сакавіка — шпіталь у Камунарцы наведваў прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін, ён меў кантакт з Працэнкам.

Калі менавіта заразіўся галоўны лекар — незразумела. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў ужо пасьля паведамленьня пра інфікаваньне Працэнкі сказаў, што прэзыдэнта рэгулярна правяраюць на каранавірус і ў яго «усё нармальна», — паведамляе НТВ.

Раней Пяскоў казаў, што ўсіх, хто сустракаецца з Пуціным, загадзя правяраюць на вірус.

У Расеі за апошнія суткі колькасьць інфікаваных павялічылася на 500 чалавек і перавысіла 2 тысячы. Гэта самы вялікі сутачны прырост. Рэгіёны, пачынаючы з Масквы, уводзяць жорсткія карантынныя меры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG