Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус: больш за 800 тысяч заразіліся, больш за 40 тысяч памерлі


Труны зь целамі памерлых ад каранавірусу ў Італіі

Колькасьць выяўленых выпадкаў інфікаваньня каранавірусам у сьвеце да вечара 31 сакавіка перасягнула 800 тысяч. За мінулыя суткі яна павялічылася больш чым на 60 тысяч чалавек. Больш за ўсё заражаных — больш за 175 тысяч — выяўлена ў ЗША, зь іх амаль палова ў штаце Нью-Ёрк.

Колькасьць памерлых у выніку выкліканай каранавірусам інфэкцыі COVID-19 у сьвеце 31 сакавіка перасягнула 40 тысяч. Каля 36 тысяч памерлі ў сакавіку, калі інфэкцыя пашырылася на большасьць краін сьвету і набыла характар пандэміі.

Больш за 12 тысяч чалавек памерлі ў Італіі. За мінулыя суткі ў гэтай краіне — больш за 800 ахвяраў каранавірусу. Сёньня ў Італіі дзень жалобы па ахвярах эпідэміі. Колькасьць новых выяўленых выпадкаў інфікаваньня ў гэтай краіне за апошнія некалькі сутак памалу зьніжаецца, аднак яна па-ранейшаму большая за 4 тысячы ў дзень.

У Гішпаніі памерлі больш за 8 тысяч інфікаваных каранавірусам, больш за тры тысячы — у ЗША, Кітаі і Францыі.

Нягледзячы на значнае паляпшэньне ў такіх краінах, як Кітай і Паўднёвая Карэя, Сусьветная арганізацыя здароўя ў аўторак заявіла, што эпідэмія каранавірусу яшчэ далёкая ад завяршэньня — як ва ўсім сьвеце, так і ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі.

«Гэта будзе доўгатэрміновая бітва, і нельга аслабіць пільнасьць. Трэба, каб кожная краіна працягвала дзейнічаць у адпаведнасьці са сваёй сытуацыяй», — заявіў рэгіянальны дырэктар САЗ Такесі Касаі.

Экспэрты настойваюць, што ўрадам неабходна ўжываць актыўныя захады і працягваць ціск, каб стрымаць пашырэньне вірусу. Сярод такіх захадаў: правядзеньне аналізаў, ізаляцыя, адсочваньне кантактаў і карантын, — паведамляе «Голас Амэрыкі». Карантынныя захады ўведзеныя ў многіх краінах Эўропы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG