Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

14:29 25.3.2020

У прынца Ўэльскага Чарльза выявілі COVID-19

У 71-гадовага прынца Ўэльскага Чарльза тэст на новы каранавірус даў станоўчы вынік. Цяпер ён мае «нязначныя сымптомы», але ў астатнім застаецца ў «добрым здароўі». Ён знаходзіцца на самаізаляцыі ў Шатляндыі з жонкай — прынцэсай Камілай, герцагіняй Корнуальскай. Тэсты Камілы далі адмоўны вынік, таму пара трымаецца паасобку. Цалкам чытайце тут>>

14:28 25.3.2020

Настарэйшы пацыент з каранавірусам езьдзіў у Маскву сустракацца з аднапалчанамі

Міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік расказаў, што 79-гадоваму пацыенту спатрэбілася стацыянарнае лячэньне. Але сытуацыя ў норме. Цлакам чытайце тут >>

14:26 25.3.2020

Мінздароўя Беларусі дадало Польшчу і Чэхію ў краіны зь «неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй»

З прычыны распаўсюду COVID-19 на мэдыцынскае назіраньне цягам 14 дзён ставяць тых, хто наведваў:

  • Італію;
  • Іран;
  • Паўднёвую Карэю;
  • Францыю;
  • Нямеччыну;
  • Гішпанію;
  • Польшчу;
  • Чэхію.

Дзьвюх апошніх краінаў раней не было ў сьпісе. У ім па-ранейшаму няма Кітаю, зь якога пачалася пандэмія COVID-19. Цалкам чытайце па спасылцы>>

14:24 25.3.2020

Сусьветны банк выдзеліць Беларусі экстранае фінансаваньне на барацьбу з каранавірусам

Сусьветны банк забясьпечыць Беларусь фінансаваньнем для набыцьця прадметаў мэдычнага прызначэньня ў сувязі з распаўсюдам каранавірусу, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у беларускім прадстаўніцтве банку. Сума фінансавай дапамогі пакуль што не агучваецца.

14:22 25.3.2020

Карантын не перашкода. Беларусы працягваюць будаваць дарогі ва Ўкраіне

Дарожна-будаўнічы трэст № 2 Гомля са студзеня пачаў будаўніцтва аб’язной дарогі вакол Роўна — праца не спыняецца, нягледзячы на ўведзены з 12 сакавіка ва Ўкраіне карантын. «Гомельскія дарожнікі працуюць у штатным рэжыме. Яны пражываюць у непасрэднай блізкасьці да аб’екта і мяжы не перасякаюць», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Службы аўтамабільных дарог у Ровенскай вобласьці Дзьмітры Леанціюк. Далей па спасылцы >>

13:48 25.3.2020

Кітайскія экспрэс-тэсты на каранавірус даставяць у Беларусь 1 красавіка

У якасьці гуманітарнай дапамогі Кітай перадасьць Беларусі больш за 2 тысяч тэст-сыстэм, касьцюмы і іншае, паведаміў міністар аховы здароўя Уладзімер Каранік.

13:45 25.3.2020

Юніёрскі чэмпіянат сьвету ў лёгкай атлетыцы перанесьлі праз каранавірус

Сусьветная лёгкаатлетычная асацыяцыя разам з урадам і фэдэрацыяй лёгкай атлетыкі Кеніі прынялі рашэньне адкласьці правядзеньне чэмпіянату сьвету ў лёгкай атлетыцы сярод юніёраў, які павінен быў прайсьці 7-12 ліпеня ў Найробі, у сувязі з распаўсюджваньнем COVID-19 на міжнародным узроўні. Альтэрнатыўную дату правядзеньня чэмпіянату плянуюць вызначыць у хуткім часе.

Раней World Athletics разам зь Міністэрствам спорту і турызму і Беларускай фэдэрацыяй лёгкай атлетыкі прыняло рашэньне перанесьці ў сувязі з каранавірусам камандны чэмпіянат сьвету ў спартыўнай хадзе, які павінен быў адбыцца ў Менску 2-3 траўня, а таксама тры этапы «Брыльянтавай лігі».

13:24 25.3.2020

Пандэмія COVID-19: траціна насельніцтва Зямлі ва ўмовах карантыну

Больш за 2,6 мільярда чалавек у дзясятках дзяржаваў сьвету знаходзяцца ў рэжыме абмежаваньняў — перш за ўсё на перамяшчэньне і сацыяльныя кантакты — у сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі. Увечары 24 сакавіка абмежавальныя захады былі ўведзеныя для 1,3 мільярда жыхароў Індыі.

Чытаць цалкам.

13:02 25.3.2020

КХЛ датэрмінова завяршыла сэзон з прычыны каранавірусу

Кантынэнтальная хакейная ліга, якая аб’ядноўвае клюбы Расеі, Беларусі, Латвіі, Казахстану, Славакіі, Фінляндыі і Харватыі (па адным), абвясьціла аб датэрміновым завяршэньні сэзону 2019/2020 гадоў у сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Кубак Гагарына — галоўны трафэй КХЛ — такім чынам, разыграны ня будзе. Рашэньне аб разьмеркаваньні месцаў па выніках чэмпіянату 2019/2020 будзе прынята на адным з бліжэйшых пасяджэньняў Рады дырэктараў КХЛ.

КХЛ стала адной з апошніх спартыўных ліг, якая спыніла чэмпіянат праз каранавірус. Паўночнаамэрыканская НХЛ і іншыя хакейныя лігі перапынілі свае чэмпіянаты раней.

12:49 25.3.2020

Белдзяржцырк і Гомельскі цырк адмянілі паказы

Белдзяржцырк адмяніў паказы праграмы «Водная феерыя. Фэнтэзі парк» 28-29 сакавіка і заўчасна завяршыў яе. Прычыны адмены не ўказаныя. Набытыя квіткі можна вярнуць у касах Белдзяржцырку, грошы вернуць цалкам.

Адмяніў свае праграмы і Гомельскі дзяржаўны цырк, набытыя квіткі гледачы могуць вярнуць, гаворыцца ў паведамленьні цырка.

12:42 25.3.2020

У Магілёве затрымалі мужчыну, які незаконна гандляваў маскамі з Расеі

У Магілёве затрымалі 25-гадовага жыхара Крычаўскага раёна, які прадаваў мэдыцынскія маскі праз інтэрнэт, паведамляе МУС. Паводле праваахоўнікаў, маскі ён купіў у Расеі і перапрадаваў па цане ў некалькі разоў вышэй, чым у аптэках. Канфіскавалі каля 150 масак на агульную суму 150 рублёў, за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць мужчыне пагражае штраф.

12:28 25.3.2020

Міністэрства аховы здароўя абвясьціла краўдфандынг. На што пойдуць грошы?

Дабрачынныя рахункі для дапамогі выяўленьню і лячэньню каранавірусу ў краіне Міністэрства здароўя адкрыла 24 сакавіка.

«Сродкі пойдуць на прафіляктыку і на барацьбу з каранавірусам, на само лячэньне, — сказаў карэспандэнту Свабоды галоўны лекар Рэспубліканскага цэнтру арганізацыі мэдыцынскага рэагаваньня Эдуард Вальчук. — На ўсё, што найбольш спатрэбіцца ў пэўны пэрыяд часу.

Патрэбны будуць маскі — значыць, будуць маскі; патрэбны будуць рэсьпіратары — значыць, рэсьпіратары; патрэбны будуць ахоўныя касьцюмы — значыць, касьцюмы. Патрэбны будуць тэсты дадатковыя — будуць набывацца тэсты. Але пакуль прадказаць цяжка».

Паводле Вальчука, на гэты момант пакуль няма канкрэтнага пераліку рэчаў, на якія пойдуць сабраныя сродкі.

«Усё будзе залежаць ад таго, колькі будзе грошай і што будзе найперш неабходна ў пэўны пэрыяд часу. Становішча ж мяняецца, калі гаварыць пра сытуацыю ў сьвеце, то кожную хвіліну нешта новае. Мы гатовыя да ўсяго. Таму пакуль няма канкрэтнага сьпісу, гэта будзе тое, што тэрмінова будзе неабходным».

Эдуард Вальчук адзначыў, што сродкі пойдуць выключна на барацьбу з каранавірусам. Але адкрыцьцё дабрачынных рахункаў «абсалютна не азначае», што не хапае сродкаў у бюджэце.

Чытаць далей >>

11:47 25.3.2020

У Расеі выявілі 163 новыя выпадкі за дзень

Паводле віцэ-прэм’еркі Расеі Тацяны Голікавай, за дзень у Расеі выявілі 163 новыя выпадкі COVID-19. Агулам за ўвесь час там выявілі 658 выпадкаў. Днём раней паведамлялася, што памерла 1 пацыентка памерла, 22 выпісалі здаровымі, у крытычным стане застаюцца 8.

У Маскве, як піша «Інтэрфакс», пацыентам зь лёгкім цячэньнем COVID-19 (тэмпэратура менш за 38,5°С, дыханьне вольнае і яшчэ некалькі крытэраў) дазволяць лекавацца дома. Але на шпіталізацыі пакінуць старэйшых за 65 гадоў, людзей з хранічнымі захворваньнямі і цяжарных, а таксама тых, хто ня можа жыць асобна ад людзей з групы рызыкі.

11:46 25.3.2020

У ЗША прэзыдэнт і парлямэнт дамовіліся падтрымаць эканоміку ва ўмовах пандэміі 2 трыльёнамі даляраў

Белы дом і сэнатары-дэмакраты дасягнулі згоды наконт законапраекту аб 2 трлн даляраў на падтрымку эканомікі і аховы здароўя ў змаганьні з каранавірусам.

Агенцтва Reuters паведамляе, што галасаваньне ў Сэнаце можа адбыцца 25 сакавіка.

Чытаць цалкам.

11:19 25.3.2020

У Беларусі выявілі 5 новых выпадкаў COVID-19, яшчэ два пераправяраюць

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 25 сакавіка паведаміла ў сваім Telegram сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: 29 пацыентаў «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 57 «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні». Яшчэ два выпадкі правяраюць дадаткова.

Учора статыстыкі не агучвалі. Два дні таму Мінздароўя паведамляла пра 81 выпадак COVID-19: 15 выпісаных здаровымі, 61 хворага або пад назіраньнем мэдыкаў. Наймаладзейшаму пацыенту было 2 гады. Тады ж Мінздароўя заклікала да ​«сацыяльнага дыстанцыяваньня», прасіла людзей старэйшага ўзросту заставацца па магчымасьці дома.

За два дні, паводле міністэрства, выявілі 5 новых выпадкаў, а здаровымі сталі лічыць 14 новых пацыентаў — хворых проста цяпер становіцца менш. Колькасьць «актыўных выпадкаў» цяпер расьце амаль па ўсім сьвеце, зьмяншаецца яшчэ толькі ў Кітаі і Паўднёвай Карэі.

Паводле Мінздароўя, у Беларусі ўжо праведзена каля 23 тысяч тэстаў на COVID-19.

10:46 25.3.2020

Апоўдні — стрым Мінздароўя для студэнтаў

Беларускім студэнтам раздаюць «анонс-памятку» — 25 сакавіка ў 12.00 на Youtube-канале Беларускага прэс-цэнтру пачнецца трансьляцыя з удзелам міністра аховы здароўя Беларусі Ўладзіміра Караніка, начальніка ўпраўленьня вышэйшай адукацыі Сяргея Касьпяровіча і намесьніка галоўнага доктара Менскай інфэкцыйнай лякарні Алега Скрыпкі.

«Мы ведаем, што студэнты па ўсёй Беларусі актыўна сочаць за разьвіцьцём сытуацыі з COVID-19 у нашай краіне, — пішуць у анонсе. — На жаль, ва ўмовах празьмернага інфармацыйнага шуму вельмі цяжка разабрацца, што з гэтага праўда, а што фэйк».

Трансьляцыя будзе тут.

10:23 25.3.2020

З антысэптыкамі, бяз масак. Як таксісты працуюць ва ўмовах пандэміі

Інструкцый ад кіраўніцтва не было. Гомельскія таксісты самі ўзброіліся антысэптыкамі і антыбактэрыяльнымі сурвэткамі. Праціраюць рукі пасьля прыёму купюр ад пасажыраў, ручкі аўто, праветрываюць салён.

Таксісты на сабе не заўважылі, але ад кліентаў чулі, што больш людзей сталі езьдзіць на таксі.

Што яны кажуць >>

09:47 25.3.2020

Пуцін наведаў «каранавірусную» лякарню ў ярка-жоўтым ахоўным касьцюме

Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін наведаў 24 сакавіка ў маскоўскім пасёлку Камунарка лякарню, дзе трымаюць пацыентаў з падазрэньнем на новы каранавірус. Перад уваходам у адну з зонаў лякарні на яго апранулі касьцюм хімічнай абароны.

Пры тым самі лекары былі ў белых касьцюмах, а аднаму Пуціну выдалі ярка-жоўты. Больш фота тут. А мэмы пра гэта ўжо сабрала расейская Meduza.

09:42 25.3.2020

Трамп спадзяецца спыніць пашырэньне каранавірусу да Вялікадня

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў ​Дональд Трамп выказаў сваю галоўную мэту — аслабіць карантын ужо да Вялікадня, які каталікі і пратэстанты сьвяткуюць сёлета 12 красавіка.

Трамп заявіў, што Белы дом «настойліва працуе» над тым, каб рэалізаваць абяцаньне аслабіць патрабаваньні сацыяльнага дыстанцыяваньня к Вялікадню.

«Маім прыярытэтам заўсёды застаюцца здароўе і бясьпека амэрыканскага народу. Мы працягваем ацэньваць дадзеныя і прымаем рашэньні на падставе таго, што лепш за ўсё адпавядае інтарэсам нашай краіны», — падкрэсьліў ён.

Трамп мяркуе, што ўступленьне ў сілу закону аб абароннай вытворчасьці паслужыць дастатковым «рычагом», каб прымусіць кампаніі пачаць вытворчасьць мэдыцынскіх расходных матэрыялаў.

У ЗША зарэгістравана больш за 52 000 выпадкаў інфікаваньня каранавірусом, ад якога загінулі прыкладна 680 чалавек. За мінулыя суткі ахвярамі COVID-19 сталі 139 асобаў, што зьяўляецца найбольшай колькасьцю сьмерцяў ад пачатку ўспышкі. Найбольшую занепакоенасьць выклікае сытуацыя ў Нью-Ёрку і яго прыгарадах.

Чытайце таксама: Лукашэнка пра каранавірус: Вытрываем да праваслаўнага Вялікадня — значыць, жыць будзем

09:22 25.3.2020

Беларуская інфэкцыяністка расказала, як у Швэцыі без абвяшчэньня ўсеагульнага карантыну людзей памерла менш, чым там, дзе яго абвясьцілі

Былая прарэктарка Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту і загадчыца катэдры інфэкцыйных хваробаў пэдыятрычнага факультэту, кандыдат мэдыцынскіх навук, дацэнт Іна Германенка, якая сем апошніх гадоў жыве і працуе ў Швэцыі, у эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе кажа, што:

  • Швэцыю нельга параўноўваць зь Беларусьсю. Там зусім іншая арганізацыя сыстэмы аховы здароўя. І карантын у Швэцыі ёсьць — для старэйшых школьнікаў.
  • У Беларусі трэба ўвесьці карантын для дзяцей і абмежаваць грамадзкія кантакты.
  • Да сярэдзіны траўня мы ўбачым спад захворваньняў на каранавірусную інфэкцыю ў Эўропе. Але цыркуляцыя вірусу на гэтым не завершыцца.
  • І шмат іншага

Чытаць цалкам >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG