Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінздароўя Беларусі дадало Польшчу і Чэхію ў краіны зь «неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй»


У мэтро Прагі, ілюстрацыйнае фота
У мэтро Прагі, ілюстрацыйнае фота

У лісьце Міністэрства аховы здароўя Беларусі пра перасячэньне мяжы Беларусі зьявілася паведамленьне аб зьменах у сьпісе краінаў зь «неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй» у сувязі з пандэміяй новага каранавірусу.

З прычыны распаўсюду COVID-19 на мэдыцынскае назіраньне цягам 14 дзён ставяць тых, хто наведваў:

  • Італію;
  • Іран;
  • Паўднёвую Карэю;
  • Францыю;
  • Нямеччыну;
  • Гішпанію;
  • Польшчу;
  • Чэхію.

Дзьвюх апошніх краінаў раней не было ў сьпісе.

Якіх краінаў няма ў сьпісе

Сярод краінаў, якія «дадалі ў сьпіс», няма Кітаю, зь якога пачалася пандэмія COVID-19. Поўны сьпіс не публікаваўся на сайце Мінздароўя. Пры тым пра абавязковае назіраньне цягам 14 дзён за тымі, хто прыбывае з Кітаю, казалі ў пачатку лютага — ці вядзецца яно цяпер, не паведамляецца.

У Кітаі зь сярэдзіны лютага спадае колькасьць «актыўных выпадкаў» хваробы: больш людзей папраўляюцца, чым захворваюць. Цяпер там выявілі больш за 81 тысячу выпадкаў, памерлі 3285 чалавек, выпісалі здаровымі больш за 73,5 тысячы. Ды ў сьпісе засталася Паўднёвая Карэя, дзе колькасьць «актыўных выпадкаў» спадае.

Таксама ў сьпіс ня трапілі Злучаныя Штаты, якія выйшлі на трэцяе пасьля Кітаю і Італіі месца ў агульнай колькасьці выпадкаў, другое пасьля Італіі ў «актыўных выпадках». Ды ў ЗША, як і ў Кітаі і Нямеччыне, даволі мала выпадкаў на душу насельніцтва — каля 2 на мільён чалавек (у Італіі — 113 на мільён).

У сьпісе няма і Швайцарыі (8-е месца паводле агульнай колькасьці выпадкаў, 7-е «актыўных выпадкаў»), дзе фіксуюць каля 16 выпадкаў на мільён чалавек, і Аўстрыі зь Нідэрляндамі, дзе «актыўных выпадкаў» застаецца больш, чым у Паўднёвай Карэі.

Няма ў сьпісе і Сан-Марына — мікрадзяржавы, з усіх бакоў акружанай Італіяй, дзе найбольш у сьвеце выпадкаў на душу насельніцтва. Выпадкаў там зафіксавалі толькі 187, але пры насельніцтве ў 33 тысячы чалавек гэта дае надзвычай высокі адсотак інфікаваных.

У астатнія краіны можна?

Беларусь не закрывала межы, у адрозьненьне ад усіх суседніх краінаў. Але шмат якія краіны закрылі межы для беларусаў і астатніхіншаземцаў.

Пры вяртаньні ў Беларусь нават у краінаў, што ня трапілі ў сьпіс «неспыяльных», вандроўнікам мераюць тэмпэратуру, распытваюць пра скаргі на здароўе. Усім, незалежна ад краіны, загадваюць выконваць рэжым самаізаляцыі цягам 14 дзён (выключэньне — кіроўцам, якія возяць грузы транзытам празь Беларусь).

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG