Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрствы адукацыі і здароўя «ня бачаць мэтазгоднасьці» ў карантыне для навучальных устаноў

абноўлена

Начальнік ўпраўленьня вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Сяргей Касьпяровіч (зьлева), міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік (у цэтры), намесьнік галоўнага доктара Менскай інфэкцыйнай лякарні Алег Скрыпка (справа)
Начальнік ўпраўленьня вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Сяргей Касьпяровіч (зьлева), міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік (у цэтры), намесьнік галоўнага доктара Менскай інфэкцыйнай лякарні Алег Скрыпка (справа)

25 сакавіка на Youtube-канале Беларускага прэс-цэнтру адбылася трансьляцыя з удзелам міністра аховы здароўя Беларусі Ўладзімера Караніка, начальніка ўпраўленьня вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Сяргея Касьпяровіча і намесьніка галоўнага доктара Менскай інфэкцыйнай лякарні Алега Скрыпкі.

Студэнтам у Беларусі раздавалі адмысловыя запрашэньні глядзець гэты стрым і пісаць свае пытаньні. Але ў камэнтарах пад трансьляцыяй штосэкунду зьяўляецца некалькі паведамленьняў, не датычных тэмы.

Паводле Сяргея Касьпяровіча, Мінадукацыі ня лічыць мэтазгодным увядзеньне карантыну ў навучальных установах, бо «ўвесь комплекс прафіляктыкі і мінімізацыі кантактаў» ужо праведзены, таму ў карантыне «ня бачаць мэтазгоднасьці».

Міністар здароўя Ўладзімер Каранік адзначыў, што спроба дыстанцыйнага навучаньня ў БНТУ дала «не зусім пазытыўны досьвед», «каля 600 студэнтаў у той жа дзень паехалі па гарадах і вёсках», «паехалі да бабуляў і дзядуляў», а ў выніку «больш за сотню шпіталізавалі з прыкметамі рэсьпіраторнай інфэкцыі», а ў аднаго зь іх выявілі COVID-19. Па-за межамі Менску «будзе большы пэрыяд нявызначанасьці чаканьня матэрыялу» аналізаў на каранавірус.

Міністар здароўя дадаў, што цяпер не паведамляюць, у якіх гарадах і рэгіёнах выявілі новы каранавірус, бо, калі паведамлялі, СМІ і блогеры спрабавалі высьветліць, дзе інфікаваныя працавалі і якія робяцца захады, а гэтым «больш сеялі панічных настрояў, чым дапамагалі».

Расьсяляць студэнцкія інтэрнаты не плянуюць, але Каранік заклікаў абмежаваць «сяброўскія зборышчы, калі кубак пускаецца па коле, супольнае спажываньне кальяна», бо адзін з выпадкаў COVID-19 разьвіўся пасьля «вечарынкі ў інтэрнаце».

Каранік: эндарфін ад радасных спатканьняў зьмяншае рызыку заражэньня COVID-19

Паводле Караніка, «беларускі досьвед і практыка нашых калегаў» паказаў, што спатканьні і «больш шчыльныя стасункі» зь людзьмі выклікаюць выпрацоўку гармону радасьці эндарфіну, а гэта нібыта падвышае «імунны статус» арганізму і зьмяншае рызыку інфікаваньня.

«Я думаю, што вясна, спатканьні, станоўчыя эмоцыі пазытыўна адаб'юцца на агульным стане арганізму і падвысяць у тым ліку яго ўстойлівасьць да вірусных атак», — разважаў міністар здароўя.

Сусьветная арганізацыя здароўя і іншыя міжнародныя арганізацыі рэкамэндавалі ўстрымацца ад неабавязковых сустрэч.

Каранік дадаў, што нібыта і «на вуліцы або ў спартзалі заразіцца даволі складана». Адпаведна, урокі фізкультуры ў школах і ўнівэрсытэтах скасоўваць ня будуць. На думку Касьпяровіча, урокі фізкультуры «наадварот матывуюць арганізм быць здаравейшым і мацнейшым».

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 25 сакавіка паведаміла ў сваім Telegram сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: 29 пацыентаў «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 57 «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні». Яшчэ два выпадкі правяраюць дадаткова.

Учора статыстыкі не агучвалі. Два дні таму Мінздароўя паведамляла пра 81 выпадак COVID-19: 15 выпісаных здаровымі, 61 хворага або пад назіраньнем мэдыкаў. Наймаладзейшаму пацыенту было 2 гады. Тады Мінздароўя заклікала да ​«сацыяльнага дыстанцыяваньня», прасіла людзей старэйшага ўзросту заставацца па магчымасьці дома.

За два дні, паводле міністэрства, выявілі 5 новых выпадкаў, а здаровымі сталі лічыць 14 новых пацыентаў — хворых проста цяпер становіцца менш. Колькасьць «актыўных выпадкаў» цяпер расьце амаль па ўсім сьвеце, зьмяншаецца толькі ў Кітаі і Паўднёвай Карэі.

Паводле Мінздароўя, у Беларусі ўжо праведзена каля 23 тысяч тэстаў на COVID-19.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG