Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З антысэптыкамі, бяз масак. Як таксісты працуюць ва ўмовах пандэміі


Гомельскі таксіст Андрэй
Гомельскі таксіст Андрэй

Інструкцый ад кіраўніцтва не было. Гомельскія таксісты самі ўзброіліся антысэптыкамі і антыбактэрыяльнымі сурвэткамі. Праціраюць рукі пасьля прыёму купюр ад пасажыраў, ручкі аўта, праветрываюць салён.

Таксісты на сабе не заўважылі, але ад кліентаў чулі, што больш людзей сталі езьдзіць на таксі.

«Асьцерагаюцца грамадзкага транспарту, натоўпу, — кажа таксіст Андрэй. — Я не заўважыў, каб больш стала кліентаў, але, можа, таму, што ў нас зашмат аўтамабіляў таксі. Але кліенты кажуць, што цяпер больш карыстаюцца таксі».

Ён сам паклапаціўся пра сваю бясьпеку: набыў антысэптыкі, сурвэткі, працірае рукі, каробку перадач — «усё, да чаго дакранаюся ў салёне».

Маскі Андрэй ня носіць, каб «не палохаць людзей».

Ён, як і ягоныя калегі, за ўвядзеньне карантыну.

«Кліенты нашы нікуды ня дзенуцца, — дадаў Андрэй. — Галоўнае, каб людзі былі здаровымі. Страшна, калі пасажыры кашляюць. Я тады хутка праветрываю салён, усё праціраю. У масках пасажыры ня езьдзяць».

Ягоны калега Кірыл не заўважыў, каб кліентаў стала больш.

«За дзень перавожу ад 5 да 25 чалавек, бо бываюць добрыя дні, а бываюць і благія, — расказвае ён. — Максымум 35 чалавек за дзень. Ну што каранавірус? Ці ад хваробы памерці, ці ад голаду? Гэта я так, абстрактна. Што нам усім сказаў Рыгоравіч? Трактар — і паехалі ў лазьню, і ўсё ў нас добра».

У Дзьмітрыя маці — мэдык.

«Яна мяне патлумачыла, што трэба ўсё праціраць антысэптыкам. Маскі я не нашу, бо яны ж толькі на дзьве гадзіны — дзе я столькі масак набяру? — разважае ён. — Варта было ўвесьці карантын. У Расеі вунь увялі — і на онлайн людзей перавялі, і школы на дыстанцыйнае навучаньне. Хаця б пакуль ня пройдзе гэты пік, патрэбен карантын».

Юрый
Юрый

Юры кажа, што ягоныя кліенты часам перад паездкай пытаюцца, ці няма ў яго прыкмет захворваньня, насмарку ці кашлю. Ён таксама з уласнай ініцыятывы купіў сабе антысэптык.

Ад начальства, кажа, ніякіх інструкцый не было.

«Трэба было карантын уводзіць, — кажа Юрый. — А то ўсё нібыта сьмешна. У Італіі спачатку таксама было сьмешна, а цяпер колькі людзей ужо памерлі.

Тым больш у нашай краіне, дзе любяць ці недагаворваць, ці ўтойваць інфармацыю. Цяпер столькі плётак па горадзе ходзіць! То недзе групу дзяцей лечаць ад каранавірусу, то шпіталі перапоўненыя. Гэта ўсё ад недахопу інфармацыі».

Ён таксама ня носіць маскі, каб не пужаць кліентаў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG