Арганізатары адмененай «Эўравізіі — 2020» сказалі, хто і як зможа ўдзельнічаць у наступным годзе
У наступным годзе ўдзельнікі «Эўравізіі» павінны будуць выступіць з новай песьняй. Абіраць іншых музыкаў ці адправіць на конкурс тых, хто прайшоў адбор у 2020 годзе, кожная краіна вырашыць сама, паведамляецца на афіцыйным сайце конкурсу.
Музычны конкурс «Эўравізія», які павінен быў прайсьці ў нідэрляндзкім Ратэрдаме ў траўні 2020 года, арганізатары адмянілі з-за пандэміі каранавіруса. Ад Беларусі ў конкурсе павінна была ўдзельнічаць група VAL.
Колькасьць інфікаваных каранавірусам у Расеі — 253 чалавекі
Па стане на 20 сакавіка колькасьць выяўленых у Расеі выпадкаў захворваньня на каранавірус павялічылася з 199 да 253 чалавек, паведамілі ў фэдэральным апэратыўным штабе па барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй. Такім чынам, колькасьць выяўленых хворых другія суткі запар вырасла на чвэрць.
#StayHome: дактары запусьцілі флэшмоб, які заклікае заставацца дома
Дактары з Малайзіі запусьцілі ў сацыяльных сетках флэшмоб #StayHome са слоганам «Я працую дзеля цябе, застанься дома дзеля мяне». Яны фатаграфуюцца ў халатах і мэдычных масках і заклікаюць усіх заставацца дома з салідарнасьці да лекараў падчас пандэміі каранавірусу.
Прэм’ер-міністар папрасіў брытанцаў як мага даўжэй заставацца дома
У пятніцу, 20 сакавіка, брытанскі прэмʼер-міністар Борыс Джонсан заявіў аб маючым адбыцца ў пятніцу ўвечары закрыцьці кавярняў, пабаў і рэстаранаў — у парадку ўзмацненьня жорсткасьці проціэпідэмічных захадаў, паведамілі брытанскія СМІ.
Ўрад таксама абвясьціў пра беспрэцэдэнтны пакет фінансавай падтрымкі эканомікі Вялікай Брытаніі. У той жа дзень, пятніцу, 20 сакавіка, па распараджэньні ўраду, усе цэнтры адпачынку, спартыўныя і трэніровачныя залі, таксама павінны перапыніць працу. Барыс Джонсан, зьвяртаючыся да журналістаў, сказаў: «Зараз мы павінны дамагацца скарачэньня выпадкаў заражэньня». Ён падзякаваў усім жыхарам краіны за выкананьне просьбы ўраду: як мага даўжэй заставацца ў сваіх дамах.
У Польшчы абвясьцілі рэжым эпідэміі праз каранавірус
«Мы ўводзім рэжым эпідэміі», — сказаў прэм’ер-міністар Польшчы на брыфінгу ў пятніцу ў Варшаве. Раней у Польшчы дзейнічаў рэжым эпідэміялягічнай небясьпекі, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Прэмʼер-міністар Матэвуш Маравецкі заявіў, што ўведзены стан эпідэміі дае далейшыя магчымасьці для дзеяньняў: «Мы вырашылі працягнуць прыпыненьне заняткаў у школах да Вялікадня».
Маравецкі заклікаў суайчыньнікаў выконваць меры засьцярогі і дысцыпліны. Уводзяцца штрафныя санкцыі за парушэньне карантыну. Яны вырастуць з 5 да 30 тысяч злотых (каля 7,5 тысяч даляраў). Паводле апошніх зьвестак, у Польшчы каранавірус пацьверджаны ў 411 чалавек, шэсьць зь іх памерлі.
«Мясіць бэтон на будоўлі стабільнасьці ня будзе каму» — журналіст Сяргей Дарафееў зьвярнуўся да «людзей зь беларускага тэлевізара»
Вядомы журналіст і тэлевядучы Сяргей Дарафееў эмацыйна зьвярнуўся да «людзей з тэлевізара» і чыноўнікаў у Беларусі з нагоды пандэміі каранавірусу. Паводле журналіста, «красавіцкае маўчаньне 1986-га пра сытуацыю ў Беларусі не павінна паўтарыцца ў сакавіку 2020-га».
«Калі чытаеш італьянскія, францускія, гішпанскія навіны, прарывае плаціну перажываньняў за тое, што адбываецца (ці не адбываецца) у Беларусі», піша Сяргей Дарафееў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«Паніка ў журналісцка-блогерскім асяродку катэгарычна перашкаджае нам працаваць!» — тэлеграм-канал Официальный Минздрав
«Чаму некаторыя беларускія журналісты і блогеры так чакаюць сьмерці людзей ад вірусаў?» — такім чынам тэлеграм-канал Міністэрства здароўя ў сваім тэлеграм-канале адрэагаваў на публікацыі ў СМІ пра сьмерць жанчыны ў Віцебску, у якіх задаваліся пытаньні, ці магла жанчына мець каранавірусную інфэкцыю.
«За апошнія два тыдні гэта ўжо чацьвёртая сьмерць ад журналістаў. Спачатку яны „пахавалі“ вядомага прадпрымальніка, потым дзяўчыну ў Горадні, затым у мужчыну ў Лепелі. І вось — новая сэнсацыя...», — паведамляе тэлеграм-канал Официальный Минздрав і дадае, што ў апошнія два месяцы прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя выступаюць у СМІ кожны дзень:
«Мы ўвесь час кажам пра тое, што ў нас уведзена абавязковае ціпіраваньне (мазок) на каранавірус для ўсіх сярэдніх і цяжкіх пнэўманій. Для ўсіх! Мы абавязаны гэта зрабіць — праверыць пацыента і яго сваякоў. Гэта звычайная ўрачэбная працэдура. Так, сытуацыя ў сьвеце цяжкая. Так, у нас сапраўды ёсьць некалькі пацыентаў з клінічнымі праявамі, а большасьць — без сымптомаў, але з выстаўленым дыягназам COVID-19. Але паніка ў журналісцка-блогерскім асяродку катэгарычна перашкаджае нам працаваць...».
Расея дазволіла забіраць беларусаў чартэрнымі рэйсамі «Белавія»
Расея ўхваліла заяўкі «Белавія» на нерэгулярныя рэйсы ў Маскву, з дапамогай якіх плянуюць вярнуць на радзіму беларускіх грамадзян, піша Міністэрства спорту і турызму.
Паводле амбасадара Расеі ў Беларусі Дзьмітрыя Мезенцава, заяўкі на пералёты ад «Белавіі» будуць узгадняцца без абмежаваньняў. Забраць людзей «Белавія» зможа ня толькі з маскоўскага аэрапорту «Унукава».
Зяленскі зьвярнуўся да ўкраінцаў: «Патэлефануйце бацькам і пераканайце іх не выходзіць з дому»
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 20 сакавіка ў відэазвароце распавёў, што ўсё ж змог пераканаць сваю маці не выходзіць з дому бяз крайняй неабходнасьці празь небясьпеку заражэньня, і заклікаў украінцаў зрабіць тое ж самае са сваімі бацькамі.
«Сёньня я патэлефанаваў сваёй маці. Усе гэтыя дні я вельмі прашу яе заставацца дома, і ўсе гэтыя дні яна ня вельмі слухаецца: кажа, што лепш за яе ніхто не выбярэ патрэбныя прадукты. Але ў рэшце мне ўдалося яе пераканаць. Мама пагадзілася не выходзіць з хаты бяз крайняй неабходнасьці», — распавёў украінскі прэзыдэнт.
Штат Нью-Ёрк амаль цалкам перавялі на працу з дому
Губэрнатар штату Нью-Ёрк Эндру Куома загадаў усім наймальнікам, акрамя самых неабходных службаў, арганізаваць працу з дому, а таксама забараніў вялікія сходы людзей. Пра гэта паведаміла агенцтва Associated Press.
Штогадовую міжнародную выставу TIBO (тэлекамунікацыі, інфармацыйныя і банкаўскія тэхналёгіі), якая мела адбыцца ў Менску напачатку красавіка, перанесьлі на нявызначаны тэрмін. Прычына — сытуацыя з каранавірусам у сьвеце.
Фабрыка «Элема» сышла на карантын
Фабрыка «Элема» часова сышла на карантын. Гандаль будзе працаваць бязь зьменаў, сказалі ў кампаніі, піша Tut.by.
Прычына: захаваньне здароўя супрацоўнікаў і актуальная санітарна-эпідэміялагічная сытуацыя, сказаў дырэктар прадпрыемства Анатоль Венедыкт.
Плянуецца, што работнікі вытворчасьці змогуць быць дома з 23 сакавіка па 4 красавіка. У іх захаваюць 2/3 тарыфнага акладу.
«Гэта не адпачынак, але мы не патрабуем ад супрацоўнікаў знаходжаньня на працоўных месцах», — сказаў Венедыкт.
Гандаль прадукцыі «Элема» будзе працаваць бязь зьменаў. Тым, хто будзе карыстацца інтэрнэт-крамай, тавар будуць прывозіць дадому. На прадпрыемстве патлумачылі, што гэта гандлёвы аддзел кампаніі яны адмыслова ўзмацнілі.
«Да апакаліпсісу гэта не падобна». Як беларусы працуюць у Эўропе падчас карантыну
Свабода распытала беларусаў-дайнабойнікаў, як працуецца ў Францыі Нямеччыне падчас карантыну і закрытых межаў.
Абодва ня могуць вярнуцца ў Беларусь, бо тады страцяць працу. Пра вялікія чэргі на дарогах, блёкпасты і іншае чытайце тут >>
У Беларусі 14% людзей старэйшыя за 65 гадоў. Як дапамагчы пажылым падчас пандэміі
Герантолягі Андрэй Ільніцкі і Кірыл Прашчаеў, заснавальнікі расейска-беларускага Навукова-дасьледчага мэдычнага цэнтру «Геранталёгія», даюць парады для пажылых людзей і іх сямейнікаў падчас пандэміі. Чытайце тут >>
«Я ня ведаю, каранавірус гэта быў ці не». Муж памерлай віцяблянкі пацьвердзіў, што ў яго ўзялі аналіз на COVID-19
58-гадовая віцяблянка Тацьцяна Хузеева памерла 18 сакавіка. Міністэрства здароўя абвяргае інфармацыю пра тое, што прычынай сьмерці стаў каранавірус. Муж памерлай пацьвердзіў, што ў яго і іншых родных памерлай жанчыны мэдыкі ўзялі аналіз на COVID-19. Прычынаў гэтага мужчына ня ведае. Цалкам чытайце тут >>
Ці адчулі мабільныя апэратары і інтэрнэт-правайдэры падвышаную нагрузку праз каранавірус
Свабода пацікавілася, ці адчулі мабільныя апэратары і інтэрнэт-правайдэры ў Беларусі падвышаную нагрузку на трафік праз тое, што людзі асьцерагаюцца пандэміі і ўсё больш часу праводзяць дома. Чытайце тут >>
Улады Кітая зьнялі спагнаньне зь лекара, які папярэджваў пра вірус
Улады Кітая афіцыйна зьнялі спагнаньне зь лекара-афтальмоляга Лі Вэньляна, які першым у сьнежні мінулага года папярэджваў аб распаўсюдзе новай каранавіруснай інфэкцыі ў горадзе Ухань.
Аднак за гэта ён быў абвінавачаны паліцыяй у распаўсюдзе «ілжывых чутак» і парушэньні грамадзкага парадку. 34-гадовы лекар працягваў працаваць у шпіталі, сам заразіўся каранавірусам і ў пачатку лютага памёр ад інфэкцыі. Да гэтага моманту ў Кітаі каранавіруснай інфэкцыяй ужо заразіліся дзясяткі тысяч людзей. Вярхоўны суд КНР раскрытыкаваў дзеяньні паліцыі і прызнаў, што Лі Вэньляну трэба было паверыць.
Брытанскія вытворцы спрабуюць зрабіць 20 тысяч апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх за 2 тыдні
Брытанскія вытворцы аўтамабіляў і авіятэхнікі, такія як Vauxhall і Airbus рыхтуюцца вырабляць дэталі для апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Гэтыя апараты патрэбныя Нацыянальнай сыстэме аховы здароўя падчас эпідэміі каранавірусу.
На пачатку гэтага тыдня прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан заклікаў вырабіць дадатковыя 20 тысяч апаратаў за наступныя два тыдні. Больш за 60 кампаній адгукнуліся на гэты заклік, паведамляе The Guardian.
Грамадзкі транспарт пачне хадзіць часьцей
Грамадзкі транспарт Менску ад 23 сакавіка пачне хадзіць раніцай часьцей, час пік у раскладзе працягнулі да 10:00.
Гэта зрабілі, каб разьвесьці плыні рабочых і студэнтаў раніцай. Міністэрства адукацыі 20 сакавіка перанесла пачатак заняткаў ва ўнівэрсытэтах да 10:00.
У Менску зьмены закрануць 278 маршрутаў.
Маніторынг пасажырапатокаў у гарадзкім наземным транспарце і ў мэтрапалітэне паказвае, што ў параўнаньні з пачаткам сакавіка напаўняльнасьць транспарту зьменшылася. На 20 сакавіка мэтрапалітэн перавозіць у суткі на 115 тысяч чалавек менш, наземны транспарт – на 102 тысяч чалавек менш.
Праз каранавірус Белавія скасавала рэйсы ў сталіцу Сэрбіі Бялград папярэдне да 12 красавіка. Вярнуць квіткі можна да канца 2020 году.